Пошук

Каляндар

 

ЗАЎПАКОЙНАЯ ЛІТУРГІЯ ЗА СЬВЯТОЙ ПАМЯЦІ ВЕРУ РЫЧ  


ЗАЎПАКОЙНАЯ ЛІТУРГІЯ ЗА СЬВЯТОЙ ПАМЯЦІ ВЕРУ РЫЧНа 9-ты дзень пасьля сьмерці сьвятой памяці Веры Рыч - 29 сьнежня 2009 г. - у капліцы Душпастырскага цэнтра Сьв. Язээпа ў 18:30 была адслужаная заўпакойная Літургія за спачын яе душы. Літургію адслужыў архімандрыт Сяргей.

Спадарыня Вера ціха адышла да Бога каля нядзелі 20 сьнежня ў сваім дому, да самага апошняга дня захаваўшы лучнасьць з Беларусьсю і Беларускай Царквой.

Вядомая паэтка, перакладчыца, культурны дзеяч і проста цудоўны чалавек нарадзілася 73 гады таму ў Лёндане. Зацікавіўшыся Беларусьсю яна вывучыла беларускую мову і ўжо ва ўзросьце 21 года друкуе першы з вялікага шэрагу ейных перакладаў з беларускай на ангельскую мову.
Пасьпела яна шмат: пераклады Купалы і Коласа, Цёткі і Багдановіча, Арсеньневай і Геніюш, "Пінскай шляхты" ды "Тараса на Парнасе" ды шматлікіх іншых беларускіх аўтараў і твораў, не забываючы друкаваць свае ўласныя зборнікі цудоўных вершаў.
Над перакладамі яна працавала да апошняга, працуючы ў апошнія дні над кнігай Уладзіміра Арлова, якую так і не пасьпела скончыць, як, уласна, і "Новую зямлю"...

Дзякуючы ейным візітам на Беларусь шмат хто меў магчымасьць пазнаёміцца з ёю асабіста, тым больш што яна заўжды была адкрытай на людзей і на новыя знаёмствы...
Мы цешымся, што пры апошім сваім візіце ў Менску спадарыня Вера Рыч была госьцем і нашае Парафіі Праведнага Язэпа.
Памяць аб ёй застанецца ў нашых сэрцах і, у асаблівы спосаб, у нашых малітвах да Нябеснага Валадара і Госпада нашага за блаславёны супачын яе душы.

а.Алесь Аўдзяюк

29.12.2009

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier