Пошук

Каляндар

 

ЮБІЛЕЙНАЕ РАЗВАЖАНЬНЕ ПРА БАГАРОДЗІЦУ  


Маці Божая Жыровіцкая, 1751 годМаці Божая Жыровіцкая, 1751 год8-га верасня 1730 г. адбылася каранацыя Жыровіцкай Іконы Багародзіцы папскімі каронамі.
Гэта акт выяўляў глыбокую пашану Беларускага Народу да Найсьвяцейшай Багародзіцы.
На працягу стагоддзяў перад гэтай Іконай маліліся грэка-католікі (уніяты), рыма-католікі, праваслаўныя. Жыровіцкая Заступніца стала сапраўды Маці Еднасці хрысціянаў.


Сёньня, 280 гадоў пазьней, стаіць пытаньне, пра актуальнасьць шанаваньня Багародзіцы.
Некаторыя асьпекты гэтага пытаньня абмяркоўваюцца ў юбілейных багародзічных катэхезах-разважаньнях.


І. Багародзіца: пра што маўчыць Сьвятое Пісаньне і літургічныя тэксты?


«Агучаная думка зьяўляецца ілжывай» - такое меркаваньне выказаў Ф.І. Цютчаў. Можна з гэтым сьцьвярджэньнем дыскутаваць, аднак нейкае коліва праўды ў гэтым сказе ёсьць. Быць можа мова ідзе тут пра тое, што рэчаіснасьць, у якой мы жывем, значна перабольшвае нас. Ці ж хопіць словаў, каб апісаць нашыя ўнутраныя перажываньні? Якая мова здолее выказаць прыгажосьць, якую нам удалося падглядзець у лесе, у горах?

Аднойчы я быў сьведкам, як шматлікія турысты фатаграфавалі мазаікі ў саборы Нотр Дам де Шартр. Яны рабілі гэта з такім захапленьнем, быццам былі ў стане ўзяць пабачаную прыгажосьць з сабой у фотаапараце да-дому... На жаль, у нашым інфармацыйным стагоддзі мы прызвычаіліся, што ўсё, што бачым і чуем, можна ўзважваць на гігабайты і піксэлы – аднак ці пры гэтым мы не пакідаем штосьці важнае за аб'ектывам камеры, штосьці намі незаўважанае?


Без камер да Багародзіцы

Калі Цютчаў мае рацыю, тады, каб не згубіць праўдзівасьць рэчаіснасьці, нам неабходна захаваць маўчаньне. Парадокс? Глупства? Што можа даць маўчаньне, на што яно прыдатнае?
Аднак маўчаньне – гэта не вакуум.
Маўчаньне сапраўды ня можа гаварыць, але яно можа быць вельмі вымоўным.

Вымоўна маўчыць таксама і усходняя тэалогія, якая ня мае асобнага трактату пра Дзеву Марыю. І гэта зусім не таму, што на хрысьціянскім Усходзе няма багародзічнага культу. Марыйная пабожнасьць праяўляецца ў шматлікіх іконах, літургічных тэкстах, народных сьпевах. Адсутнасьць тэалагічных разважаньняў пра Багародзіцу – гэта частка «марыйнай» таямніцы, якую мы, хрысьціяне візантыйскай традыцыі, перажываем у малітве літургічнай і асабістай.


Пачатак Гісторыі Збаўленьня

У Сьвятым Пісаньні ёсьць месцы, якія распавядаюць або якія можна зьвязаць з Багародзіцай. Літургічныя тэксты нашай візантыйскай традыцыі падрабязна пераказваюць гэтыя месцы ў адпаведных песьнях і трапарах. Сярод іх можна сустрэць таксама і такія тэксты, якія зьяўляюцца «бэкграўндам», на якім больш ясна, больш дэталёва пачынае вымалёўвацца таямніца і місія Багародзіцы.

Трапар на сьвята Дабравешчаньня пачынаецца словамі: «Сёньня пачатак нашага збаўленьня...». Дабравешчаньне Багародзіцы, вестка пра ўцелаўленьня Бога, дапаўняе і пераацэньвае ўсю Гісторыю Збаўленьня, апісанную ў Старым Запавеце. У сьвятле добрай навіны пра Ўцелаўленьне, скіраванай да Найсьвятой Дзевы Марыі, пачынае быць зразумелым, аб'яўленным у поўні план збаўленьня Богам нашага Сусьвету: «Спрадвечны плян Божы абвясьціў Табе, Сьвятая Дзева, Габрыэль» (песьні на «Госпадзе, Цябе клічу», мінэя: 24 сакавіка, на вячэрні).


Пачатак марыйнай (багародзічнай) пабожнасьці

Сьвятое Пісаньне і літургічныя тэксты вымоўна «маўчаць» пра месца Багародзіцы ў Гісторыі Збаўленьня. Арханёл Габрыэль зьяўвіўся перад Дзевай Марыяй, калі «прыйшла поўня часу» (Гал 4,4).
«Поўня часу» - гэта канкрэтны, найбольш адпаведны момант, прадвызначаны Богам для спаўненьня сваёй задумы. Нашая марыйная пабожнасьць пачынаецца менавіта ў момант сузіраньня гэтай «поўні часу», у момант зьдзіўленьня, подзіву велічы задумы нашага Творцы.

а. Андрэй Буйніч

8.09.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier