Пошук

Каляндар

 

Велікапосныя рэкалекцыі ў Мінску  


Велікапосныя рэкалекцыі ў Мінску «Справядлівасьць Божая - праз веру ў Ісуса Хрыста»

19 ІІІ 2010 – Уводзіны ў рэкалекцыі

Сьвяты Язэп – узор веры і справядлівасьці.

Усе дабрадзейнасьці чалавека, створанага на вобраз Божы, маюць сваёй крыніцай і ўзорам Божую дасканаласьць. “ Бог ёсьць Любоў” азначае, што ўсе Яго прыкметы, праяўленьні вынікаюць з любові. Таму калі мы кажам пра Божую справядлівасьць, то маем на ўвазе ня звычнае “аддаць кожнаму належнае”, бо Бог – не нейкі непамыльны пракурор ці прычынная карма.

Справядлівасьць Божая грунтуецца на Ягонай вернасьці ў тым, што чалавек – гэта “вельмі добра”, нягледзячы на яго падзеньне і адступніцтва. Таму ўся Божая справядлівасьць, ад выгнаньня Адама з раю да сьмерці на Крыжы і ўваскрасеньня Свайго Сына, скіравана на збаўленьне чалавека. У паніжэньні, спусташэньні Хрыста Айцец найбольш праявіў сваю “незразумелую” справядлівасьць.

Для чалавека, які ад пачатку пакліканы быць “удзельнікам Божай прыроды” (2 Петр. 1,4), справядлівасьць таксама азначала вернасьць – вернасьць Божаму слову, Яго Закону, выбранаму народу. Зразумела, што такая безумоўная вернасьць магла грунтавацца толькі на моцнай веры. Менавіта таму Аўрааму вера залічана была за справядлівасьць (Рым. 4,22). Біблія называе справядлівымі Ноя, Аўраама, Якуба, Майсея, Давіда, нягледзячы на іх недасканаласьць, якраз за вернасьць Ягвэ, часам насуперак “невідавочнасьці” Ягонага дабраславеньня.

* * *
Сьвяты Язэп працягвае традыцыю старазапаветных праведнікаў – аб гэтым сьведчыць ягоны радавод на пачатку Евангельля ад Мацьвея. Евангеліст кажа, што Язэп хацеў адпусьціць Дзеву Марыю, таму што быў справядлівы (Мц 1,19), гэта значыць, верны выкананьню Закона. Аднак справядлівасьць Язэпа пераўзыходзіць справядлівасьць Закону, хоць і не выконвае яго ў паўнаце, бо з міласэрнасьці Язэп хацеў адпусціць Багародзіцу таемна. Такім чынам, справядлівасьць Язэпа становіцца якраз вобразам справядлівасьці Божай. Вось таму сьвяты Язэп зьяўляецца для нас узорам справядлівасьці.

* * *
Калі глянуць павярхоўна, то вернасьць, паслухмянасьць Госпаду зьяўляецца для Язэпа чымсьці вельмі лёгкім, натуральным – пачуў ад анёла і выканаў. Бо мы бачым толькі вынік, за якім стаяць тысячагоддзі гісторыі чалавецтва і Ізраіля, а таксама асабістая непахісная вера сьв. Язэпа.
Чым больш уваходзіць Госпад у нашае жыцьцё, тым цяжэй часам зрабіць тое, да чаго Ён нас заклікае. Прасьцей паверыць у збаўленьне ўсяго чалавецтва і “агульную” любоў Бога да чалавека, чым ва ўласнае збаўленьне і любоў Айца да мяне асабіста. Бо гэта патрабуе адказу на Божае слова, на Ягоны поклік. І годным адказам становіцца толькі навяртаньне, зьмена звыклага, прыемнага ладу жыцьця, самаадрачэньне, асабісты крыж…

Хай прыкладам і ўзорам такога адказу будзе для нас сьвяты Язэп, Апякун Сьвятой Сям’і.

а. Васіль Ягораў

18.03.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier