Сустрэча з сёстрамі з ордэну св. Тэрэзы Калькутскай.Напрыканцы кастрычніка валанцёры руху св. Мікалая з Віцебска і Магілёва здзейснілі пілігрымку ў Гомель да манастыра сясцёр ордэну св. Тэрэзы Калькутскай. Сёстры вядуць цэнтр сацыяльнай дапамогі бяздомным і хворым на алкагольную залежнасць, а таксама наведваюць хворых па дамах і ў лекарнях.
Валанцёраў вельмі ўразіла ўбогасць у якой жывуць сёстры. Яны ня маюць ні аўтамабіля, ні кампутара, ні тэлевізара, ні мабільных тэлефонаў, ні нават пральнай машыны. Яны усё робяць сваімі рукамі, нават самі сціраюць бялізну з усяго сацыяльнага цэнтру.
Сёстры кажуць, што самае важнае ў іх працы – гэта захаваць дух убогасці іх Заснавальніцы - Маці Тэрэзы, каб матэрыяльна не адрознівацца ад тых, каму яны служаць.
Валанцёры адзначылі вялікую духоўную карысць з гэтай сустрэчы. Прыклад сясцёр вучыць сапраўднаму, шчыраму хрысціянскаму служэнню бліжняму, якое не шукае матэрыяльнай карысці і славы.
Пілігрымка ў Гомель была таксама нагодай сустрэцца з вернікамі мясцовай грэка-каталіцкай парафіі Трох Свяціцеляў, якой духова апякуецца а. Васіль Ягораў.
а. Аляксандр Шыбека