Пошук

Каляндар

 

Святая Еўфрасіння Полацкая, нябесная Заступніца Беларусі  


Святая Еўфрасіння Полацкая, нябесная Заступніца БеларусіДзень памяці святой Еўфрасінні Полацкай Цэрквы візантыйскай традыцыі адзначаюць 23 траўня (у Цэрквах, якія карыстаюцца юліянскім каляндаром, гэты дзень прыпадае на 5 чэрвеня).

* * *
Каля 1110 г. нарадзілася Еўфрасіння Полацкая, асветніца і нябесная заступніца Беларусі.

Дзяўчынцы, што прыйшла на свет у сям'і князя Святаслава-Георгія і княгіні Сафіі, далі старажытнае полацкае імя Прадслава. Князёўна з маленства чула паданні пра дзеда Ўсяслава, пра Рагнеду-Гарыславу ды іншых славутых продкаў, чыё жыццё прайшло пад знакам адданасці роднай зямлі. Пра іх апавядалі і запрошаныя бацькам настаўнікі - адукаваныя манахі, якія хутка навучылі ўнучку Чарадзея чытаць і пісаць. Першымі яе кнігамі былі Псалтыр, Часаслоў, жыццяпісы святых. Прыйдзе час, і сама яна зробіцца гераіняю такога жыццяпісу. Створыць яго пры канцы ХІІ стагоддзя ў Полацку невядомы аўтар, манах ці ігумен аднаго з манастыроў. Найкаштоўнейшы помнік старажытнабеларускае літаратуры «Жыццяпіс Еўфрасінні Полацкай» дойдзе да нас болей чым у сотні спісаў і будзе галоўнай крыніцаю біяграфічных звестак пра знакамітую палачанку.

Навука давалася Прадславе значна лягчэй, чым аднагодкам. У тыя часы дзяцінства было карацейшае, чым сёння. Мінулася князеўскай дачцэ дванаццаць гадоў - трэба збірацца замуж. Тым больш што слава аб Прадславінай прыгажосці і адукаванасці разнеслася «па ўсіх гарадах», і ў Полацак зачасцілі сваты. Вядома, бацькі намерыліся аддаць князёўну замуж за сына нейкага багатага валадара, але яна абрала іншую пуцявіну. «Святым духам напоўніўся розум яе, - гаворыцца ў «Жыццяпісе», - і сказала сабе: «Што будзе, калі надумае бацька аддаць мяне замуж? Калі здарыцца так, смутку гэтага свету нельга будзе пазбыцца!» І яшчэ сказала сабе: «Што ж паспелі роды нашыя, якія былі да нас? Жаніліся і выходзілі замуж, і княжылі, але не вечна жылі; жыццё іх праплыло, і загінула слава іхная, быццам прах, горай за павуцінне. Затое жанчыны, што жылі раней і, узяўшы моц мужчынскую, целы свае аддалі на пакуты, і паклалі галовы пад меч, а іншыя хоць і не схілілі шыі свае пад жалеза, але мячом духоўным адсеклі плоцкія асалоды - тых памятаюць на зямлі...» Прадслава прыйшла ў манастыр і пад імем Еўфрасінні таемна ад бацькоў прыняла пострыг, каб прысвяціць жыццё духоўнаму ўдасканаленню.

У Божай цвярдыні Еўфрасіння змагла цалкам аддацца кнігам, што зрабіла яе адной з сама адукаваных жанчын свайго часу ў Эўропе. Апроч Бібліі яна чытала творы рымскіх і візантыйскіх багасловаў, якіх шануюць як айцоў царквы. У полацкіх кнігазборах былі творы выдатнага хрысціянскага прапаведніка Іаана Залатаслова, а таксама славянскіх асветнікаў Кірыла і Мяфода. Князёўна вывучала Нестараву «Аповесць мінулых гадоў» і візантыйскія летапісы, якія знаёмілі з падзеямі сусветнай гісторыі. Да рук Еўфрасінні траплялі і трактаты візантыйскіх філосафаў Міхаіла Псёла і Іаана Італа, што пярэчылі афіцыйным багаслоўскім поглядам. Полацкая кніжніца магла чытаць працы Арыстотэля і Плятона, знаўцам якіх быў яе сучаснік Клімент Смаляціч.

Пражыўшы колькі гадоў у манастырскай слабодцы, князёўна пасялілася ў Сафійскім саборы, дзе, як паведамляе «Жыццяпіс», «нача книгы писати своими руками». Праца перапісчыка была настолькі фізічна нялёгкая, што ёю ў той час займаліся толькі мужчыны. Разам з перапісваннем царкоўных кніг, хронік, папулярных тады зборнікаў афарызмаў пяро асветніцы магло выводзіць радкі Полацкага летапісу. Еўфрасіння пісала і ўласныя творы-малітвы, павучанні, а яшчэ перакладала з грэцкай і лацінскай моваў. Вялікі размах пашырэнню пісьмовага слова яна надала, заснаваўшы ў Полацку жаночы, а потым і мужчынскі манастыры, дзе былі адчынены адмысловыя майстэрні па перапісванні кніг - скрыпторыі. У створаных рупнасцю ігуменні Еўфрасінні школах юныя палачане, апрача царкоўнаславянскае, вучылі грэцкую і лацінскую мовы, атрымлівалі звесткі па прыродазнаўстве і медыцыне, па навуцы красамоўства - рыторыцы. З найбольш здатнымі хлопчыкамі і дзяўчынкамі праводзіліся заняткі па паэтыцы і красамоўстве. Вялікая ўвага аддавалася гісторыі. Вучні мусілі добра ведаць радавод полацкай дынастыі, важныя падзеі з мінуўшчыны княства і ўсяго ўсходняга славянства.

Нястомна збіраючы вакол сябе таленты, Еўфрасіння стала нашай першаю мецэнаткай. На яе заказ мясцовы дойлід Іаан у 50-х гадах ХІІ стагоддзя ў зусім новых архітэктурных формах збудаваў за сорак тыдняў храм Спаса - вяршыню полацкай архітэктурнай школы. Ігумення была замоўцаю крыжа Лазара Богшы і ацалелых да нашых дзён унікальных фрэсак Спасаўскай царквы, сярод якіх знаходзіцца і верагодны партрэт самой асветніцы. З яе імем звязанае з'яўленне на нашай зямлі прывезенага з Візантыі абраза Божае Маці, вядомага як Адзігітрыя Полацкая.

Ігумення Еўфрасіння ніколі не губляла сувязяў з вонкавым светам, была ягонай настаўніцай і суддзёй. Пад час высылкі кіеўскім князем у 1129 годзе Рагвалодавічаў у Візантыю Ўсяславава ўнучка заставалася мо адзінаю прадстаўніцай полацкай дынастыі на радзіме. Знаходзячыся за манастырскімі сценамі, яна стала своеасаблівым сцягам змагання палачан за незалежнасць. Праз веча яна ўплывала на запрашэнне ў Полацак князёў і на прызначэнне епіскапаў, кандыдатуры якіх мусіў ухваліць агульны сход месцічаў. Са згоды Еўфрасінні ў 1132 годзе горад скінуў кіеўскага стаўленіка і абвясціў сваім князем роднага брата ігуменні Васільку Святаславіча. «Жыццяпіс» кажа, што яна не хацела нікога бачыць ворагамі: «ни князя со князем, ни бояри с боярином, ни служанина со служанином - но всех хотяше имети, яко едину душю». Міратворчыя клопаты Еўфрасінні, што мелі на мэце патушыць міжусобныя спрэчкі Рагвалодавічаў, адлюстраваліся ў царкоўных спевах, створаных у яе гонар у ХІІ стагоддзі: «Князем сродником друг на друга дерзающе подъяти мечь возбранила еси, яко оружие обоюдоостро словесем божим устрашающем...»

На схіле жыцця Еўфрасіння вырашыла здзейсніць духоўны вычын паломніцтва ў Святую Зямлю.

Пры канцы красавіка 1167 года ігумення і яе спадарожнікі сястра Еўпраксія і брат Давыд дасягнулі ерусалімскіх муроў. Там Еўфрасіння папрасіла Госпада, каб дазволіў ёй памерці ў Святым горадзе, дзе адбылося збаўленне чалавечага роду. У хуткім часе яна занядужала, на дваццаць чацверты дзень хваробы сканала і была пахаваная ў Ерусаліме ў Феадосіевым манастыры Святой Багародзіцы.

Палачане прызналі сваю асветніцу святой яшчэ восем стагоддзяў таму. Да паловы ХVІ стагоддзя Полацак быў галоўным духоўным цэнтрам беларускіх земляў. Адсюль шанаванне князёўны-ігуменні пашыралася па ўсёй Беларусі. Паступова святая Еўфрасіння стала ў свядомасці вернікаў нябеснаю заступніцай - патронкаю не толькі Полацка, але і ўсёй Бацькаўшчыны.

Разам з праваслаўнымі беларусамі найпадобнейшую Еўфрасінню паводле даўняе традыцыі прызнае святою і каталіцкая Царква.

Уладзімір АРЛОЎ

Крыніца: Уладзімір Арлоў, Генадзь Сагановіч. Дзесяць вякоў беларускай гісторыі.
Менск, 1997.

3.06.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier