Пошук

Каляндар

 

"Жыровіцкая Заступніца – Маці Еднасці, маліся за нас"  


"Жыровіцкая Заступніца – Маці Еднасці, маліся за нас"Казанне Старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Дастойнага Біскупа Аляксандра Кашкевіча, на святкаванні 280 гадоў каранавання Жыровіцкай Іконы Маці Божай, Слонім, 19 верасня 2010 г.

Найдастойны Прадстаўнік Святога Айца Бенедыкта XVI,
Апостальскі Нунцый у Беларусі, Архібіскуп Марцін Відавіч
Дастойныя Браты Біскупы
Пачэснае духавенства двух абрадаў Каталіцкага Касцёла

Шаноўныя Прадстаўнікі Ўлады

Дарагія ў Хрысце Браты і Сёстры


1. Дакладна 280 гадоў таму, 19 верасня 1730 г., на свята Раства Найсвяцейшай Дзевы Марыі паводле юліянскага каляндара, адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.

На той час было вядома тры выявы Жыровіцкай Іконы Маці Божай, якія праславіліся цудамі:
Першая – каменная, якая цудоўна з’явілася ў XV стагоддзі і знаходзілася ў Жыровічах;
Другая – ікона-фрэска з базыліянскага храма святых мучанікаў Сяргея і Вакха ў Рыме;
і Трэцяя (мастацкі спісак другой), якая была напісана на палатне, як копія рымскай Іконы-фрэскі.

Гэтая трэцяя ікона была прысланая з Рыму ў Жыровіцы і каранаваная папскімі каронамі. Пасля доўгай і складанай гісторыі яна зараз шануецца ў гэтым касцёле святога Андрэя ў Слоніме.

Жыровіцкая Ікона праславілася шматлікімі ласкамі, якія атрымлівалі верныя хрысціяне, што прасілі заступніцтва Маці Божай ў розных сітуацыях свайго жыцця. Рэха гэтых ласкаў і цудаў дайшло ажно да Рыма, дзе рашэнне «ўзлажыць на галаву Богадзіцяці Ісуса і Багародзіцы Дзевы ў г. Жыровіцах у храме айцоў Ордэна св. Васіля, Кіеўскага дыяцэза, залатыя кароны» было прынята ў 1726 годзе, у час пантыфікату Папы Бенядыкта ХІII (29 V 1724 – 21 II 1730). Але самая каранацыя мела месца ўжо за пантыфікату яго наступцы – Папы Клемента XII (12 VII 1730 – 6 II 1740).

Гэта была першая каранацыя папскімі каронамі абраза Маці Божай, што праходзіла на тэрыторыі сучаснай Беларусі.

2. На працягу стагоддзяў перад гэтай цудатворнай Іконай маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў. І гэтая пабожная традыцыя працягваецца і жыве і ў нашыя дні.

Гэта сапраўды вельмі радасны факт, што перад гэтай каранаванай Іконай можам і сёння маліцца разам – вернікі розных традыцыяў, усходняй і заходняй.

У спеве Акафісту, які вернікі спяваюць перад Жыровіцкі Абразом Маці Божай, паўтараецца прыпеў:
“Радуйся, ласкавая Ўладарка нашая і міласэрная Заступніца”
Гэты спеў нагадвае нам, што Маці Хрыста ёсць і нашай Маці,. Яна –
Маці і Міласэрная Заступніца. Яна з’яўляецца Ўладаркай нашых сэрцаў і заахвочвае нас, каб мы жылі паводле запаведзяў Яе Сына а нашага Збаўцы Ісуса Хрыста.

Евангелля, якое мы толькі што чулі ў гэтай Літургіі – святой Імшы ўсходняга – грэцкага абраду, адносіць да Найсвяцейшай Дзевы Марыі словы “Шчаслівыя тыя, што чуюць Слова Божае і захоўваюць яго”(Лк 11,28).

Калі мы сёння асабліва ўшаноўваем Багародзіцу, трэба, каб мы з верай прынялі гэтыя словы. Бо яны адносяцца да кожнага хрысціяніна. Трэба, каб мы слухалі Слова Божае і захоўвалі яго. Светлым прыкладам радаснага прыняцця і вернага захавання Слова Божага застаецца заўжды для нас Маці Божая – Найсвяцейшая Панна Марыя.

3. Касцёл у Беларусі ды ўсё нашае грамадства вельмі патрабуе, каб хрысціяне слухалі Слова Божае і былі яму паслушнымі, каб верна яго захоўвалі.

Таму сёння, перад каранаванай Жыровіцкай Іконай Маці Божай мы хочам маліцца, каб Слова Божае было сапраўдным святлом для нашага жыцця. Каб жыццё нашых сем’яў, каб жыццё моладзі і старэйшага пакалення ў нашай Краіне, было прасветленае Словам Божым.

Гэта патрэбна нам, гэта патрэбна ўсёй Еўропе. Бо заўжды ёсць патрэба вялікіх сведкаў веры, як нагадвае нам Святы Айцец Бенедыкт XVI у гэтыя дні падчас Апостальскага падарожжа да Вялікай Брытаніі.

Радуемся, што тут разам з намі моляцца пілігрымы з Расіі, Украіны, Польшчы і Літвы. Разам з імі молімся, каб праз Заступніцтва Маці Божай мы маглі быць вернымі Евангеллю Яе Сына Ісуса Хрыста.

Wierni chrześcijanie tradycji wschodniej i zachodniej, zebrani tu dziś pod przewodnictwem Jego Ekscelencji Arcybiskupa Martina Vidovicia, Najdostojniejszego Przedstawiciela Ojca Świetego Benedykta XVI, chcemy zgodnie modlić się, by przez Wstawiennictwo Najświętszej Maryi Panny, Matki Bożej, wszyscy chrześcijanie, zwłaszcza w Europie, byli zawsze wiernymi Ewangelii Jej Syna Jezusa Chrystusa.

Мы все, собранныя сегодня здесь, хотим молиться, чтобы через Заступничество Пресвятой Богородицы все христиане были верными Евангелию Её Сына Иисуса Христа.


Жыровіцкая Заступніца – Маці Еднасці, маліся за нас


Фота Васіля Кучаравага і Алы Невяровіч

21.09.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier