
Святы Казімір з’яўляецца асабліва шанаваным у Літве, Беларусі і Польшчы як апякун моладзі.
Памёр ён 4 сакавіка 1484 г. у Гродне а яго рэліквіі знаходзяцца ў віленскай катэдры.
3 сакавіка 2011 г. Апостальскі Візітатар БГКЦ Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў Боскую Літургію ў капліцы Цэнтра св. Язэпа ў Мінску, на якой вернікі, а асабліва панамары, маліліся за беларускую моладзь, за узрастанне ў веры і любові да Царквы і Бацькаўшчыны.
***
Святы КазімірСын вялікага князя літоўскага і караля Польшчы Казіміра Ягелончыка і каралевы Альжбеты, нарадзіўся 3 кастрычніка 1458 г. у Вавельскім замку, што ў Кракаве.
Яго выхавацелем быў гісторык і кракаўскі катэдральны канонік Ян Длугаш.
Казімір рана пачаў удзельнічаць у палітычным жыцці, але разам з тым вылучаўся надзвычайнай пабожнасцю.
Ён штодзённа ўдзельнічаў у святой Імшы, шмат маліўся, здзяйсняў учынкі міласэрнасці, выклікаў вялікую прыхільнасць ва ўсіх, хто яго ведаў.
Пра незвычайную, узнёслую пабожнасць каралевіча Казіміра пісалі ўсе яго біёграфы, ад Захарыя Ферэры і Пятра Скаргі да аўтараў ХІХ ст.
«На самым ранку, як толькі адчыняліся дзверы святыні, святы каралевіч ужо кленчыў перад алтаром, з узнесенай душой, у постаці натхнёнай і разам з тым пакорнай і пакутніцкай, і заставаўся ў касцёле, пакуль яго не зачынялі. Тут ён забываўся пра ўсе патрэбы цела: не адчуваў голаду, холаду, стомленасці; быў нібы ў святой зачараванасці, імгненным, але бессмяротным разрыве з целам… Сярод цёмнай ночы зрываўся з пасцелі, пакрыёма выходзіў з пакою, адзін, босы, прыбягаў да замкавай святыні і, найчасцей знайшоўшы яе замкнёнай, клаўся ніцма перад яе парогам, акрапляў яго слязьмі і ў святым узнясенні малітвы заставаўся да світанку...».
У натхнёных вершах Казімір напісаў гімн Багародзіцы «Оmni die dic Mariae», вядомы пад яго імем і ўжываны ў касцёле ад 1499 г.
У 1483 г. хворы на сухоты Казімір прыехаў у Вільню, а на Каляды наведаў Гродна.
Здароўе яго хутка пагаршалася і памёр Казімір на світанку ў чацвер 4 сакавіка 1484 г. ў Гродне на 26-м годзе жыцця.
Яго цела было ўрачыста пахавана ў капліцы віленскай катэдры, заснаванай каралём Казімірам.
Кананізаваў каралевіча Казіміра ў 1602 г. Папа Клімент VIII (той самы, за якога была заключаная Берасцейская царкоўная Унія ў 1596 г.).
паводле Catholic.by