Слава Ісусу Хрысту!

Вітаем Вас на сайце Менскай грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа!
”У Сьвятым Евангельлі сустракаем нямала апісаньняў учынкаў сьв. Язэпа, аднак ніколі не прачытаем ягоных словаў – сапраўды, часамі ўчынкі гавораць больш, чым словы, ды ўвогуле без учынкаў наша вера мёртвая (Як. 2:17). Гэты сайт перадусім пра нашыя чыны і хай яны будуць гэтак жа плённыя, як чыны сьв. Язэпа” – пісаў тут протапрэзьбітар Андрэй Абламейка, былы пробашч парафіі Праведнага Язэпа і першы рэдактар сайта.

Гэты сайт і надалей хоча распавядаць пра розныя праявы жыцьця нашае парафіі: нашыя чыны, праекты, імкненьні і мары. А паколькі Грэка-каталіцкі цэнтр сьвятога Язэпа ўсё больш і больш выпаўняе заданьне інфарматыўнага цэнтра – будзем і надалей тут памяшчаць інфармацыю, што датычыць жыцьця ўсёй Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы ды іншых Усходніх Каталіцкіх Цэркваў.

 

Пошук

Каляндар

 

Навіны


26.10.2020

ЗАКЛІК да МАЛІТВЫ і ПОСТУДарагія ў Госпадзе Браты і Сёстры! 


Учорашні, нядзельны дзень (25.10.20) быў у грэка-каталіцкіх парафіях і супольнасцях днём гарачай малітвы "за Богам сцеражоную краіну нашу БЕЛАРУСЬ і ўвесь беларускі народ, за стойкасць у веры, мужнасць у выпрабаваннях і вернасць свайму народу ўсіх нас". 


На вялікі жаль вечар прынёс "чарговую порцыю насілля і жорсткасці з боку «праваахоўнікаў», многіх брутальна затрымлівалі і кінулі за краты". Таму шматлікія вернікі вырашылі да НЯСПЫННАЙ МАЛІТВЫ дадаць і ПОСТ - кожны паводле сваёй магчымасці. Бласлаўляем гэтую духовую ініцыятыву і заахвочваем да салідарнай малітвы за затрыманых, пацярпелых, параненых…

Асуджаем дэманічны гвалт і молімся так сама "за тых, хто дае і выконвае злачынныя загады, дае несправядлівыя прысуды". 

 

Божы суд існуе для ўсіх! 

 

У салідарнай малітве - 

+архім. Сяргей (Гаек), Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі.

26.10.2020

Простая трансляцыя з грэка-каталіцкай парафіі св.Язафата ў г.Ліда. 25.10.20 11:00 паводле беларускага часу.

 

 

****
Падпішыцеся на ютуб-канал Andrei Buinich - будзьце з намі ў кантакце, каб ведаць пра ўсе нашы трансляцыі і цікавыя відэаматэрыялы!

24.10.2020

ЭЎХАРУСТЫЯ КРЫНІЦАЙ ДУХОВАЙ МОЦЫ Ў СКЛАДАНЫ ЧАСУ складаны час другой хвалі пандэміі Covid. Неабходна ўсім - святарам і вернікам - захаваць МАКСІМУМ санітарай дысцыпліны.

ТАМУ 

- 1) Карыстаемся маскамі і антысэптыкам. Дзе магчыма - правятрываем памяшканні, у якіх праходзіць малітва.

- 2) Захоўваем неабходныя сродкі "гігіену" пры св. Прычасці.  

- 3) Захоўваем па магчымасці сацыяльную дыстанцыю. 

- 4) Каб даць магчымасць удзелу ў нядзельнай Боскай Літургіі (св. Імшы) і не зграмаджаць надта шмат вернікаў на адной Службе - паводле рашэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі (ад 15.10.2020) рэкамендую ўвясці (там, дзе гэта патрэбна) Боскую Літургію ў суботу ўвечары як Літургію нядзельную (Missa prefestiva). 

(Як Апостальскі Візітатар прымаю гэтую пастаральную норму для парафій і супольнасцей БГКЦ). 

24.10.2020

Уладыка Дыянісій (Ляховіч) прызначаны экзархам для ўкраінцаў грэка-католікаў у ІталііУ суботу, 24 кастрычніка 2020 г., у Ватыкане паведамілі, што Святы Айцец Францішак спыніў мандат Апостальскага Адміністратара sede vacante Экзархата для ўкраінцаў католікаў візантыйскага абраду, якія пражываюць у Італіі, у асобе кардынала Анджэла Дэ Данаціса, вікарыя Яго Святасці для Рымскай дыяцэзіі. 

 

У той жа час паведамляецца, што Святы Айцец прызначыў Апостальскім Экзархам для ўкраінцаў католікаў візантыйскага абраду, якія пражываюць у Італіі, дастойнага Біскупа Дыянісія Ляховіча, ЧСВВ, былога дэлегата гэтай царкоўнай структуры, перанёсшы яго з тытулярнай сталіцы Эгнацыі.

23.10.2020

"Дазвольце Хрысту прамаўляць да чалавека"Пра значэнне сведчання св.  Яна Паўла ІІ для сучасных хрысціян нагадаў Святы Айцец Францішак 22.10.20 у сваім допісе ў Твітары ў дзень літургічнага ўспаміну свайго папярэдніка.

 

 + Папскі твіт мае наступны змест: "Святы #ЯнПавелII, па жыцці поўны энэргіі і захаплення таямніцай Бога, свету і чалавека, быў незвычайным дарам ад Госпада Царкве.  Памятайма пра яго веру: хай яна будзе прыкладам для перажывання нашага сведчання сёння».

 + У ранейшым допісе Францішак зацытаваў выразы свайго папярэдніка: «Сёння так часта чалавек не ведае, што нясе ў сабе, у глыбіні душы, у сэрцы ... Дык дазвольце Хрысту прамаўляць да чалавека.  Толькі Ён мае словы жыцця, словы жыцця вечнага".

22.10.2020

22 кастрычніка - успамін сьв. Яна Паўла, Папы РымскагаПРАЗ ЗАСТУПНІЦТВА СЬВЯТОГА ПАПЫ ЯНА ПАЎЛА II МОЛІМСЯ ЗА БЕЛАРУСЬ

 

О Найсьвяцейшы Трыадзіны Божа, дзякуем Табе, за тое, што дараваў Царкве сьвятога Папу Яна Паўла ІІ, 

у якім зазьзяла Твая айцоўская дабрыня, слава Крыжа Гасподняга і хараство Духа любові.

 

Ён, цалкам давяраючы Тваёй бясконцай міласэрнасьці і матчынаму заступніцтву Прачыстай Дзевы Марыі, 

даў нам жывы прыклад Ісуса Добрага Пастыра.

Ён паказаў сьвятасць як узор штодзённага хрысьціянскага жыцьця, 

як шлях для дасягненьня вечнай еднасьці з Табою, Божа.

 

Дай нам Госпадзе, праз Яго заступніцтва, згодна з Тваёю воляю, 

тую ласку, аб якой просім з вераю ды надзеяй.

Амін.

21.10.2020

"Ісці разам па дарозе братэрства"20 кастрычніка 2020 г. - у рамках арганізаванай Супольнасцю святога Эгідзія міжрэлігійнай сустрэчы «Ніхто не збаўляецца ў адзіночку. Мір і братэрства» - Папа Францішак памаліўся з прадстаўнікамі хрысціянскіх канфесій у рымскай базыліцы Santa Maria "in Ara coeli".


“Маліцца разам – гэта дар” – такімі словамі Святы Айцец Францішак распачаў казанне, у якім супрацьпаставіў чалавечы эгаізм і сапраўдную любоў да бліжніх.

 

Папа заўважыў, што евангельскі ўрывак пра ўкрыжаванне Езуса, які быў зачытаны ў пачатку малітоўнай сустрэчы, выяўляе апошняе зямное выпрабаванне Божага Сына: спакусу забыцца пра іншых і думаць толькі пра ўласнае выратаванне. Да гэтага Яго штурхалі людзі, якія крычалі: “Уратуй сябе самога!”.

21.10.2020

Новы біскуп грэка-каталіцкай епархіі Крыжаўцы17 кастрычніка 2020 г. адбылася хіратонія навага біскупа грэка-каталіцкай епархіі Крыжаўцы Уладыкі Мілана Стыпіча.


Боская Літургія, у час якой прайшла хіратонія, служылася па плошчы перад кафедральным саборам Найсвяцейшай Тройцы ў сталіцы епархіі – горадзе Крыжаўцы. Хіратонію здзейснілі: папярэдні біскуп епархіі Крыжайцы Уладыка Нікола Кекіч, рыма-каталіцкі архібіскуп Заграба кардынал Ёсіп Бозаніч ды апостальскі нунцый у Харватыі архібіскуп Джорджо Лінгуа - з саўдзелам грэка-каталіцкіх біскупаў з Сербіі, Паўночнай Македоніі, Венгрыі, Украіны і Аўстрыі ды біскупаў лацінскага абраду з Харватыі, Босніі і Герцагавіны, Сербіі. Удзельнічалі шматлікія святары візантыйскага і лацінскага абраду.

Прадстаўнік Кангрэгацыі Усходніх Цэркваў зачытаў віншавальны ліст прэфекта Кангрэгацыі – кардынала Леанарда Сандры.

21.10.2020

Апостальскі ліст «Scripturæ Sacræ аffectus» па-беларускуЗ нагоды тысяча шасцісотай гадавіны смерці св. Гераніма, перакладчыка Бібліі на лацінскую мову, 30 верасня 2020 г. быў апублікаваны Апостальскі ліст папы Францішака Scripturæ Sacræ аffectus (Замілаванне да Святога Пісання).


Святы Айцец піша:

«Сапраўды, Гераніма можна назваць „бібліятэкай Хрыста“, невычарпальнай бібліятэкай, якая праз шаснаццаць стагоддзяў працягвае вучыць нас таму, што азначае любоў Хрыста, любоў, якая непадзельна звязана з сустрэчай з Яго словам.Вось чаму цяперашнюю гадавіну можна разглядаць як заклік палюбіць тое, што любіў Геранім, нанова адкрыць яго творы і дазволіць захапіць сябе духоўнасцю, якую можна ахарактарызаваць па сутнасці як неспакойнае і гарачае жаданне больш пазнаваць Бога Аб’яўлення.

Як жа нам не паслухаць у наш час тое, да чаго няспынна заклікаў сваіх сучаснікаў Геранім: „Пастаянна чытай Божае Пісанне; ніколі не выпускай святога тэксту са сваіх рук“».

19.10.2020

30 гадоў першай уніяцкай парафіі ў Беларусі19 кастрычніка 1990 года грэка-каталіцкі мітрапаліт Кіева-Галіцкі Уладыка Уладзімір (Стэрнюк) выдаў грамату з блаславеннем на арганізацыю першай уніяцкай парафіі ў Беларусі – у Мінску.

 

+++

 

"На пачатку верасня 1990 года ў Львове праходзіў з’езд руху “Ўкраінская моладзь – Хрысту” (УМХ). У з’ездзе актыўна ўдзельнічала група моладзі з Мінска. У межах з’езда таксама адбылося хрышчэнне маладых людзей з Беларусі.

 

21 верасня 1990 года ў памяшканні “Таварыства беларускай мовы” мела месца пасяджэнне “дзесяткі” заснавальнікаў, у якую, акрамя моладзі, увайшлі такія вядомыя асобы, як прафесар Юры Хадыка ды публіцыст Анатоль Сідарэвіч і інш. Кіраўніком Рады парафіяльнай суполкі быў абраны навуковы супрацоўнік “Цэнтра імя Францішка Скарыны” Сяржук Абламейка.


Copyright 2008-2026 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.