Парафія сьвятога Язэпа > Да 100-годдзя біскупа Чэслава Сіповіча > “Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”
“Вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял”24.09.2014. |
|
- Дастойны Уладыка! Амаль месяц таму Вы наведалі Беларусь, і Вы самі кажаце, што гэта быў "візіт духоўнай салідарнасці” з хрысціянамі Беларусі. - У Беларусь я прыбыў, каб засведчыць духоўную салідарнасць славацкіх грэка-католікаў з грэка-католікамі Беларусі. Літургічным выразам гэтай салідарнасці быў мой удзел у святкаванні 100-годдзя з дня нараджэння беларускага грэка-каталіцкага біскупа Чэслава Сіповіча. Я вельмі ўдзячны ўладам Рэспублікі Беларусь, якія паспрыялі, каб я змог хутка атрымаць уязную візу. Гэта сведчыць аб тым, што ўлады з разуменнем ставяцца да патрэбаў вернікаў розных канфесій. За некалькі дзён майго візіту ў Беларусь я змог убачыць багацце яе культурнай спадчыны, у тым ліку адноўленыя храмы, і духоўнае багацце вернікаў розных канфесій, якія ўмеюць супрацоўнічаць на карысць краіны. - Уладыка, вы сказалі таксама, што гэты візіт быў для вас пілігрымкай. Гэта была таксама малітва перад Іконай Божай Маці "Валадаркі Азёраў" у Браславе, перад якой на працягу стагоддзяў маліліся пакаленні вернікаў розных абрадаў і канфесій. І, нарэшце, малітва ў Друі – месцы, дзе атрымаў духоўную фармацыю біскуп Чэслаў Сіповіч. Вялікі духоўны след пакідае шчырая і глыбокая адданасць беларускіх хрысціянаў. - Друя з'яўляецца не толькі месцам малітв. У пэўным сэнсе, гэта калыска беларускай тэалогіі, месца, дзе працавалі беларускія (і беларускамоўныя) багасловы: Архімандрыты Фабіян Абрантовіч і Андрэй Цікота, вядомы беларускі паэт і пісьменнік Язэп Германовіч і, нарэшце, біскуп Чэслаў Сіповіч. - На самай справе, мы з радасцю адкрываем узгаданыя постаці і старыя духоўныя і культурныя сувязі паміж Беларуссю і краінамі Цэнтральнай і Заходняй Еўропы. “Айцец Друі”- архімандрыт Андрэй Цікота ўжо ў 30-х гадах мінулага стагоддзя прымаў актыўны ўдзел у працы Міжнароднага экуменічнага Кангрэса ў Велеградзе (у Чэхаславакіі). Біскуп Чэслаў Сіповіч падчас ІІ Ватыканскага Сабору актыўна супрацоўнічаў са славацкім грэка-каталіцкім багасловам а. Міхалам Лацко. - Напэўна, засталіся месцы ў Беларусі, куды Вы, Уладыка, хацелі б вярнуцца? - Я, вядома, хацеў бы мець час на больш доўгі візіт у Полацк і наведаць Полацкі езуіцкі калегіум. Хацелася б таксама наведаць Баруны, дзе сваю вялікую і вядомую школу вялі айцы-базыльяне. - Падчас Вашай пілігрымкі Вы некалькі разоў казалі пра духоўны патэнцыял нашай Царквы. - Сапраўды, вашая Царква мае вялікі духоўны патэнцыял, бо вашыя папярэднікі шмат пацярпелі. З іншага боку, вы, як іх нашчадкі, на працягу апошніх 25 гадоў выпрацавалі розныя формы душпастырства. Гэта добры падмурак і важны патэнцыял для будучыні. - Які вопыт Вы атрымалі ад Вашай пілігрымкі па Беларусі? З Беларусі я прывез вельмі добрыя ўражанны і досвед. Я глыбока салідарны з Грэка-Каталіцкай Царквой у Беларусі, якая з нястомнай руплівасцю здзяйсняе сваё духоўнае і сацыяльнае служэнне. Радуюся разам з вамі, што гэта заданне свабодна рэалізуецца моладдзю. - З духоўнай салідарнасцю суправаджаю вас усіх малітвай і жадаю, каб супольнасці вашай Царквы маглі ўзрастаць і каб духавенства і вернікі маглі даваць усё больш дынамічны адказ на складаныя маральныя праблемы сучаснай эпохі. Божага Вам усім блаславення. Размаўляў Яўген Андросік, фота аўтара Вярнуцца назад |