Пошук

Каляндар

 
пятніца
КРАСАВІКА
Сёньняшняе чытаньне:

“20 гадоў Ты, Госпадзе корміш мяне Эўхарыстыяй”  


a. Аляксандр Надсан разам з а. Андрэем Абламейкайa. Аляксандр Надсан разам з а. Андрэем Абламейкай11 сакавіка 1990 г. Апостальскі Візітатар для беларусаў замежжа а. Аляксандр Надсан адслужыў ў Менску Боскую Літургію ў візантыйскім абрадзе на беларускай мове. Гэта была першая адкрытая грэка-каталіцкая Літургія ў паваеннай Беларусі.

20 гадоў таму, у 1990 годзе мы жылі яшчэ ў Савецкім Саюзе і “афіцыйна” Грэка-Каталіцкай Царквы ў БССР не было, але гэта не азначае, што не было грэка-каталікоў, ці ніхто не думаў пра адраджэньне нашай Царквы. Наадварот, праз усе часы забароны, ад гвалтоўнага зьнішчэньня і праз гады фальшаваньня гісторыі, былі людзі, якія ведалі Праўду і рабілі тое што маглі, кожны на сваім мейсцы.

Прышоў час і гэтая самаахвярная праца, вернасьць Праўдзе і нязломнасьць прынеслі свой плод. З “перабудовай” і “галоснасьцю” маладыя людзі, якія шукалі праўду пра сябе, якія шукалі сваю тоеснасьць, маглі адкрыта гаварыць пра нашую гісторыю і Грэка-Каталіцкую Царкву. У гэтыя гады шмат моладзі і старэйшай інтэлігенцыі прынялі ідэю Уніі, як асаблівы шлях разьвіцьця Беларускага народа.

12 лістапада 1989 года у вёсцы Баруны, старажытным грэка-каталіцкім цэнтры, айцец Янка Матусевіч арганізаваў сьвята Сьвятамучаніка Язафата Полацкага; ад гэтага часу, думкі пра адраджэньне Царквы ўжо перасталі быць такімі не рэальнымі. Пачалі ажыцяўляцца канкрэтныя справы: арганізавалася маладзёвая суполка “Унія”, пачалася праца па падрыхтоўцы грэка-каталіцкай газэты ці нават часопіса – усё для папулярызацыі справы аднаўленьня душпастырскай дзейнасьці Царквы.

І сталася… 10 – 16 сакавіка 1990 г. ў Беларусь прыехаў айцец Аляксандр Надсан, Рэктар Беларускай Каталіцкай місіі ў Лондане і Апостальскі Візітатар для беларусаў грэка-каталікоў замежжа. Айцец прыехаў з дабрачынным грузам для дзетак з Гомельшчыны. Ён сустрэўся з групай моладзі, якая называла сябе суполка “Унія”. Гэта сустрэча, якая адбывалася на кватэры Сяржука Абламейкі ў Менску была вызначнай. Маладыя людзі зразумелі – яны не адны, ў асобе айца Аляксандра яны маюць пераемнасьць ад нашых вялікіх айцоў: Біскупа Чэслава Сіповіча, Біскупа Уладзіміра Тарасэвіча, архімандрыта Льва Гарошкі, айца Язэпа Германовіча, айца Тамаша Падзявы і іншых, іншых…

Больш таго у нядзелю 11 сакавіка 1990 г. айцец Аляксандр адслужыў у касьцёле Ўзвышэньня Крыжа на Кальварыі Боскую Літургію Яна Златавуснага, якая сталася першай непадпольнай грэка-каталіцкай Літургіяй у паваеннай Беларусі. На Літургію прыйшлі сотні людзей, адчуваўся сьвяточны настрой.

Увогуле тыя дні прыезда айца Аляксандра былі адметныя, але падчас Эўхарыстыі наступілі сутнасныя зьмены на шляху адраджэньня, мы перасталі быць групамі моладзі і інтэлігенцыі – мы сталіся Царквою. У гэтай Боскай Літургіі мы паядналіся з усёй Сусветнай Царквою, сталі выразам адзінства Народу Божага (пар. LG 11).

Аднаўленьне літургічнага жыцьця Царквы стала крыніцай і падмуркам адраджэньня структураў Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы. А тое, што гэтая Літургія сталася крыніцай новых пакліканьняў да сьвятарства, я магу засьведчыць на сваім прыкладзе…

а. Андрэй Абламейка, Гамінг, Аўстрыя

11.03.2010

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier