
8-га верасня 1730 г. адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі. Гэта акт выяўляў глыбокую пашану Беларускага Народу да Найсьвяцейшай Багародзіцы. Сёньня, 280 гадоў пазьней, стаіць пытаньне, пра актуальнасьць шанаваньня Багародзіцы.
Некаторыя асьпекты гэтага пытаньня абмяркоўваюцца ў юбілейных багародзічных катэхезах-разважаньнях.
II. Формы і сутнасьць багародзічнай пабожнасьціУшанаваньне Багародзіцы выяўляецца ў пэўных зьнешніх формах. У выпадку пабожнасьці – гэта формы малітвы і пакланеньня. У гэтых катэхітычных разважаньнях давайце коратка разгледзім дзьве формы малітвы да Багародзіцы і сфармулюем сутнасьць багародзічнай пабожнасьці.
Акафіст – біблійныя разважаньніМалітва – літургічная і індывідуальная – гэта самы дзейсны спосаб удзелу ў таямніцы Багародзіцы. Найбольш вядомай малітвай да Найсьвятой Дзевы ў візантыйскай традыцыі ёсьць акафіст. Акафіст – у перакладзе азначае сьпеў, пад час якога не сядаюць. Тэкст акафісту распавядае нам пра Евангельскія падзеі, заклікаючы нас да іх малітоўнага перажываньня. Вось чаму акафіст можна сьмела назваць біблійным разважаньнем.
Часамі вернікі, асабліва неафіты, які захапляюцца чытаньнем Бібліі, з якой толькі пачалі знаёміцца, пачынаюць адкідаць традыцыйныя формы пабожнасьці. Яны памылкова мяркуюць, што такія формы супярэчаць сапраўднаму пакланеньню Богу, які адкрываецца ім у Сьвятым Пісаньні. Аднак, як мы маглі ўжо пераканацца ў выпадку акафісту і ружанца, такія закіды абсалютна недарэчныя.
Багародзічныя іконыНаступнай формай марыйнай пабожнасьці зьяўляецца ўшанаваньне багародзічных іконаў. Найбольш вядомай у сьвеце такой іконай зьяўляецца ікона Маці Божай Уладзімірскай. Лічыцца, што яна ўяўляе сабою вяршыню іканаграфічнага мастацтва. Адна з прычынаў такога меркаваньня гэта тое, што ікона спалучае у сабе два іканаграфічных тыпы.
Звычайна ікона з выявай Багародзіцы належыць або да іканаграфічнага тыпу – Адзігітрыя, або да тыпу – Элеуса. Адзігітрыя – гэта тая, якая указвае дарогу, праваднічка. Еліуса азначае “Замілаваньне”. Да апошняга тыпу, дарэчы, належыць ікона Маці Божай Жыровіцкай, якая асабліва шанаваная ў нашай краіне.
Важнай асаблівасьцю багародзічных іконаў на Усходзе зьяўляецца тое, што амаль немагчыма (за некаторымі выключэньнямі) знайсьці багародзічную ікону з выявай Найсьвятой Дзевы без Дзіцятка! Багародзіца заўсёды зьяўляецца фонам, кантэкстам для падкрэсленьня таямніцы Ісуса Хрыста. На іконах тыпу «Адзігітрыя» Яна паказвае на Дзіцятка, даючы зразумець, што гэта Ісус знаходзіцца ў цэнтры і Яму належыць увага ўсіх, хто глядзіць на ікону. Гэтым жэстам Багародзіца таксама гаворыць нам пра таямніцу Ўцелаўленьня і Боскую прыроду свайго Дзіцяці. На іконах тыпу «Элеуса», дзе Багародзіцца пяшчотліва туліць Дзіця да Сябе, падкрэсліваецца мацярынства Дзевы Марыі і чалавечая прырода Ісуса Хрыста. Істотнай асаблівасьцю іконы таксама зьяўляецца таксама погляд Багародзіцы. Яна не ўзіраецца ў чалавека, які знаходзіцца перад іконай, Яе позірк праходзіць скрозь яго. Такім прадстаўленьнем марыйнага погляду іканапісцы зноў жа падкрэсліваюць нежаданьне Багародзіцы зьвярнуць на сябе ўвагу.
Сутнасьць Багародзічнай пабожнасьціВядомы тэолаг-бібліст Язэп Кудасевіч сваёй кнігай «Маці Адкупіцеля» адным з першых запачаткаваў білійную марыялогію. У прадмове да сваёй кнігі Кудасевіч зьвяртае ўвагу чытача на тое, што марыялогія ў сваёй сутнасьці зьвязана з Найсьвятой Тройцай. Назвы паасобных частак кнігі «Маці Адкупіцеля» выразна ілюструюць гэтую думку. Вось жа першая частка мае назву: «Госпад з Табою» (Лк 1, 28), другая - «І Маці Ісуса была там» (Ян 2, 1), трэцяя - «Сьвяты Дух сыйдзе на Цябе» (Лк 1, 35). У першай назве ключавым словам ёсьць «Сын». У гэтай частцы кнігі мы запрошаны разважыць Таямніцу Ўцелаўленьня і боскасьць Сына Марыі. У другой частцы галоўным словам ёсьць слова «Сын». Тут мы разважаем над Богамацярынствам Марыі і чалавечай прыродай Ісуса Хрыста. Урэшце трэцяя частка прапануе нам затрымацца над словамі «Сьвяты Дух». Сьвяты Дух ня проста сыходзіць на Багародзіцу дзеля спаўненьня яе місіі Ўцелаўленьня Божага Сына-Збаўцы, але таксама дзеля прызначэньня Найсьвятой Дзеве выключнай ролі «Пасярэдніцы ласкі», якая заклікае Сьвятога Духа для Царквы.
Як мы можам пераканацца, багародзічная пабожнасьць цесна зьвязана са Словам Божым, таксама як і з дагматычнай навукай Царквы. Каталіцкая Царква заўсёды нагадвала і нагадвае, што праўдзівае пакланеньне Багародзіцы не ў легкавернасьці, ці нетрывалых эмоцыях, але ў наследваньні Яе дабрадзейнасьцяў, цнотаў (Пар. LG 67).
Што гэта за цноты? Найлепшы спосаб даведацца пра іх – гэта разважаць Слова Божае Новага Запавету. Разважаючы Сьвятое Пісаньне лёгка заўважым подзьвіг Багародзіцы. Найсьвятая Дзева аб'яўляе нам сабою прыклад веры, даверу Богу. Багародзіца зьяўляецца нашай Настаўніцай у малітве, бо гэта Яна ўмела слухаць і памятаць Словы Божыя. Яна захавала вернасьць свайму Сыну да самага канца, да Яго крыжовай сьмерці.
а. Андрэй Буйніч