Пошук

Каляндар

 

Папа: хрысціяне пакліканыя быць пераканаўчым сведкамі адзінства  


Папа: хрысціяне пакліканыя быць пераканаўчым сведкамі адзінстваНа сустрэчы з дэлегацыяй Канстанцінопальскага Патрыярхата Леў XIV пажадаў, каб шлях падрыхтоўкі да двухтысячагоддзя Адкуплення быў пройдзены разам усімі хрысціянскімі канфесіямі свету.

 

30 чэрвеня 2026 года Святы Айцец прыняў на аўдыенцыі ў ватыканскім Апостальскім палацы дэлегацыю Усяленскага Канстанцінопальскага Патрыярхата, якая прыбыла ў Рым з нагоды ўрачыстасці святых апосталаў Пятра і Паўла, нябесных заступнікаў Касцёла.

 

Сустрэча стала працягам традыцыйнага абмену візітамі паміж Каталіцкім Касцёлам і Праваслаўнай Царквой з нагоды святаў іх апекуноў.


Святы Айцец падзякаваў Патрыярху і Сіноду Праваслаўнай Царквы за тое, што накіравалі дэлегацыю ў Рым. Ён узгадаў сваю сустрэчу з Барталамеем I падчас наведвання патрыяршага храма святога Георгія ў Фанары 30 лістапада 2025 года. Яна дазволіла паглыбіць узаемнае сяброўства і падзяліцца бачаннем шматлікіх пытанняў, перш за ўсё, супольнага імкнення рухацца наперад па шляху да поўнага адзінства ўсіх хрысціян, - адзначыў Папа.

 

Пантыфік нагадаў таксама пра святкаванне 1700-годдзя Першага Нікейскага Сабора, якое адбылося ў Ізніку па запрашэнні Патрыярха Барталамея з удзелам прадстаўнікоў іншых Цэркваў і касцёльных супольнасцяў. Падзея стала красамоўным сведчаннем еднасці, якая ўжо існуе паміж тымі, хто падзяляе веру ў Бога, Айца ўсіх людзей, і вызнае Пана і Сына Божага Езуса Хрыста і Духа Святога, Які натхняе і вядзе нас да паўнаты праўды і адзінства, - сказаў Леў XIV.

 

На думку Папы, Нікейскі Сімвал веры павінен заставацца асновай і крытэрыем на шляху да хрысціянскага адзінства, якое спалучае еднасць з законнай разнастайнасцю: адзінства ў Тройцы, Тройца ў адзінстве (пар. Апостальскі ліст “In unitate fidei”, 12). Ён выказаў пажаданне, каб шлях падрыхтоўкі да двухтысячагоддзя Адкуплення ў 2033 годзе быў пройдзены сумесна ўсімі хрысціянскімі канфесіямі свету.

 

Святы Айцец адзначыў, што ва ўмовах войнаў, роста палярызацыі, культурных і сацыяльных падзелаў, хрысціяне, прыміраныя паміж сабой і згуртаваныя ў вызнанні адзінай веры, пакліканыя быць пераканаўчым знакам міру. Ён падкрэсліў, што ў цяперашняй сітуацыі на коне стаіць не толькі пераканаўчасць хрысціянскага сведчання, але і сама будучыня чалавецтва. Неабходнасць больш шчыльнага супрацоўніцтва паміж хрысціянамі для адказу на сучасныя выклікі, такія як захаванне міру, адказнае выкарыстанне новых тэхналогій, клопат аб стварэнні, вынікае з Евангелля Хрыста: адказнасць за жыццё і годнасць кожнага чалавека, пачынаючы з самых малых і абяздоленых, з’яўляецца крытэрыем, які вызначае наш цяперашні і вечны лёс (пар. Мц 25, 31-46), - нагадаў Пантыфік.

 

Напрыканцы сустрэчы Святы Айцец яшчэ раз падзякаваў дэлегацыі за візіт і намаганні на карысць хрысціянскага адзінства. Ён запэўніў гасцей у сваёй малітве, праз заступніцтва святых апосталаў Пятра і Андрэя, братоў па плоці і веры, і пажадаў, каб Бог заўсёды суправаджаў іх Сваім благаслаўленнем.


Марыя Валодзіна – Vatican News

Учора, 22:48

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.