Пошук

Каляндар

 

Казанне кардынала Робэрта Сара з нагоды абвяшчэння новага катэдральнага касцёла  


Казанне кардынала Робэрта Сара з нагоды абвяшчэння новага катэдральнага касцёла Дарагія браты і сёстры!

Мы з вамі ўжо прывіталіся на пачатку гэтай урачыстай святой Імшы, падчас якой касцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску абвешчаны катэдральным касцёлам вашай дыяцэзіі. Катэдральны касцёл – гэта месца біскупскай катэдры. Адсюль ваш біскуп навучае вас веры. Каталіцкай веры. Веры, якую вы вызнаеце разам з усім Касцёлам. Таму я знаходжуся сёння сярод вас ад імя Святога Айца Папы Бэнэдыкта XVI, які праз маю асобу ў нейкім сэнсе прысутны тут з вамі. Яму адрасуем нашую ўдзячнасць.

1.
Сёння мы святкуем урачыстасць Corpus Domini — Божага Цела.
Я хацеў бы звярнуць увагу на адно слова з першага чытання Святога Пісання, якое мы пачулі. Мы можам разумець яго як заклік або як загад. Гэта слова “памятай”.
“Памятай увесь шлях, якім вёў цябе Пан, Бог твой, па пустыні гэтыя сорак гадоў”, — кажа Майсей народу, які выйшаў з няволі і выпрабаванняў. Ізраэльскаму народу было б лёгка перакрэсліць і знішчыць памяць пра гэтыя балючыя і цяжкія падзеі, бо ён ужо жыў у новых умовах жыцця дзякуючы той зямлі, якую Бог яму падараваў.
Мы схільныя, перажыўшы цяжкі і балючы час, забывацца пра тое, што нам давялося перацярпець, нібы новае жыццё магчыма толькі тады, калі мы канчаткова парвем з мінулым. Але не: усё ў гісторыі збаўлення абноўлена і адкуплена і можа быць ператворана ў ласку. Няма нічога, што павінна было б знікнуць і быць забытым, Пасха павінна змяшчаць усё: цярпенні і радасці, здрады і вернасць, клопаты і надзеі. Усё перамяняецца, каб мы жылі ў поўнай згодзе, у запавеце з Богам.
Урачыста абвяшчаючы сёння гэтую катэдру, мы павінны перш за ўсё памятаць гісторыю Касцёла ў Віцебску: памятаць пра балючыя і цяжкія выпрабаванні, праз якія ён прайшоў у нядаўнім мінулым, памятаць пра вернасць, з якой ён ішоў за сваім Панам нават у тых сітуацыях, якія знешне здаваліся пустыняй, памятаць пра гераічныя сведчанні веры і любові, дзякуючы якім Хрыстус падрыхтаваў свой народ (пар. Дз 18,10), памятаць пра ласку, з якой Святы Дух шчодра дараваў сваю моц і суцяшэнне.
Бог ніколі не пакідаў вас, заўсёды ішоў поруч з вамі і ў вас, рыхтуючы свой народ, якім з’яўляецеся вы!

2.
Што павінны паказаць выпрабаванні на нашым шляху народу Божага? — “Што не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Пана”, — адказвае Майсей. І яшчэ тое, што Бог “карміў цябе ў пустыні маннаю, якой не ведалі продкі твае”.
Мы прышлі сёння ў гэты катэдральны касцёл на заканчэнне эўхарыстычнай працэсіі. Падчас яе спыняліся каля чатырох алтароў, з якіх абвяшчалася Евангелле. У працэсіі мы бачылі тры знакі, апісаныя ў кнізе Зыходу: шлях праз пустыню, хлеб, які сышоў з неба, і слова Божае. Нас насычаюць не толькі матэрыяльныя рэчы, не толькі тое, што мы можам стварыць уласнымі рукамі, а тое, што мы атрымліваем з вышыні, ад Бога. У Евангеллі мы чулі, што Езус Хрыстус пасяліўся ў нас як “праўдзівы спажытак” і “праўдзівы напой”, як слова Айца “поўнае ласкі і праўды” (пар. Ян 1,14).
Бласлаўлёны папа Ян Павел ІІ, які заснаваў вашу дыяцэзію адзінаццаць гадоў таму, з’яўляючыся яшчэ арцыбіскупам Кракава, штогод узначальваў працэсію Божага Цела. У 1977 годзе, спыніўшыся падчас працэсіі каля другога алтара, ён прамовіў народу: “Хрыстус — наш спажытак, хлеб, таму што Ён ёсць праўдаю, якая дае жыццё. Гэтая праўда жывіць усяго чалавека. Цэласная асоба — гэта не толькі матэрыя, але таксама і дух”1.
Усе мы, народ Божы, павінны крочыць разам, каб сведчыць праўду Хрыстовую, якая жывіць і дае жыццё. Сведчыць праўду аб тым, што мы прыйшлі на свет не толькі працаваць, есці, жыць, а потым памерці. Нашая праўда ў тым, што мы пакліканыя раздзяліць сваё жыццё з жыццём Хрыста — з Яго Целам і Яго Крывёю.
Нават калі змяніліся сацыяльныя і грамадскія ўмовы, у якіх вы жывеце, не змяніўся і не знік голад Бога, а таксама праўда пра тое, што кожны чалавек мае патрэбу ў Богу, каб не ператварыць сваё пілігрымаванне ў гэтым свеце ў “пусыню вялікую і страшную, дзе змей ядавіты і скарпіён, і зямля сухая і бязводная”.
Безумоўна, будуць новыя змеі, якія сваёй атрутай будуць замахвацца на нашае існаванне — асабістае і супольнае, будуць яшчэ скарпіёны, якія джаляць, і будзе пустыня, у якой мы надоўга застанемся без вады.
У гэтых сітауцыях вы павінны памятаць, што Бог — не дзесьці ў іншым месцы: Ён з намі заўсёды, Ён крочыць з намі, жывіць нас сваім Хлебам, якім ёсць Эўхарыстыя, жывой вадой праўды, якой ёсць сам Хрыстус, і Словам Божым.
Ён адкрые для вас вашую годнасць, сэнс пражытых вамі дзён, вашай працы, вашых пачуццяў, вашага вечнага лёсу.
Цяпер і заўсёды вы будзеце мець нагоду памятаць пра тое, што не чалавек жыве не толькі хлебам, але кожным словам, што выходзіць з вуснаў Божых.

3.
У таямніцы Эўхарыстыі гэтая згадка стае ўспамінам – memoriale. Гэты тэрмін (па-габрэйску zikkaron) у Бібліі ўказвае на абрад, які адносіцца да падзеяў мінулага, але становіцца актуальным, сапраўдным і сучасным для тых, хто яго здзяйсняе.
Менавіта такім чынам мы павінны зразумець загад “памятай”, дадзены народу Майсеем. Тое ж самае адносіцца таксама і да словаў “Чыніце гэта на маю памяць”, якія Хрыстус прамовіў на Апошняй Вячэры.
Калі мы цэлебруем святую Імшу, то не згадваем чагосьці такога, што было і чаго больш няма, не прадстаўляем нешта нябачнае праз сімвал, не спыняемся на адным гістарычным факце. Мы сустракаемся з сапраўднай рэальнасцю, Асобай, г.зн. Езусам Хрыстом, які прыходзіць у нас, каб ахвяраваць нам сябе як спажытак, пітво і праўду — тут і цяпер.
Калі мы спажываем гэты Хлеб і п’ем гэтае Віно, Хрыстус яднаецца з намі, і мы — будучы шматлікімі — становімся адным целам (1 Кар 10,16-17), Касцёлам. Эўхарыстыя, яднаючы нас з Хрыстом, аб’ядноўвае нас саміх. У гэтым заключаецца сэнс старажытнага выразу: “Эўхарыстыя стварае Касцёл”. Бласлаўлёны папа Ян Павел ІІ у Апостальскім лісце “Дзень Пана”, сцвярджае, што сярод парафіяльных ініцыятываў “не з’яўляецца настолькі важным і ўплывовым для фарміравання супольнасці, як нядзельнае святкаванне дня Пана, спалучанае з Эўхарыстыяй… Падчас нядзельнай Імшы хрысціяне асабліва моцна перажываюць тое, што адчулі Апосталы вечарам у дзень Пасхі, калі Уваскрослы аб’явіўся ім, сабраным у адным месцы… Нядзельная Эўхарыстыя, збіраючы штотыдзень хрысціян як сям’ю Божую вакол гасціны слова і Хлеба жыцця, з’яўляецца найбольш натуральным супрацьпастаўленнем разгубленасці, падзеленасці. Яна ёсць месцам, дзе адзінства жыве, захоўваецца і развіваецца. Менавіта праз удзел у Эўхарыстыі, Дзень Пана становіцца таксама Днём Касцёла, які такім чынам можа выконваць сваю ролю таямніцы братэрскай еднасці і сумоўя” (Ян Павел ІІ, Dies Domini 1998). Нашае адзінства з Хрыстом у Эўхарыстыі неабходна, каб мы станавіліся не толькі “Alter Christus — другім Хрыстом, больш таго — Ipse Christus — самім Хрыстом”. Эўхарыстыя нас робіць падобнымі да Яго, паколькі мы таксама вучымся даваць саміх сябе. “Прашу вас, браты, — піша святы Павел да Рымлянаў, — праз літасць Божую, аддайце вашыя целы на ахвяру жывую, святую, прыемную Богу — на разумнае служэнне вашае. І не дастасоўвайцеся да гэтага веку, але перамяняйцеся праз абнаўленне розуму вашага, каб вы пазналі, якая воля Божая — добрая, прыемная і дасканалая” (1 Рым 12, 1-2). Такім чынам нашае жыццё становіцца сапраўдным пакланеннем, калі мы прабачаем, жывем у пакоры, калі мы бедныя духам, міласэрныя, чыстыя сэрцам, калі прагнем справядлівасці або прыносім супакой, верныя ў любові альбо пераследаваныя за праўду (пар. Мц 5, 1-12). Святы Дух, якога мы атрымліваем у Камуніі, робіць нас жывым успамінам пра Хрыста, носьбітамі і жывымі сведкамі Яго Евангелля. Сваім жыццём мы робім прысутным Яго, Збаўцу ўсіх людзей. Праз нас, мізэрных, Ён аб’яўляе сябе свету таксама і сёння.

4.
Такім чынам адкрываецца сэнс фразы з сённяшняга Евангелля. Езус сцвярджае, што Яго цела аддадзенае “дзеля жыцця свету”.
Гэта праўда. Эўхарыстыя ахоўвае свет і яго прасвятляе. Чалавек знаходзіць у Эўхарыстыі сваё загубленае сыноўства, чэрпае ўласнае жыццё з Хрыстовага.
Тое, што мы ад Яго атрымліваем, прызначана не толькі для нас, але для ўсяго свету, каб у ім жыла праўда і любоў Божая, бо Хрыстус памёр і ўваскрос для ўсіх. Атрымліваючы Камунію, мы становімся падобнымі да Хрыста і нясем Хрыста свету, які Яго шукае.
Свет, прагнучы жыцця, сапраўды Яго шукае. Хлеб для свету — Хрыстус. Мы можам даць гэты хлеб толькі тады, калі самі жывем у Хрысце, у сакрамэнтальным адзінстве з Ім.
Кожны мае сваё заданне, кожны можа па-свойму ахвяраваць сябе ў свеце: праз сям’ю, працу на заводах або ў полі, у сферы культуры і інфармацыі,у грамадстве, школе і ўніверсітэце, у спорце, шпіталі і хоспісе, вайсковай казарме, сярод незлічонага мноства слабых і зраненых жыццём людзей.
Паміраючы для саміх сябе і клапоцячыся пра іншых, як пра саміх сябе, мы спазнаем праўду Хрыстовых словаў: “Хто паспрабуе захаваць жаццё сваё, той загубіць яго, а хто загубіць яго, той ажывіць яго” (Лк 17, 33). І яшчэ: “Больш шчасця ў тым, каб даваць, чым у тым, каб браць” (Дз 20, 35).

5.
Дарагія браты і сёстры,
кожная чалавечая істота прагне радасці, якую можа даць толькі Езус Хрыстус (пар. Ян 16, 22), якую свет не можа забраць, і якая з’яўляецца адным з пладоў Святога Духа (пар. Гал 5, 22).
Радасць таго, каго любяць, прабачаюць, у кім жыве і каго сцеражэ Хрыстус, — гэта радасць Божага Валадарства.
Сёння — дзень радасці для Касцёла ў Віцебску і для ўсіх хрысціянскіх супольнасцяў Беларусі!
Вы з’яўляецеся ахоўнікамі і ў той жа час носьбітамі радасці, якая не баіцца пераадольваць ні выпрабаванні, ні пустыні, таму што ўзрастае ў еднасці з Богам, жывіцца кожным словам, якое выходзіць з вуснаў Божых і памнажаецца, дорачы сябе, без межаў.

Дзякуем усім тым, хто сваёй працай і шчодрасцю зрабіў магчымым сёння гэтае свята. Дзякуем за Касцёл, які нам дадзены.
Дзякуем Богу за гэты дзень, які Ён падрыхтаваў для нас (пар. Пс 118, 24)
Амэн.

Segreteria di Stato
Sezione per gli Affari Generali
N. 194.866
З Ватыкана, 16 чэрвеня 2011 г.


Ваша Эмінэнцыя, Ксёндз Кардынал,

З нагоды абяшчэння касцёла Езуса Міласэрнага новай катэдрай Віцебскай дыяцэзіі, Святы Айцец даручае Вашай Эмінэнцыі місію перадаць Найдастойнаму Біскупу таго партыкулярнага Касцёла, Уладыку Уладыславу Бліну, выраз Ягонай глыбокай радасці з гэтай знамянальнй касцёльнай падзеі і запэўненне ў Ягонай духоўнай лучнасці.

Найвышэйшы Пастыр узносіць да Бога адмысловы ўспамін у малітве,
каб гэтая важная нагода магла дапамагчы ўсёй дыяцэзіяльнай Супольнасці ўсё больш пачувацца жывым Касцёлам, храмам Бога, збудаваным вакол Хрыста – вуглавога каменя, Якога мы праслаўляем ў святой Літургіі, і Якога наследуем на шляху выхавання ў веры і пра Якога сведчым у справах дзейснай міласэрнасці.

З пачуццямі бацькоўскай любові да Божай аўчарні, што ў пілігрымцы веры ў Віцебску і наваколлі, Яго Святасць выпрошвае нябеснае Заступніцтва Бласлаўлёнай Дзевы Марыі, Маці Касцёла, і ад усяго сэрца дасылае Вашай Эмінэнцыі, Яго Эксцэленцыі Біскупу Уладыславу Бліну, святарам, законнікам і законніцам, і ўсім вернікам сваё Апостальскае Блаславенне.

З прыемнасцю карыстаюся нагодай, каб переказаць Вашай Эмінэнцыі глыбокую пашану і адданне

Дзяржаўны Сакратар
Тарчызіо Бэртонэ

-------------------------------------------------------
Яго Эмінэнцыі Кардыналу
РЭБЭРТУ САРА’
Старшыні Папскай Рады "Cor Unum"
В а т ы к а н

18.06.2011

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier