
У сьвяце Маці Божай Будслаўскай, што праходзіць у Нацыянальным Санктуарыі ў Будславе 1 – 2 ліпеня ўдзельнічаюць шматлікія вернікі Грэка-каталіцкай Царквы.
Паводле шматгадовай традыцыі вечарам 1 ліпеня грэка-каталіцкімі сьвятарам быў адслужаны Акафіст да Багародзіцы.
У візантыйскай літургічнай традыцыі існуе шмат багародзічных акафістаў, а паколькі ў гэтым годзе ў Беларускай Грэка-каталіцкай Царкве ўзгадаюцца 280-я ўгодкі каранаваньня Жыровіцкай Іконы Багародзіцы – менскі міжпарафіяльны маладзёвы хор “ПРАСФАРА” адсьпяваў Акафіст ў гонар Жыровіцкай Іконы.
(Акафіст запісаны на CD, які можна атрымаць за ахвараваньне ў стэндзе БГКЦ пры будслаўскім санктуарыі).Сьвятары і семінарысты БГКЦ ўдзельнічаюць і ў сьвяточнай працэсіі а поўначы, а ў 2:00 гадз. начы адміністратар нашай парафіі Праведнага Язэпа - а. Алесь Аўдзяюк (наймаладзейшы сьвятар БГКЦ, рукапакладзены ў жніўні 2009 г.) узначальвае Боскую Літургію, якую разам зь іншымі сьвятарамі, служыць на алтары перад цудатворнай Іконай Маці Божай у будслаўскай базыліцы. На Літургіі сьпявае хор “ПРАСФАРА”.
Галоўную сьвяточную Імшу 2 ліпеня саслужыць Апостальскі Візітатар БГКЦ Ахімандрыт Сяргей (Гаек) разам зь іншымі біскупамі зь Беларусі. Сьв. Імшу ўзначальвае Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі Архібіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.
Падчас будслаўскага фэсту 1 – 2 ліпеня 2010 сьвятары БГКЦ спавядаюць пілігрымаў (у канфесыянале № 11), як знак духовай салідарнасьці з рыма-каталіцкімі пілігрымамі.