Пошук

Каляндар

 
аўторак
ВЕРАСЬНЯ
Сёньняшняе чытаньне:

“Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”  


“Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”Размова з грэка-каталіцкім біскупам са Славакіі Міланам (Ляхам)

- Дастойны Уладыка! Амаль месяц таму Вы наведалі Беларусь, і Вы самі кажаце, што гэта быў "візіт духоўнай салідарнасці” з хрысціянамі Беларусі.

- У Беларусь я прыбыў, каб засведчыць духоўную салідарнасць славацкіх грэка-католікаў з грэка-католікамі Беларусі. Літургічным выразам гэтай салідарнасці быў мой удзел у святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Я вельмі ўдзячны ўладам Рэспублікі Беларусь, якія паспрыялі, каб я змог хутка атрымаць уязную візу. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады з разуменнем ставяцца да патрэбаў вернікаў розных канфесій. За некалькі дзён майго візіту ў Беларусь я змог убачыць багацце яе культурнай спадчыны, у тым ліку адноўленыя храмы, і духоўнае багацце вернікаў розных канфесій, якія ўмеюць супрацоўнічаць на карысць краіны.

- Уладыка, вы сказалі таксама, што гэты візіт быў для вас пілігрымкай.

“Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”“Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”- Так, гэта была сапраўды пілігрымка для мяне. Я змог наведаць некаторыя святыя месцы. Перш за ўсё, гэта малітва ў Пінску за супакой душаў грэка-каталцкіх вернікаў, якія сталіся ахвярамі нацысцкай карнай аперацыі 1942 г. на Палессі. Далей - малітва ў Мінску – горадзе, дзе мучаніцкую смерць ад рук нямецкіх нацыстаў прыняў Экзарх Антон Неманцэвіч.

Гэта была таксама малітва перад Іконай Божай Маці "Валадаркі Азёраў" у Браславе, перад якой на працягу стагоддзяў маліліся пакаленні вернікаў розных абрадаў і канфесій. І, нарэшце, малітва ў Друі – месцы, дзе атрымаў духоўную фармацыю біскуп Чэслаў Сіповіч. Вялікі духоўны след пакідае шчырая і глыбокая адданасць беларускіх хрысціянаў.

- Друя з'яўляецца не толькі месцам малітв. У пэўным сэнсе, гэта калыска беларускай тэалогіі, месца, дзе працавалі беларускія (і беларускамоўныя) багасловы: Архімандрыты Фабіян Абрантовіч і Андрэй Цікота, вядомы беларускі паэт і пісьменнік Язэп Германовіч і, нарэшце, біскуп Чэслаў Сіповіч.

- На самай справе, мы з радасцю адкрываем узгаданыя постаці і старыя духоўныя і культурныя сувязі паміж Беларуссю і краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. “Айцец Друі”- архімандрыт Андрэй Цікота ўжо ў 30-х гадах мінулага стагоддзя прымаў актыўны ўдзел у працы Міжнароднага экуменічнага Кангрэса ў Велеградзе (у Чэхаславакіі). Біскуп Чэслаў Сіповіч падчас ІІ Ватыканскага Сабору актыўна супрацоўнічаў са славацкім грэка-каталіцкім багасловам а. Міхалам Лацко.

- Напэўна, засталіся месцы ў Беларусі, куды Вы, Уладыка, хацелі б вярнуцца?

- Я, вядома, хацеў бы мець час на больш доўгі візіт у Полацк і наведаць Полацкі езуіцкі калегіум. Хацелася б таксама наведаць Баруны, дзе сваю вялікую і вядомую школу вялі айцы-базыльяне.

- Падчас Вашай пілігрымкі Вы некалькі разоў казалі пра духоўны патэнцыял нашай Царквы.

- Сапраўды, вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял, бо вашыя папярэднікі шмат пацярпелі. З іншага боку, вы, як іх нашчадкі, на працягу апошніх 25 гадоў выпрацавалі розныя формы душпастырства. Гэта добры падмурак і важны патэнцыял для будучыні.

- Які вопыт Вы атрымалі ад Вашай пілігрымкі па Беларусі?

З Беларусі я прывез вельмі добрыя ўражанны і досвед. Я глыбока салідарны з Грэка-Каталіцкай Царквой у Беларусі, якая з нястомнай руплівасцю здзяйсняе сваё духоўнае і сацыяльнае служэнне. Радуюся разам з вамі, што гэта заданне свабодна рэалізуецца моладдзю.

- З духоўнай салідарнасцю суправаджаю вас усіх малітвай і жадаю, каб супольнасці вашай Царквы маглі ўзрастаць і каб духавенства і вернікі маглі даваць усё больш дынамічны адказ на складаныя маральныя праблемы сучаснай эпохі.

Божага Вам усім блаславення.

Размаўляў Яўген Андросік, фота аўтара

24.09.2014

Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.