Пошук
Нядзельнае казаньне
нядзеля
КАСТРЫЧНІКА |
Нядзеля 18-я |
ШМАТ ТРАДЫЦЫЯЎ – АДНА МОВА
![]() Дзякуючы міжканфесійнай ініцыятыве Цэнтра біблійных студый і багаслоўя (БГКЦ) і мінскага Цэнтра «Экумена» 23-24 кастрычніка 2010 г. пройдзе ў Мінску багаслоўска-духоўны Семінар і Круглы стол перакладчыкаў біблейскіх і літургічных тэкстаў на беларускую мову з удзелам а. Аляксандра Надсана Месца правядзення семінару і круглага стала: Грэка-каталіцкі цэнтр св. Язэпа, Мінск, вул. Арджанікідзе д. 6. Да ўдзелу ў Семінары запрошаныя а. Аляксандр Надсан, Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа і рэктар Беларускай каталіцкай місіі ў Лондане, Цэнтр біблійных студый і багаслоўя, Цэнтр «Экумена», супрацоўнікі Секцыі па перакладзе літургічных тэкстаў і афіцыйных дакументаў Касцёла пры ККББ, супрацоўнікі Біблейскай камісіі Беларускай Праваслаўнай Царквы, Праваслаўнае брацтва Трох Віленскіх мучанікаў, Праваслаўнае брацтва Канстанціна Астрожскага, душпастырства мінскага касцёла св. Сымона і св. Алены, Біблейскае таварыства Рэспублікі Беларусь, філолагі-беларусаведы. * * * Нягледзячы на тое, што беларуская Біблія была адной з самых ранніх перакладных Бібліяў у Эўропе канца XV- пачатку XVI стагоддзя, беларуская мова застаецца бадай адзінай з сучасных пісьмовых моваў, на якую дагэтуль няма сучаснага перакладу Бібліі з арыгінальных моваў (гэбрайскай, арамейскай, грэцкай). Адпаведна праблема стварэння сучаснай беларускай Бібліі стаіць надзвычай востра і актуальна як для ўсіх хрысціянскіх Цэркваў на Беларусі, так і для беларускага грамадства ў цэлым. Што датычыць літургічных перакладаў на беларускую мову, за апошні час быў зроблены значны прагрэс. Часткова апублікаваныя і шырока ўжываюцца рознымі хрысціянскімі канфесіямі літургічныя пераклады а. Аляксандра Надсана (за некалькі дзесяцігоддзяў ён пераклаў практычна ўвесь корпус бізантыйскіх літургічных тэкстаў з грэцкай мовы на беларускую). Рыма-каталіцкая Царква пераклала з лацінскай мовы і апублікавала літургічныя тэксты рымскага абраду. Існуюць таксама іншыя напрацоўкі ў гэтым кірунку. Аднак застаецца актуальнаю праблема разбежкі ў перадачы адных і тых самых літургічных і рэлігійных тэрмінаў рознымі канфесіямі, што стварае непрымальную з пункту гледжаньня беларускай лінгвістыкі сітуацыю. Задача гэтага семінару пачаць абмеркаванне гэтых і падобных праблемаў усімі зацікаўленымі бакамі як то: літургічнымі перакладчыкамі, біблістамі, лінгвістамі і прадстаўнікамі розных царкоўных супольнасцяў. Каардынатар ініцятывы: а. Аляксандр Аўдзеюк , 8 (029) 522 70 19 МТС; a.audzeyuk@gmail.com |
22.10.2010
|