Беларуская Грэка-каталіцкая Царква адзначае 100-годдзе з дня нараджэньня выдатнага беларускага патрыёта, грэка-каталіцкага сьвятара, духовага настаўніка, культурна-асьветніцкага дзеяча, педагога, дасьледчыка гісторыі.Ніжэй зьмяшчаем ягоную кароткую біяграфію.
Архімандрыт Леў Гарошка (1911-2011 гг.)
Некалькі дадзеных з яго жыцьця і служэньняАрхімандрыт Леў Гарошка нарадзіўся 26 лютага (11 сакавіка паводле новага каляндара) 1911 году ў вёсцы Трашчычы на Міршчыне ў беларускай сям’і, у якой жыла яшчэ традыцыя Уніяцкай Царквы. Скончыўшы сямігадовую школу ў Міры ён жадаў паступіць ў тэхнічную школу ў Вільні, аднак яго туды не прынялі па прычыне дрэннага здароўя. Але Леў не пакінуў думкі, каб далей вучыцца і праз год здаў экзаміны ў Навагрудзкую беларускую гімназію, дзе вучыўся з 1923 па 1931 год. У 1931 годзе Леў Гарошка, якому было тады 20 гадоў, здаў матуральны экзамін і яму трэба было вырашыць, што рабіць далей?
Бог пакіраваў лёсам маладога Льва. Быццам прыпадкова, праз пасрэдніцтва дырэктара гімназіі Янкі Цеханоўскага і дырэктара беларускага музею ў Вільні Антона Луцкевіча, Леў Гарошка паступіў у Львоўскую грэка-каталіцкую багаслоўскую акадэмію, якой рэктарам быў тады д-р Іосіф Сліпый. У акадэміі Леў правучыўся пяць гадоў: 1931-1936 гг. Наступны акадэмічны год 1936/1937 ён навучаўся ў каталіцкім Багаслоўскім інстытуце ў Інсбруку ў Аўстрыі, як стыпендыст грэка-каталіцкага мітрапаліта Львоўскага Андрэя Шаптыцкага.
17 кастрычніка 1937 году Леў Гарошка быў рукапакладзены на сьвятара біскупам Мікітам Будкам у Львове. Першую Боскую Літургію навасьвятар Леў адслужыў ва ўніяцкай парафіі Дзелятычы, дзе парахам быў а. Вацлаў Аношка. Так пачаўся для а. Льва вельмі складаны шлях служэньня Богу і свайму народу на роднай беларускай зямлі. У пэрыяд 1937-1939 гг. сьвятар Леў служыў у розных каталіцкіх парафіях візантыйскага абраду (грэка-каталіцкіх) на тэрыторыі Пінскай дыяцэзіі лацінскага абраду: Любешаў,Угрынічы, Гародна, Стоўбцы.
У ваенны час 1939-1944 гадоў а. Леў працаваў настаўнікам беларускай і лацінскай моваў у гандлёвай і медычнай школах у Баранавічах. Пасьля выбуху нямецка-савецкай вайны а. Леў не адзін раз наразіўся немцам-акупантам і толькі дзякуючы Божаму Провіду выйшаў жывы.
2 траўня 1942 году зкзарх беларускіх грэка-католікаў Антон Неманцэвіч прызначыў а. Льва Гарошку сябрам Рады Экзархату.
Калі ў чэрвені 1944 году а. Леў быў вымушаны пакінуць Беларусь і апынуўся у Нямеччыне, ён хутка пачаў там душпастырскае служэньне сярод беларусаў-католікаў. У 1945 годзе а. Леў меў магчымасьць пераехаць у Рым, дзе жыў да 24 кастрычніка 1946 году. За гэты час у Рыме а. Леў выдаў друкам беларускі малітоўнік “Божым шляхам”.
У канцы кастрычніка 1946 году а. Леў быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Францыі ды выехаў у Парыж. Там, у 1947 годзе ён пачаў выдаваць беларускі рэлігійны часопіс “Божым шляхам” і быў яго рэдактарам да 1957 году.
У 1959 годзе а. Леў паступіў у Рыме ў ордэн Айцоў Марыянаў. У 1960 годзе ён быў высланы ў Лондан і біскупам Чэславам Сіповічам быў прызначаны рэктарам Беларускай Каталіцкай Місіі ў Вялібрытаніі. Там жа ў Лондане ў 1965 годзе а. Леў Гарошка быў пастаўлены ў сан архімандрыта.
З 1970 па 1977 год архімандрыт Леў Гарошка быў кіраўніком Беларускай рэдакцыі Ватыканскага радыё.
Памёр архімандрыт Леў у шпіталі ў Парыжы 28 ліпеня 1977 году. Пахаваны 8 жніўня 1977 году на могілках сьв. Панкрата ў Лондане.
Янка Мойсік