Пошук

Каляндар

 
нядзеля
СЬНЕЖНЯ
Нядзеля 29-я


18.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў - Дзень 1 — 18 студзеня 2012 г.Тэма дня: Перамененыя праз Хрыста — Слугу.
Сын Чалавечы прыйшоў, каб служыць (пар. Мк 10,45)


Чытанне святога Евангелля паводле Марка (Мк 10, 42-45)
У той час: Езус, паклікаўшы вучняў, сказаў ім: Вы ведаеце, што тыя, хто лічыцца князямі народаў, пануюць над імі, і вяльможы іх уладараць над імі. Але не так няхай будзе між вамі: хто хоча быць найбольшым сярод вас, няхай будзе вам слугою; і хто хоча сярод вас быць першым, няхай будзе нявольнікам усіх.
Бо і Сын Чалавечы не на тое прыйшоў, каб Яму служылі, але каб служыць і аддаць жыццё сваё для адкуплення многіх.

Малітва
Усемагутны вечны Божа, ідучы каралеўскім шляхам служэння, Твой Сын вядзе нас ад пыхі нашай непаслухмянасці да пакоры сэрца. З’яднай нас праз Твайго Духа Святога, каб праз служэнне нашым братам і сёстрам магло аб’явіцца Тваё сапраўднае аблічча. Які жывеш і валадарыш на вякі вечныя. Амэн.

(Тэксты паводле Catholic.by ў рыма-каталіцкай моўнай рэдакцыі)
18.01.2012
Віншуем Васіля Сёмуху з Днём народзінаўАрхімандрыт Сяргей, Апостальскі Візітатар БГКЦ накіраваў да Васіля Сёмухі Віншавальны ліст.

Паважаны і Дарагі Васіль Сяргеевіч!

Віншуем Вас з Днём нараджэньня!

Дар моваў быў для апостальскай Царквы дадзены Богам,
каб адкрыць Хрысьціянства для народаў сьвету.
Для Вас дар моваў быў дадзены,
каб адкрыць культуру іншых народаў для Народу Беларускага.

Вы таксама выкарысталі гэты дар,
каб адкрыць Сьвятое Пісьмо для беларусаў па-беларуску.
У парафіях Грэка-каталіцкай Царквы ў Беларусі мы часта чытаем
Ваш пераклад Бібліі і гэта ёсьць вялікай каштоўнасьцю для нас.

Жадаем Вам плённай працы для рэалізацыі Божага дару –
і хай Госпад блаславіць Вас “на многія леты”!

З глыбокай павагай да Вас

+Архімандрыт Сяргей (Гаек)
Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі


Мінск, 18 студзеня 2012 г.
18.01.2012
Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў: 18–25 студзеня 2012 г.Перамененыя праз перамогу Ісуса Хрыста (пар. 1 Кар 15, 51–58)

18–25 студзеня 2012 г. ва ўсім свеце праходзіць Тыдзень малітваў за адзінства хрысціянаў. Да гэтай малітвы, па добрай традыцыі, далучаецца і Каталіцкая Царква ў Беларусі. 
Сёлета тэксты да так званага экуменічнага тыдня ўпершыню падрыхтавалі хрысціяне Польшчы. Яго тэмай сталі словы з Першага Паслання да Карынцянаў — «Перамененыя праз перамогу Ісуса Хрыста».
У межах Тыдня экуменічныя набажэнствы з удзелам прадстаўнікоў розных канфесій пройдуць у мінскай рымска-каталіцкай архікатэдры і гродзенскім катэдральным касцёле. 

У Мінску ў суботу 21 студзеня ў 19:30 (пасля святой Імшы аб 18:30) распачнецца Супольная малітва прадстаўнікоў розных канфесій (у тым ліку і духавенства грэка-каталіцкага) у архікатэдральным касцёле Імя Найсвяцейшай Панны Марыі.
У гродзенскай катэдры набажэнства Слова Божага і набажэнства святла адбудзецца 24 студзеня ў 18:30.
Шчыра заахвочваем далучыцца да супольнай малітвы за адзінства хрысціянаў.
17.01.2012
Працягваецца акцыя Святы Мікалай ідзе да дзяцей14 студзеня 2012 г. ў рамках акцыі “Св. Мікалай ідзе да дзяцей” валанцёры з каляднай праграмай адведалі дзіцячыя інтэрнаты ў Мінску.
Суботні ранак, нягледзячы на ранішні мароз, выдаўся спакойным і сонечным. Усмехалася празрыстае неба і на сэрцы было таксама весела і цёпла. Сагравала думка аб тым, што мы ідзем на сустрэчу з Хрыстом. І як некалі валхвы неслі да Хрыста свае дары, так і валанцёры, ўзяўшы падарункі, якія добразычліва сабралі вернікі мінскіх парафій, крочылі на сустрэчу з дзеткамі.
11.01.2012
Яго Святасць Бенядыкт XVI пра сям’юГод 2012 праходзіць у БГКЦ пад дэвізам “Евангелізацыя – пакліканне сям’і”.
У гэтым кантэксце звяртаем увагу чытачоў нашага сайта на архіпастырскае навучанне Першаярарха Каталіцкай Царквы адносна пагрозаў, што пагражаюць сям’і.


У сваім прывітанні да дыпламатычнага корпусу, акрэдытаванага пры Святым Пасадзе, Яго Святасць Бенядыкт XVI выказаўся пра аднаполыя шлюбы, якія ўсё больш прапагандуюцца на працягу апошніх дзесяці год у розных краінах свету некаторымі магутнымі міжнароднымі арганізацыямі.
Святы Айцец звяртае ўвагу, што гэтыя саюзы ўяўляюць сабой не што іншае, як пагрозу для чалавецтва.
Паводле ягоных словаў, стварэнне сям’і, заснаванай на шлюбе паміж мужчынам і жанчынай, абумоўлена не толькі грамадскай дамовай, але і з’яўляецца асноўнай ячэйкай любога грамадства. “Такім чынам, палітыкі, якія падрываюць інстытут сям’і, пагражаюць чалавечай годнасці і самой будучыні чалавецтва”.
11.01.2012
Евангелізацыя – пакліканне сям’іЦаркоўны Каляндар БГКЦ на 2012 г. носіць тытул “Евангелізацыя – пакліканне сям’і”.

1.Чаму нам так неабходна зноў задумацца над пакліканнем сям’і?
У нашым грамадстве, якое яшчэ не здолела аднавіць сваё рэлігійнае жыццё ў поўнай вернасці Евангеллю, усё больш і больш распаўсюджваецца ідэя пра тое, што кожны чалавек мае права самастойна вызначаць, «што такое дабро і што такое зло». Цалкам знікае ўяўленне абсалютнай Ісціны, а па сутнасці, увогуле назіраецца адмаўленне яе існавання. Напэўна, кожны з нас чуў словы тыпу «Бог адзін, а шляхі да Яго розныя». Аднак Біблія кажа, што шлях у Божае Валадарства таксама адзін — праз Ісуса Хрыста.
10.01.2012
70 год мучаніцкага подзвігу Экзарха Антона Неманцэвіча і вернікаў парафіяў ПалессяУ 2012 г. спаўняецца 70 год, калі пачаўся пакутніцкі подзвіг Экзарха Антона Неманцэвіча і грэка-каталіцкіх вернікаў Палесся.


Штогод 6 студзеня беларускія грэка-католікі ўзгадваюць мучаніцкую смерць Экзарха Антона Неманцэвіча, замучанага ў мінскай турме СД 6 студзеня 1943 года.

Пакутніцкі шлях Экзарха Антона пачаўся ў жніўні 1942 года, калі ён быў арыштаваны нямецкімі нацыстамі ды перамешчаны ў турму СД ў Мінску.
Некалькі тыдняў пазней, восенню 1942, гітлераўскія карныя аддзелы спалілі палескія вёскі (з іх жыхарамі), што ўваходзілі ў склад грэка-каталіцкай (нэаўнійнай) парафіі ў Бабровічах (сёння Івацэвіцкі раён).

Таму год 2012 – гэта Год памяці, калі беларускя грэка-католікі ўзгадваюць мучаніцкі подзвіг пакутніка Экзарха Антона Неманцэвіча і грэка-каталіцкіх вернікаў Палесся.
Малітвай ахапляюць, таксама, усе ахвяры карных нацысцкіх акцыяў 1941-1943 гадоў у Беларусі.
10.01.2012
Статыстычныя дадзеныя МУС па наведанні набажэнстваў на Раство: каталікі і праваслаўныяКаля цэркваў і касцёлаў на святы заўсёды стаяць міліцыянты. Яны не толькі ахоўваюць парадак, але і вядуць падлік тых, хто пераступае ганак храму. Наколькі можна гэтым дадзеным давяраць, пытанне адкрытае. 

Паводле дадзеных Міністэрства унутраных спраў, Раство паводле новага стылю ў каталіцкіх храмах адзначылі каля240 тыс. чалавек (летась гэтая лічба складала 236 тыс., у т.л. 7 тыс. у г. Мінску), а Раство паводле юліянскага календара ў праваслаўных храмах на начной імшы - каля 254 тыс. чалавек (летась адпаведная колькасць удзельнікаў была 134 тыс. чалавек, у т.л. 9 тыс. у г. Мінску).
7.01.2012
Пяцігоддзе дзейнасці Хора “ПРАСФАРА”НЯДЗЕЛЯ, 8 студзеня 2012 – Нядзеля пасля Богаз’яўлення

Капліца Душпастырскага цэнтра св. Язэпа – вул. Арджанікідзэ д. 6

гадз. 10:00 – Боская Літургія св. Яна Залатавуснага
гадз. 11:30 – Калядны канцэрт Хора ПРАСФАРА
мастацкі кіраўнік Марыся Янушкевіч

*****
Міжпарафіяльны грэка-каталіцкі хор “Прасфара” (кіраўнік Марыся Янушкевіч) быў створаны ў Мінску ў снежні 2006 г. з ініцыятывы маладых вернікаў грэка-каталіцкай Царквы.
Сваім служэннем удзельнікі хору імкнуцца наблізіць вернікам прыгажосць і глыбіню бізантыйскіх богаслужбаў.

“Прасфара” ў перакладзе з грэцкай мовы – прынашэнне.
Спеў – гэта свядомая ахвяра ў служэнні Богу, Царкве і людзям.
4.01.2012
Віншуем Апостальскага Нунцыя з 10-годдзем біскупскай хіратоніі6 студзеня 2012 споўняецца 10 год ад біскупскай хіратоніі Апостальскага Нунцыя ў Беларусі Архібіскупа Клаўдыё Гуджэроцці, якую ён атрымаў у Рыме ў свята Богаз'яўлення 2002 г. з рук Блаславёнага Папы Яна Паўла ІІ-га.

Адмысловыя малітвы за Уладыку Архібіскупа Клаўдыё пройдуць у грэка-каталіцкаі парафіях Беларусі ў свята Богаз'яўлення - 6 студзеня 2012 г.

5 студзеня 2012 г. у 17:00 гадз. будзе адслужаная ў Чырвоным касцёле ў Мінску падзячная Імша.

Яе ўзначаліць Апостальскі Нунцый Архібіскуп Клаўдыё ў саслужэнні ўсіх каталіцкіх ерархаў Беларусі.

Архібіскуп Клаўдыё Гуджэроцці быў прызначаны Апостальскім Нунцыем у Беларусі 15 ліпеня 2011 г. а 10 кастрычніка 2011 г. Ерарх прыбыў у Мінск.

Copyright 2008-2025 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.