«Справядлівасьць Божая - праз веру ў Ісуса Хрыста»Нядзеля, 21 ІІІ 2010 – V нядзеля Вялікага посту
запаведзі І, II і ІІI: “Любі Госпада Бога Твайго!” І. Я ГОСПАД БОГ ТВОЙ, НЯ МЕЙ ІНШЫХ БАГОЎ АПРОЧ МЯНЕ.1. Вось першая запаведзь, так як мы чытаем у Кнізе Выхаду:
“Я ГОСПАД, БОГ ТВОЙ, (...) ХАЙ НЯ БУДЗЕ Ў ЦЯБЕ ІНШЫХ БАГОЎ ПЕРАД АБЛІЧЧАМ МАІМ. НЕ РАБІ САБЕ КУМІРА І НІЯКАЙ ВЫЯВЫ ТАГО, ШТО НА НЕБЕ ЎГАРЫ, І ШТО НА ЗЯМЛІ ЎНІЗЕ І ШТО Ў ВАДЗЕ НІЖЭЙ ЗЯМЛІ...” (ВЫХ 20, 2-4).
2. Некаторыя хрысьціяне-нэапратэстанты мяркуюць, што гэтай запаведзьдзю Бог забараніў хрысьціянам карыстацца ў рэлгійным жыцьці іконамі, абразамі, фігуркамі Хрыста, Маці Божай і сьвятых… Аднак адзіная хрысьціянская Царква праз навучаньне 7-га Усяленскага Сабора ў 787 годзе, асудзіла гэрэзію, якая змагалася супраць такой формы пакланеньня Богу. Сапраўды, мы не пакланяемся самой іконе, як прадмету, але з дапамогай іконы мы пакланяемся Богу. Ікона, абраз – гэта акно ў духоўны сьвет. Тое, што мы карыстаючыся іконамі (абразамі, фігуркамі), не парушаем запаведзі Бога, ясна з самога Сьвятога Пісаньня.
Вось што напісана ў кнізе Выхаду пра зьнешні выгляд каўчэга Адкрыцьця (таго самага, у якім захоўваліся скрыжалі з запаведзямі (пар. Другі Закон 10, 5)) ў той самай кнізе Бібліі, дзе зьмешчаны таксама Божыя запаведзі: “Зрабі таксама накрыўку з чыстага золата: даўжыня яго два локці з палавінаю, а шырыня яго паўтара локця; і зрабі з золата двух херувімаў: чаканнага вырабу зрабі іх на абодвух канцах накрыўкі; зрабі аднаго херувіма з аднаго краю, а другога херувіма з другога краю…” (Вых 25, 17).
Цяпер, калі мы высьветлілі, што не забараняе першая запаведзь, зьвернем нашую ўвагу на тое, чаго першая запаведзь бяз сумніву ад нас патрабуе.
3. Першай запаведзьдзю Госпад Бог наказвае нам пакланяцца толькі Яму, адзінаму праўдзіваму Богу і ня мець ніякіх іншых ідалаў, куміраў. Першая запаведзь заклікае нас да станоўчай і актыўнай пазіцыі адносна Бога – прызнаньня і пакланеньня адзінаму Богу і Ягонай волі.
Калі гаворым пра станоўчую і актыўную пазіцыю адносна Бога, то маем на ўвазе, што Бог і ўсё што з Ім зьвязана: нашае ўнутранае і рэлігійнае жыцьцё, навука Каталіцкай Царквы нам не абыякава. Мы імкнемся памятаць пра Бога, пра прысутнасьць Яго ў нашым жыцьці.
Часамі можна сустрэць чалавека, які кажа пра сябе, што зьяўляецца католікам, аднак потым дадае, што ў касьцёл ня ходзіць і справамі веры не цікавіцца. “Чаму ж Вы лічыце сябе католікам?” – звычайна так запытваю яго? “А як жа? Я хрышчаны ў касьцёле, мае бацькі католікі, дзяды былі католікамі і я католік”. На жаль, шмат тых, хто прыходзіць у храм, робяць гэта па звычцы, можна б было сказаць да Бога “сваіх бацькоў”, яны ня ведаюць яго асабіста.
Мае дарагія, але ж Бог у першай запаведзі кажа так: Я Госпад, Бог твой! Не “Бог тваіх бацькоў”, заўважце, кажа Ён, але “Бог твой”! Нам трэба зьмяніць матывацыю, з-за якой мы залічаем сябе да католікаў. Адказ павінен быць такі: “Я – католік, бо я веру ў Бога і перакананы ў прысутнасьці поўні Божай ласкі ў Каталіцкай Царкве. Гэта МОЙ Бог, я веру ў Яго не таму, што мае бацькі верылі ў Яго, а таму, што я сам сустрэў Яго ў сваім жыцьці. Гэта Каталіцкая Царква – МАЯ, бо я пераканаўся ў яе праўдзівасьці”.
4. (Нашыя ідалы). Дарагія браты, дараія сёстры! Здавалася б, што прайшлі тыя часы, калі нашыя продкі пакланяліся ідалам. Аднак у нашыя часы іх колькасьць ня зьменшылася. Ідалам для нас можа стацца ўсё што заўгодна: кожная рэч, якую мы пачынаем шанаваць больш чым Бога і Ягоную волю.
Ва ўсе часы такімі ідаламі ставаліся грошы, улада, перабольшанае дагаджэньне целу. Заўважце, калі ласка, што ўсе гэтыя рэчы: грошы, улада і цела – не зьяўляюцца самі ў сабе грэшнымі, аднак злоўжываньне імі вядзе нас да граху.
Грошы – гэта рэч неабходная ў грамадстве. Але здабываньне грошаў кожнымі сродкамі, у тым ліку немаральнымі – грэх. Улада – таксама сама па сабе рэч добрая, але калі хто-небудзь злоўжывае ўладай: з-за гэтай асобы, напрыклад, гінуць людзі, наносіцца шкода супольнаму дабру і грамадству, тады – гэта грэх. Цела – добрая рэч, яно створана Богам. Чалавек – істота духоўна-цялесная. Аднак, калі мы забываем, што чалавек – гэта ня толькі цела, але і душа, злоўжываем матэрыяльным дабрабытам, тады – гэта грэх.
Возьмем канкрэтны прыклад: алкаголь. Сам па сабе алкаголь ня дрэнны. Аднак злоўжываньне яго выклікае алкагалізм. Алкагалізм – гэта паважны грэх.
5. (Пра аўтарытэт Царквы). Ёсьць таксама і іншыя рэчы, на якія зьвяртае нашую ўвагу першая запаведзь. А менавіта на паслухмянасьць аўтарытэту Царквы. Грашыць той, хто адмаўляецца прызнаваць аўтарытэт Каталіцкай Царквы ў галіне веры і маралі.
Вельмі часта можна сустрэць асобаў, які кажуць: “я католік, але я не лічу патрэбным хадзіць кожную нядзелю ў касьцёл”, або “я католік, але я не лічу патрэбным выконваць усе запаведзі”, або “я католік, але веру ў рэінкарнацыю”, “я католік, але я мяркую, што аборт гэта ня грэх”, або “я католік, але я не лічу патрэбным хадзіць да споведзі”...
Бачым, што ва ўсіх пералічаных сітуацыях чалавек абапіраецца на свой уласны аўтарытэт і ігнаруе навуку Каталіцкай Царквы! Навука Каталіцкай Царквы абапіраецца на Адкрыцьцё Божае і хрысьціянскі вопыт больш чым двух тысячагодзьдзяў, абапіраецца на Сьвятое Пісаньне і Паданьне (Традыцыю), на аўтарытэт наступнікаў Апостала Пятра. Калі ўсё гэта ўзгадваем, то хочацца задаць рытарычнае пытаньне: на што вышэйзгаданыя людзі абапіраюць свой непамыльны аўтарытэт, на 20 ці 70 год вопыту свайго ўласнага жыцьця?!
6. (Пра практычны атэізм). Мы, беларусы, лічым сваю краіну традыцыйна хрысьціянскай. Аднак чаму гэтае меркаваньне ніяк не ўплывае на нашае жыцьцё ў грамадстве? Калі чалавек верыць, то ён імкнецца паводзіць сябе паводле сваёй веры. Аднак жа бачым, што ў нашым грамадстве ўсьцяж шмат праблемаў, якія сьведчаць хутчэй пра тое, што людзі ў Бога ня вераць. Гэта і праблема абортаў, і алкагалізму, і усялякіх забабонаў (варажбітак, астролагаў і г.д.)...
Гэта азначае, што большасьць беларусаў, хоць і гавораць пра сябе, як пра хрысьціянаў, аднак сваімі ўчынкамі гэтаму запярэчваюць. На практыцы такія людзі – атэісты. Дарагія мае, сьцеражыцеся гэтага.
ІІ. НЯ ЎЖЫВАЙ ІМЕНІ БОЖАГА НАДАРЭМНАДарагія браты, дарагія сёстры!
1. Працягваем велікапосныя рэкалекцыі. Нагадваю, што тэма гэтых нашых разважаньняў – Дэкалог. Сёньня мы паразважаем пра ІІ запаведзь. Вось як яна гучыць у Бібліі, у Кнізе Выхаду:
“НЕ ВЫМАЎЛЯЙ ІМЯ ГОСПАДА, БОГА ТВАЙГО, МАРНА, бо Гасподзь не пакіне без пакараньня таго, хто вымаўляе імя Яго марна” (Вых 20, 7).
2. Што азначае вымаўленьне якога-небудзь імя? Вымаўляць імя – гэта клікаць таго, каму яно належыць. Калі мы вымаўляем імя Госпада, мы клічам Яго, просім, каб Ён прыйшоў і зьвярнуў на нас сваю ўвагу. Гэта нішто іншае, як малітва! Аднак, калі мы робім гэтак не ўсьведамляючы таго, што заклікаем Бога (звычайна ў стане эмацыянальнага ўзбуджэньня ці зьнерваваньня), то такое вымаўленьне і ёсьць марным. Вельмі часта можна пачуць: “О, Госпадзе!”, “О, Божа!”, “Сьвят, сьвят, сьвят...”, “ей Богу”, “Ну, слава Богу!”. Такія словы не зьяўляюцца малітвай, бо чалавек вымаўляе іх механічна.
Мова, словы – яны дадзеныя нам ад Бога, вось чаму яны так шмат важаць. Можна было б нават сказаць, што яны матэрыяльныя, бо зьмяняюць рэчаіснасьць. Ад нашых слоў залежаць размаітыя рэчы: пачынаючы ад добрага настрою нашага сябра, і заканчваючы жыцьцём другога чалавека. Калі мы пустасловім, ужываем нашую мову, не клапоцячыся пра наступствы, то мы таксама вымаўляем імя Госпада надарэмна. Робячы так, мы ігнаруем прысутнасьць у сьвеце Божага Провіду, тое, што Бог дзейнічае ў нашым жыцьці і нашых сэрцах.
3. Запаведзь кажа, што Бог не пакіне без пакараньня тых, хто парушае яе. Сапраўды, большасьць тых людзей, якія вымаўляюць імя Бога надарэмна, маюць праблемы з асабістай малітвай. Гэта адбываецца таму, што яны губляюць нешта сьвятое (сакрум), інтымнасьць, якая ўласьціва духоўнаму жыцьцю, адносінам паміж Богам і чалавекам. Пустаслоўе зьнішчае цішу, у якой Бог ахвотна прамаўляе да чалавека. Замест яе ў душу чалавека прыходзіць неўпарадкаванасьць, нежаданьне слухаць, няўменьне кантактаваць з іншымі, праклёны, адсутнасьць ветлівасьці, хамства...
Так, мае дарагія, не хачу падацца вам няветлівым, але, прынамсі ў горадзе Мінску, колькасьць хамства на асобу перабольшвае магчымасьці чалавека заставацца радасным, нават тады, калі ён хрысьціянін. Цікава, што нас робіць бязрадаснымі: заплёваныя пад’езды і маты суседзяў, нашая злосьць на іх, наша аднапакаёвая “хрушчоўка”?! Парадокс, але мы самі сябе робім бязрадаснымі, няшчаснымі.
4. Прысяга – гэта прызываньне Бога за сьведку, што я кажу праўду, або ў тым, што стрымаю сваё слова. У Новым Запавеце Ісус заклікае ўсіх сваіх вучняў, каб ніколі не зьвярталіся да прысягі. Нашае слова павінна быць настолькі праўдзівым, што дастаткова было даведацца пра нас, што мы хрысьціяне, каб не засумнявацца ў праўдзівасьці нашых слоў.
У штодзённым жыцьці, аднак, мы можам сустрэцца з сітуацыямі, у якіх ад нас патрабуюць прысягнуць. З урачыстай прысягай мы можам сустрэцца ў судзе ці ў парафіяльнай канцэлярыі. Парушэньне такой прысягі амаль заўсёды зьяўляецца цяжкім грахом.
ІІІ. ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СЬВЯТЫ СЬВЯТКАВАЦЬ.1. Трэцяя запаведзь у Бібліі, у Кніге Выхаду пададзена так:
“АЛЕ ПАМЯТАЙ ДЗЕНЬ СУБОТНІ, КАБ СЬВЯЦІЦЬ ЯГО...” (ВЫХ 20, 8). Бог стварыў сусьвет і чалавека. Ён ведаў, што чалавек зацікавіцца гэтым сьветам і будзе ім заняты так, што ня будзе мець часу, каб сустрэцца з Творцам. Вось чаму ад самага пачатку Ён паставіў умову: шэсьць дзён тваіх, а сёмы дзень мой – у гэты дзень Я прызначаю сустрэчу з табой.
Цікава, але гэта адзіная запаведзь, дзе Бог ужывае слова “памятай”. Госпад ведаў, што памятаць пра гэтую запаведзь будзе ня проста. Гэты сьвет накідвае нам свой рытм: рытм працы, тэлевізійных сэрыялаў, сустрэчаў з сябрамі, цікавых экскурсіяў, вакацыяў… Карацей, часу сапраўды няма. Шкада нават, што ў сутках толькі 24- ы гадзіны. “Я ня маю часу” – вось як часта мы гаворым і маем рацыю. Мы сапраўды ня маем часу. Час мае Бог.
Мы забываем пра тое, што менавіта Ён даў нам яго. Ён даў нам пры адной умове: “Але памятай дзень суботні, каб сьвяціць яго...” (Вых 20, 8). Мы на Судзе павінны будзем даць справаздачу за той час, які мы тут мелі на зямлі. Цікава, ці будзе гэта дастатковым апраўданьнем для нас, што мы ня мелі часу на рэлігійнае жыцьцё, на нядзельную Літургію?
2. Гэты сьвет накідвае нам свой рытм. У гэтым рытме лёгка загубіцца і забыць пра тое, што сапраўды для нас ёсьць важным. Вось чаму Каталіцкая Царква зьвяртае ўвагу на тое, што прысутнічаць на нядзельнай Імшы (Літургіі) ёсьць нашым абавязкам! Той хто дабраахвотна і без паважных прычынаў не прыходзіць на нядзельную Еўхарыстыю – цяжка грашыць.
Удзел у нядзельнай Літургіі – гэта не прыватная справа (“хачу пайду, хачу не пайду”). Таксама, як быць веруючым, католікам – справа публічная (нашая вера – не таямніца, кожны можа даведацца пра тое, што мы прыходзім у храм), гэтак жа ўдзел у нядзельнай Літургіі – гэта публічны выраз нашай веры. Колькі ж людзей можна сустрэць, якія кажуць: “Я католік, але ў касьцёл не хаджу...”. (Ды гэта ж тое самае, што сказаць, што кола квадратнае!)
Нядзельны ўдзел у Імшы, як бачым, мае грамадскае вымярэньне. Для веруючых нашых знаёмых мы даем дрэнны прыклад, а для няверуючых мы сьведчым, што вера – гэта не такая ўжо і важная рэч у жыцьці.
Мае дарагія! Але ж удзел у нядзельнай Імшы – ня проста павінен быць для нас цяжкім абавязкам! Ён павінен стацца для нас радасным прывілеем. Гэта ёсьць менавіта той момант, калі Госпад хоча падтрымаць нас сваёй ласкай, каб нам ісьці далей па жыцьці ў радасьці. Каб з сілай і энэргіяй пераадольваць цяжкасьці, якія нас напаткаюць.
Мяркую, што большасьць з тут прысутных на сваім вопыце пераканалася ў слушнасьці таго, пра што распавядаю. Не памылюся, калі скажу, што з цягам часу, калі чалавек рэгулярна, кожную нядзелю прыходзіць на Еўхарыстыю, то ў пэўны момант больш не ўяўляе свайго жыцьця без Імшы ў нядзелю.
3. У кантэксьце запаведзі пра сьвяткаваньне сьвятога дня, хацеў бы зьвярнуць вашую ўвагу на тое, што зьвязана яна з адпачынкам. Бог клапоціцца пра наш адпачынак. Трэба зазначыць, што мы жывем у такія часы, калі людзі амаль зусім развучыліся адпачываць.
У нас ёсьць электрычнасьць і машыны. Дзякуючы ім можна працаваць і ў дзень, і ў начы. Людзі намагаюцца пасьпяваць за машынамі і, як вынік, забыліся, як павінен выглядаць адпачынак. Добра, хай Бог нічога не казаў, што ў начы працаваць нельга, але Ён ясна сказаў адносна сёмага дня...
Мы непаважна ставімся да адпачынку, вось чаму ў грамадстве столькі стрэсу, дэпрэсіяў, іншых псіхічных захворваньняў. Паважнае стаўленьне да адпачынку – гэта паважнае стаўленьне да чалавека. Адміністрацыя фірмы, якая клапоціцца пра адпачынак сваіх супрацоўнікаў, робіць толькі на карысьць сваёй фірме.
На жаль у нашым постсавецкім грамадстве, у якім усё яшчэ дзейнічае логіка марксіска-леніскай філасофіі, усё наадварот: працуй, пакуль жывы, далей...- твае праблемы, чалавек – гэта дробязь. Вось яна самая вялікая памылка – памылка антрапалагічная, як сказаў Ян Павел ІІ. Бог жа – паважна ставіцца да нашага адпачынку, і ня дзіва – Ён нас паважае і любіць. А мы сябе?
а. Андрэй Буйніч