
26 сакавіка 2011 г. вечарам у Любліне (Польшча), пасьля цяжкой і працяглай хваробы, адыйшоў у вечнась Архімандрыт Раман Пентка, марыянін, даўгалетні пробашч адзінай ацалелай да сёньня нэа-унійнай парафіі ў Кастамлотах. Вялікі прыяцель і дабрачынца нашай Царквы.
Архімандрыт Раман Пентка (імем дадзеным у хросьце было Рышард) нарадзіўся 7 лістапада 1937 году ў м. Астраленка каля Варкі, у сялянскай сям’і Станіставы (дзявочае прозвішча Лучак) і Станіслава Пенткаў. Пасьля сканчэньня базавай школы, працягваў навучаньне ў агульнаадукацыйным ліцэі ў Гары Кальварыі. Там будучы архімандрыт пазнаёміўся з марыянамі і тамсама нарадзілася ў ім думка пра манаства.
У 1953 годзе пачаў навіцыят у Ордэне Марыянаў у Скурцу, каля Седлец. Па сканчэньні навіцыыяту склаў першыя манаскія абеты 15 верасьня 1954 годзе.
Семінарыйнае навучаньне пачаў ў Гетшвальдзе, на Варміі, каторыя перапыніў (адпаведна тагачаснай традыцыі) каб паслужыць пры марыянскім кляштары і парафіі ў Варшаве.
У першых гадах семінарыйнага навучаньня пазнаёміўся з а. Тамашом Падзявам, беларускім сьвятаром усходняга абраду, які пасьля вяртаньня з савецкіх лагероў выкладаў філасофію ў марыянскай семінарыі. Пад яго ўплавам пачаў вучыць візантыйска-славянскі абрад і знаёміцца з грэцкай традыцыяй хрысьціянства. Наступныя гады семінарыі правёў у Влацлаўку.
15 верасьня 1960 году склаў вечныя манаскія абеты, а 21 чэрвеня 1964 года прыняў сьвятарскія сьвячаньні з рук біскупа Казіміра Майданскага. Першы год сьвятарства правёў у Скурцу, дзе выконваў паслугу вікарыя ў мясцовай парафіі і дзіцячага катэхета.
Пасьля быў накіраваны да Любліна, дзе вывучаў класічную філасофію ў Люблінскім Каталіцкім універсітэце. Падчас свайго навучаньня ўсталяваў кантакты з пробашчам адзінай пазасталай нэа-унійнай парафіі ў Кастамлотах над Бугам айцом Аляксандрам Прылуцкім.
У 1968 годзе біскуп Сядлецкі Аляксандр Свірскі, на жаданьне Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў кардынала Максіміліяна Фюрстенбэрга, прызначыў айца Рышарда вікарыем-супрацоўнікам парафіі Кастамлоты.
Паводле ўсходняй манаскай традыцыі айцец Рышард пачаў ужываць імя Раман. У 1969 годзе ён стаў пробашчам у Кастамлотах.
Айцец Раман стараўся развіваць царкоўную візантыйскую традыцыю рознымі спосабамі. Парафія ў Кастамлотах прыцягвала шмат маладых людзей, якім пробашч адкрываў веды пра адзінства Цэркваў Усходу і Захаду. Кастамлоцкую царкву сьв. Мікіты, пасьля беатыфікацыі мучанікаў з Пратуліна ўчыніў асаблівым месцам іх культу.
У часе служэньня ў Кастамлотах апрацаваў Меналагіён (Месяцаслоў з біяграфіямі і літургічнымі малітвамі).
На польскую мову перакладаў лацінскія творы, упершарадзь аўтарства Станіслава Папчынскага, заснавальніка марыянаў. Шмат гадоў праводзіў заняткі лацінскае мовы ў навіцыяце марыянаў у Скурцу і ў марыянскай семінарый і Любліне.
Яго шматгадовая заложная праца ў нэа-унійнай парафіі, а таксама для развіцьця грэка-каталіцкай Царквы была ўзнагароджана ў 1998 годзе санам архімандрыта. Таго самага году быў ўзнагароджаны кардыналам Юзэфам Глемпам залатым медалём “Ecclesiae Populoque servitium praestanti”.
Архімандрыт Раман быў заўсёды зычлівы да шматлікіх гасьцей з Беларусі ў тым ліку вернікакў нашай Царквы. Беларускія грэка-католікі, моладзь і дзеці, праводзілі шматлікія спатканьні і летнікі на базе парафіі ў Кастамлотах. Беларускія семінарысты, цяперашнія маладыя грэка-каталіцкія сьвятары праходзілі літургічную і пастырскую практыку пад кіраўніцтвам а. Рамана.
У 2007 годзе ў выніку праблемаў са здароўем пасьля інсульту зрокся пасады пробашча ў Кастамлотах і быў перанесены ўладамі ордэна ў Марыянскі Дом Студыяў сьвятых Кірылы і Мятода ў Любліне.
Працягваў паслугу лектара лацінскае мовы ў навіцыяце, перакладчыка лацінскіх і стараславянскіх твораў і быў спаведніком грэка-каталіцкіх семінарыстаў, якія навучаюцца ў Любліне.
У 2008 годзе была дыягнаставана ракавае захвораньне, якое пагаршала стан яго здароўя. Не зважаюяы на цярпеньні ён стараўся служыць Царкве ў меру сваіх магчымасьцяў.
Так, а. Раман быў рэдактарам рэпрынтнае выданьне кнігі “Місія бельская айцоў Базыліянаў” з XVIII стагодзьдзя аўтарства а. Тыматэя Шчуроўскага.
Архімандрыт Раман памёр вечарам 26 сакавіка ў Цэнтры Анкалогіі Люблінскай Зямлі ім. Сьв. Яна з Дуклі ў Любліне пражыўшы 74 года, у тым ліку 57 гадоў як марыянін і 47 гадоў як сьвятар.
Вечная яму памяць Паводле біяграфіі апрацаванай а. Крыштафам Траянам MIC