Пошук

Каляндар

 

Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай Царквы  


Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай ЦарквыУ нядзелю, 19 верасня 2010 г., у касцёле св. Андрэя ў Слоніме прайшлі святкаванні 280 гадоў каранавання папскімі каронамі Жыровіцкай Іконы Маці Божай. У гэтым касцёле ўшаноўваецца Абраз, на які ў 1730 г. былі накладзеныя папскія кароны.

А 10:00 гадз. грэка-каталіцкі міжпарафіяльны хор “Прасфара” з Мінска праспяваў Акафіст ў гонар Жаровіцкай Маці Божай. (Той жа хор спяваў і на Боскай Літургіі).

Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай ЦарквыУ 11:00 гадз. распачалася Боская Літургія ў грэка-каталіцкім абрадзе, якую ўзначаліў Прадстаўнік Святога Айца, Апостальскі Нунцый у Беларусі Ўладыка Архібіскуп Марцін Відавіч.
У службе ўдзельнічалі ерархі: Уладыка Тарас (Сэнків), Апостальскі Адміністратар Стрыйскай грэка-каталіцкай епархіі (з Украіны), Біскуп Гродзенскі Аляксандр Кашкевіч, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі, Біскуп Віцебскі Уладзіслаў Блін, віцэ-старшыня ККББ, і Архімандрыт Сяргей (Гаек), Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі, а таксама шматлікія святары візантыйскага і лацінскага абрадаў, сярод якіх а. правінцыял Марк Пшачэўскі і а. віцэ-правінцыял Андрэй Жылевіч – з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, што служаць у касцёле св. Андрэя ў Слоніме.

Сведчанне пра паўсюднасць Каталіцкай ЦарквыПрысутнічалі прадстаўнік Апарата Ўпаўнаважанага па справах рэлігій і нацыянальнасцей Дзмітрый Адамавіч Галоўчыц з Мінска і намеснік Начальніка Аддзела Ідэалагічнай працы Слонімскага райвыканкама Канcтантын Канстантынавіч Дзятчык.

Казанне прамовіў Біскуп Аляксандр Кашкевіч. Ён нагадаў вернікам, што на працягу стагоддзяў перад гэтай цудатворнай Жыровіцкай Іконай маліліся грэка-католікі, рыма-католікі, праваслаўныя, і што Жыровіцкая Маці Божая стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў. І гэтая пабожная традыцыя працягваецца і жыве і ў нашыя дні.

“Сёння, перад каранаванай Жыровіцкай Іконай Маці Божай мы хочам маліцца, каб Слова Божае было сапраўдным святлом для нашага жыцця, каб жыццё нашых сем’яў, жыццё моладзі і старэйшага пакалення ў нашай Краіне, было прасветленае Словам Божым”, – сказаў Біскуп Аляксандр.
Ён таксама накіраваў да пілігрымаў прывітанне на польскай, літоўскай і расейскай мовах.

На заканчэнне Боскай Літургіі ад імя Першаерарха Ўкраінскай Грэка-Каталіцкай Царквы Яго Блаславенства Любаміра (Гузара) і ад Сіноду Біскупаў УГКЦ словы прывітання да вернікаў накіраваў Уладыка Тарас.

Быў таксама зачытаны Прывітальны ліст Прэфекта Кангрэгацыі Ўсходніх Цэркваў Кардынала Леанарда Сандры і да вернікаў з Архіпастырскім Словам звярнуўся Апостальскі Нунцый у Беларусі Архібіскуп Марцін Відавіч.

У супольнай малітве ўдзельнічалі шматлікія вернікі з Беларусі, Літвы, Расіі, Украіны, Польшчы, Аўстрыі ды Італіі, з якіх больш за 600 прыступіла да Святога Прычасця.

Пасля Боскай Літургіі адбылася працэсія з Іконай Жыровіцкай Багародзіцы, якую неслі прадстаўнікі духавенства двух абрадаў. Падчас працэсіі спявалі хоры “Голас душы” і “Арханёл” з касцёла святых Сымона і Алены з Мінска. (Тыя ж хоры спявалі падчас братэрскай Агапы для пілігрымаў).

Уся ўрачыстасць, якую ўзначаліў Прадстаўніка Святога Айца, Апостальскі Нунцый у Беларусі Ўладыка Архібіскуп Марцін Відавіч, была каштоўным сведчаннем паўсюднасці Каталіцкай Царквы, якая нясе сваё служенне ў розных абрадаў.

Гэта быў час падзякі за апеку Маці Божай ды час малітвы аб Божым блаславенні для ўсіх жыхароў Беларусі.

20.09.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier