Пошук

Каляндар

 

Сьвяты Язэпе, малі Бога за нас!  


Сьвяты Язэпе, малі Бога за нас!Віншаваньні з нагоды Парафіяльнага сьвята
Вернікам Парафіі Праведнага Язэпа віншаваньні з нагоды Парафіяльнага сьвята даслаў былы пробашч Парафіі - а. Андрэй Абламейка.

Дарагія Браты і Сёстры !

Віншуем вас з нашым парафіяльным Сьвятам!

Пішам нашым таму, што парафія Сьвятога Язэпа заўсёды застаецца для нас Радзімай Духоўнай.
Радзіму, як бацькоў і сваякоў не выбіраюць, і Вы, нашая парафія, сталіся для нас сапраўдным Божым дарам і сьведчаньнем Хрыстовай Любові і адданасьці Богу і Царкве! Будзьце ж і надалей Сьведкамі Евангелья для Беларускага народу ў такія нялёгкія часы, заўжды насьледуйце нашага нябеснага апякуна Сьвятога і Праведнага Язэпа!

На гэтым мейсцы хочацца кожнага з вас абняць ды прыгадаць сабе і вам словы з Евангельля: “вось, анёл Гасподні ў сьне явіўся яму і сказаў: Язэпе, сыне Давідаў! ня бойся прыняць Марыю, жонку тваю; бо зачатае ў Ёй ёсьць ад Духа Сьвятога; і народзіць Сына, і дасі Яму імя: Ісус, бо Ён уратуе людзей Сваіх ад грахоў іхніх. А ўсё гэта сталася, каб збылося сказанае Госпадам праз прарока, які кажа: “вось, Дзева ва ўлоньні зачне; народзіць Сына, і дадуць Яму імя: Эмануіл, што азначае: з намі Бог”. Устаўшы ад сну, Язэп зрабіў, як загадаў яму анёл Гасподні…”(Мц.1.20-24)

Сьвяты Язэпе памагай і нам усім жыць згодна загадаў Гасподніх!

Узгадвайце часамі нас ў малітве, каб і нашыя жыцьцёвыя выбары і нашая вучоба былі на Славу Божую ды на карысьць Царкве.
Хрыстос нарадзіўся! Яго славім!

Вашыя ў Госпадзе, парафіяне парафіі Сьвятога Язэпа,
Андрэй і Сьвятлана Абламейкі
ды нашыя дзеці: Багдан, Альжбэта і Наста.

26.12.2009

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier