Пошук

Каляндар

 

Адышоў у вечнасць кардынал Казімір Свёнтак  


Адышоў у вечнасць кардынал Казімір СвёнтакКурыя Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і Пінскай дыяцэзіі са смуткам паведамляюць, што 21 ліпеня 2011 г. а 9-й гадзіне на 97 годзе жыцця адышоў у вечнасць Яго Эмінэнцыя кардынал Казімір Свёнтак.

У найбліжэйшым часе заахвочваем святароў арганізаваць набажэнствы са шматлікім удзелам вернікаў аб вечным супакоі святой памяці кардынала, які на працягу 15 гадоў з’яўляўся арцыпастырам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі і 20 гадоў — Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. У касцёлах, капліцах і іншых месцах культу неабходна зрабіць дэкарацыю ў адпаведным месцы (паставіць партрэт кардынала, кветкі, знічы), можна пакласці кнігу спачуванняў.

Жалобная святая Імша пры труне з целам кардынала Казіміра Свёнтка адбудзецца ў мінскай архікатэдры ў суботу, 23 ліпеня, у 13.00 і ў пінскай катэдры ў панядзелак, 25 ліпеня, у 12.00. Заахвочваем святароў прыняць удзел у гэтых набажэнствах, а таксама арганізаваць прыезд парафіянаў у бліжэйшую катэдру для супольнай малітвы і развітання з нашым былым арцыпастырам.

Вечны супакой дай яму, Пане, а святло вечнае няхай яму свеціць.

Кардынал Казімір Свёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 г. у Эстоніі ў горадзе Валга, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю вывезлі ў Сібір. Пасля заканчэння Вышэйшай духоўнай семінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 г. у тамтэйшай катэдры ён быў высвечаны на святара і скіраваны на працу ў Пружаны. У выніку пераследавання рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на смерць. Два месяцы знаходзіўся ў камеры смертнікаў. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 г. малады святар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лагераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сібіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 г., ён апынуўся ў Пінску. Нарэшце настала доўгачаканая хвіліна, калі можна было адправіць святую Імшу ў касцёле.

Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Свёнтка адбудавана пінская катэдра — напэўна, гэта была адна з першых адбудаваных святыняў на Беларусі. Адбудоўваючы пінскую катэдру, ксёндз Казімір перадусім думаў і рабіў усё магчымае, каб будаваць жывы Касцёл — Народ Божы, жывымі камянямі якога з’яўляюцца вернікі.

Канец 80-х і пачатак 90-х гадоў прынеслі доўгачаканую свабоду рэлігіі.


Пастырская актыўнасць кс. прэлата Казіміра Свёнтка, яго адданасць справе Касцёла, незвычайныя арганізатарскія здольнасці, аўтарытэт і пашана сярод святароў не засталіся не заўважанымі Апостальскаю Сталіцаю. Святы Айцец Ян Павел ІІ у 1991 г. прызначыў яго першым Мітрапалітам новастворанай Мінска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі.

Ва ўзросце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэнне.


Ён візітуе парафіі, устанаўлівае дэканаты, стварае патрэбныя для Касцёла структуры, бароніць правы вернікаў, актыўна ўдзельнічае ў Сінодзе Біскупаў у 1991 г., у пасяджэннях Рады Канферэнцыі Біскупаў Еўропы і іншых касцёльных арганізацыях, у міжнародных форумах, канферэнцыях і г. д. Ён з’яўляецца сведкам пераследвання каталіцкай веры і яе адраджэння на Беларусі.

У 1994 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ надае яму тытул кардынала

— найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касцёле. Гэта прызнанне заслугаў не толькі таленавітага святара і біскупа, але і мужнага сведкі веры. Гэта таксама прызнанне пазіцыі Касцёла на Беларусі і ягонай ролі ў сусветным Касцёле.

Кардынал Свёнтак яшчэ з большай энергіяй і адвагай складае праграму адраджэння духоўнасці і падрыхтоўкі Каталіцкага Касцёла ў Беларусі да Вялікага Юбілею 2000 года. У гэтай праграме асаблівае месца прысвечана розным пастырскім праграмам, адбудове святыняў і найперш мінскай архікатэдры, а таксама працы Сіноду Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі Пінскай і Віцебскай (якая далучылася да Сіноду пасля яе ўтварэння) дыяцэзій, які кардынал распачаў у 1996 г. Знамянальны дэвіз Сіноду: «Усё аднавіць у Хрысце».

11 лютага 1999 г. кардынал Казімір Свёнтак быў абраны першым Старшынёй Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі — гэта падкрэслівае яго вядучую ролю ў Касцёле і ў краіне.

27 верасня 2004 г. Святы Айцец Ян Павел ІІ уручыў кардынару Казіміру Свёнтку, арцыбіскупу Мітрапаліту Мінска-Магілёўскаму, спецыяльную ўзнагароду «Fidei testis» (Сведка веры), прысуджаную Інстытутам Паўла VI.

14 чэрвеня 2006 г. Святы Айцец Бэнэдыкт XVI прыняў прашэнне аб вызваленні ад пастырскага кіраўніцтва Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіяй, прадстаўленае Яго Эмінэнцыяй кардыналам Казімірам Свёнткам у адпаведнасці з Кодэксам Кананічнага Права, кан. 401, § 1.

21 ліпеня 2011 года а 9 гадзіне Кардынал Казімір Свёнтак адышоў у вечнасць.


Паводле Catholic.by

21.07.2011

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier