Пошук

Каляндар

 

ЦЭРКВЫ ПЕРАД ВЫКЛІКАМ КРЫЗІСАЎ  


ЦЭРКВЫ ПЕРАД ВЫКЛІКАМ КРЫЗІСАЎМіжканфесійная канферэнцыя ў Адэсе

23 верасьня 2009 г. в Душпастырскім доме Апостала Паўла (Нямецкай Евангелічна-Лютэранскай Царквы ва Ўкраіне) распачалася міжнародная канферэнцыя ”Цэрквы Ўкраіны перад выклікамі сучасных грамадскіх крызаў”.

Канферэнцыя, якая праходзіць 23-25 верасьня 2009 г., арганізаваная міжнароднай міжканфесійнай групай «Прымірэньне” у рамках праекту ”Прымірэньне ў Еўропе – заданьне Цэркваў ва Ўкраіне, у Беларусі, Польшчы і Нямеччыне”.

Паводле праграмы Канферэнцыі на працягу трох дзён прадстаўнікі праваслаўных, лютэранскіх, рыма-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх Цэркваў Украіны, Беларусі, Польшчы і Нямеччыны будуць размаўляць пра крызы, з якімі сутыкнуліся ў пачатку ХХІ стагоддзя грамадствы Цэнтральнай і Ўсходняй Еўропы.

Гасьцей канферэнцыі прывітаў глава Нямецкай Евангелічна-Лютэранскай Царквы ва Ўкраіне біскуп Уланд Шпалінгер. У сваёй прамове ён адзначыў важнасьць гэтай сустрэчы, атмасферу адкрытасьці і даверу, асабліва падкрэсьліўшы факт абмежаванасьці нашага чалавечага і ўнутрыцаркоўнага досьведу. ”Мы не абмежаваныя няпраўдай, што толькі нашая пазіцыя адзіна і абсалютна слушная”, -- сказаў біскуп і заклікаў удзельнікаў адважна переадольваць межы, якая падзяляюць Цэрквы і народы.
Ад імя першаярарха Украінскай Праваслаўнай Царквы мітрапаліта Уладзіміра (Сабадана) удзельнікаў прывітаў біскуп Макарскі Іларый.

З пасланьнем да ўдзельнікаў канферэнцыі зьвярнуўся Вярхоўны Архібіскуп УГКЦ кардынал Любамір (Гузар). У звароце першаярарха УГКЦ, які зачытаў старшыня Камісіі УГКЦ па справах адзінства хрысьціянаў дыякан Ігар Шабан, у прыватнсьці было сказана: ” Крыза – гэта грэцкае слова, якое азначае момант, калі трэба спыніцца, каб зразумець, куды ісьці. Я думаю, што крыза – гэта здаровая зьява, таму што дапамагае нам задумацца. Кожная крыза мае свой вобраз. Цяперашняя крыза – ня толькі фінансавая. Гэта крыза розуму і сэрца. Эканамічная крыза – гэта толькі зьнешняя праява ўнутранай крызы нашай істоты. Мы павінны выйсьці лепшымі з гэтых непрыемнасьцяў, павінны нечаму навучыцца, здабыць новы досьвед”.

Біскуп Мар’ян Бучак, Старшыня Камісіі спрыяньня хрысьціянскаму адзінству рыма-каталіцкай Канферэнцыі Біскупаў Украіны, сказаў: ”Людзі, якія прыходзяць у розныя Цэрквы, маюць адны і тыя ж чалавечыя праблемы. Мы павінны засяродзіць свае намаганьні на тым, каб дапамагчы людзям прымірыцца з Богам, зьмяніць нашыя ”каменныя сэрцы на жывыя” (Ез 11,19). Усе мы павінны ісьці спачатку да Бога і тады, прымірыўшыся з Ім, гаварыць пра прымірэньне паміж сабою”.

У склад беларускай групы удзельнікаў Канферэнцыі уваходзяць: сп. Мікола Матрунчык (Беларускі Экзархат РПЦ), пастар Уладзімір Татарнікаў (Евангелічная Царква), кс. Юры Санько (Рыма-Каталіцкая Царква ў Беларусі) і а. Андрэй Крот (Беларуская Грэка-Каталіцкая Царква).

У працы канферэнцыі акрамя прадстаўнікоў Цэркваў, прымаюць удзел прадстаўнікі дзяржаўных ды гарадскіх уладаў а таксама рэлігіязнаўцы і тэолагі.

Даведка: Ініцыятыва ”Прымірэньне” узьнікла ў 1974 годзе па ініцыятыве Нямецкай Евангелічна-Лютэранскай Царквы і Польскай Экуменічнай Рады. Удзельнікі маюць на мэце выпрацоўку праекту прымірэньня паміж краінамі-суседзямі: Польшчай і Нямеччынай.

У 1995 годзе ініцыятыва была пашыраная за кошт новых удзельнікаў: Украіны і Беларусі. Так узьнік праект ”Прымірэньне ў Еўропе – заданьне Цэркваў ва Ўкраіне, у Беларусі, Польшчы і Нямеччыне”, які ў 1997 годзе быў прадстаўлены на Другой Еўрапейскай Экуменічнай Асамблеі ў Грац.

Некаторыя рабочыя сустрэчы гэтай ініцыятывы праходзілі і ў Беларусі.

Аляксандр Даброер, Адэса

24.09.2009

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier