Пошук

Каляндар

 

Малітва за памерлых на месцы былога канцлагера «Трасцянец»  


Малітва за памерлых на месцы былога канцлагера «Трасцянец»1 лістапада 2010 г. у межах праграмы асвячэння могілак у Мінску і Мінскім раёне адбылася малітва на месцы былога канцлагера «Трасцянец», што знаходзіцца ў мінскім мікрараёне Шабаны.

У 15.00 — у гадзіну Божай міласэрнасці — на месцы былога канцлагера каля памятнага знака з надпісам, які сведчыць пра тое, што тут былі спалены шматлікія людзі, распачалося набажэнства ў інтэнцыі супакою душаў тых, хто стаў ахвярамі фашызму.

Набажэнства ўзначалілі дэкан Серабранкаўскі кс. Ігар Лашук SDB і грэка-каталіцкі дэкан Цэнтральнага Дэканату а. Яўген Усошын. Удзел у набажэнстве прынялі таксама вернікі парафіі Хрыста Збаўцы (Шабаны).

Набажэнства за памерлых на месцы былога канцлагера адбудзецца таксама 6 лістапада ў 14.00, а ўзначаліць яго кс. Юрый Санько, пробашч парафіі ў Шабанах.

З гісторыі

Канцлагер Трасцянец, які знаходзіўся ў Мінску па сённяшняй вул. Сяліцкага, стаў месцам пакутаў і смерці шматлікіх людзей. У 1941–1944 гг. у раёне вёскі Малы Трасцянец былі забіты фашыстамі больш 206 000 чалавек рознага ўзросту і нацыянальнасцяў. Сярод іх — цывільнае насельніцтва, у тым ліку жыхары краін Заходняй Еўропы, удзельнікі антыфашысцкай падпольнай барацьбы і партызанскага руху, мінчане, арыштаваныя ў якасці заложнікаў, ваеннапалонныя.

Трасцянец — гэта адзін з самых масавых у свеце па ліку ахвяр лагераў смерці. Ён займае чацвёртае месца пасля лагераў у Асвенціме, Майданэку і Трэблінках, што ў Польшчы.

У пасляваенныя гады памяць ахвяр не была ўшанавана належным чынам. Гэтую трагедыю захавалі тры гранітныя помнікі і скверы ў вёсках Малы і Вялікі Трасцянец, дзе размяшчаліся крэмацыйныя ямы і печы. На месцы былога канцлагера плануецца стварыць мемарыяльны комплекс.


Паводле catholic.by

3.11.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier