
Пачалася XVI-я штогадовая пілігрымка Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы.
Гэтая пілігрымка праходзіць ад аднаго месца мучаніцтва – Успенскай горкі ў Віцебску, дзе быў замучаны святы Язафат, да другога – Сафійскага сабору ў Полацку, дзе ў 1705 годзе загінулі манахі-базыльяне. Можна сказаць, што пілігрымка адлюстроўвае ўвесь шлях грэка-каталіцкай Царквы на Беларусі – шлях цярпення, шлях мучаніцтва за Еднасць паміж хрысціянамі.
Гэтая Еднасць у жыцці нашай Царквы не абмяжоўвалася толькі словамі, дэкларацыямі, заявамі. Гэта была рэальная еднасць у веры і Святых Тайнах паміж хрысціянамі дзвюх традыцый – усходняй і заходняй.
* * *
Пілігрымка праходзіць пад дэвізам “Ісці за Хрыстом пад покрывам Багародзіцы”.
Гэты год у Беларускай Грэка-Каталіцкай Царкве адмыслова прысвечаны Багародзіцы.
Трэба каб мы ўбачылі ў Багародзіцы не толькі прыклад матчынай любові, але таксама і прыклад таго, як цярпенне, дзякуючы супрацоўніцтву чалавека з ласкай Божай, прыводзіць да дабра.
Евангелле няшмат распавядае нам пра Багародзіцу. Мы ведаем толькі, што Яна была жанчынай, якая цярпела.
Цярпела, бо Яе Сын нарадзіўся ў такі незвычайны спосаб, што нават святы Язэп прыйшоў у замяшанне.
Цярпела, бо Ісус хадзіў па гарадах, прапаведаваў, а людзі таілі на Яго злосць.
Цярпела, калі Хрыста ўкрыжоўвалі, калі Ён паміраў.
Па-чалавечы кажучы, Яе лёс быў драматычны.
Але царкоўнае Паданне гаворыць нам, што Бог пасля Ўспення Багародзіцы захаваў Яе цела ад тленнасці.
Яна першая прайшла той шлях, які Бог прыгатаваў кожнаму чалавеку.
Яна ўкаранаваная Валадаркай неба і зямлі.
Ці магла б Багародзіца асягнуць такой славы, калі б пазбягала цярпенняў? Наўрад ці.
Наадварот, Яе цярпенні, Яе ахвяра стала нібы пралогам для ахвяры Хрыста. Але адначасова Яна паставіла сваю ахвяру на службу Богу.
* * *
Ці павінны мы сёння шукаць мучаніцтва, шукаць цярпення? Не.
Хутчэй цярпенне само нас знойдзе. І сярод розных цярпенняў, я хацеў бы, каб мы звярнулі асаблівую ўвагу на нашыя цярпенні за Царкву.
Чаму? Бо Царква – гэта не чарговая грамадская арганізацыя, якая існуе незалежна ад чыёйсці волі. Царква – гэта нашыя браты і сёстры, якія знаходзяцца ў патрэбе, матэр’яльнай ці духовай.
Царква – гэта нават няверуючыя людзі, якія ня ведаюць, што Хрыстос быў бы для іх вырашэннем праблемаў.
Царква – гэта святары, жывыя людзі, якія часта памыляюцца, якім не стае сіл, але якія аддалі сваё жыццё на служэнне Богу і людзям.
Цярпенні самі нас знойдуць.
Знойдуць, калі мы з адвагаю возьмемся за ўсялякія заданні, якія стаяць перад намі.
Калі мы пойдзем абвяшчаць Евангелле.
Калі мы пойдзем дапамагаць тым, што ў патрэбе.
Калі мы возьмемся за адбудову нашых храмаў.
Калі мы пачнем маліцца за нашых святароў, парафіі, Бацькаўшчыну.
Памятайма пра прыклад Багародзіцы, якая свае цярпенні замяніла ў блаславенне.
Памятайма таксама, што Яна вядзе нас да Хрыста, які сам пайшоў на дабравольную муку.
а. Андрэй Крот