“КАШТОЎНАЯ ТРАДЫЦЫЯ ЗААХВОЧВАЕ ДА МАЛІТВЫ”
Экуменічнае сьвяткаваньне парафіяльнага сьвята ў ЛужкахУ парафіяльным сьвяце Нараджэньня Маці Божай у рыма-каталіцкай Парафіі у Лужках (Глыбоччына) 8 верасьня 2009 г. – чарговы раз удзельнічалі грэка-католікі. Гэта парафіяльнае сьвяткаваньне было ўключана ў Юбілейны Год рыма-каталіцкай Віцебскай дыяцэзіі. Сьвяточную Службу ўзначаліў Апостальскі Візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек), з якім саслужылі ераманахі з ордэну Айцоў Піяраў з Ліды і Шчучына. Прысутнічалі шматлікія рыма-каталіцкія сьвятары з навакольных парафіяў а таксама шматгадовы душпастыр мясцовай праваслаўнай парафіі. “Храм, у якім мы сёньня молімся, быў пабудаваны айцамі піярамі і быў ён сьведкам духовага клопату Касьцёла пра навучаньне моладзі. У мястэчку Лужкі дзейнічала ў свой час і уніяцкая царква. Каштоўная традыцыя заахвочвае нас усіх да малітвы. Гэта вельмі добра, што можам тут сёньня маліцца ў экуменічнай супольнасьці: рыма-католікі, грэка-католікі (якіх калісьці называлі ўніятамі), праваслаўныя. На пачатку новага навучальнага году хочам асабліва маліцца за моладзь і за ўсіх настаўнікаў. Хочам таксама ўзгадаць у малітве тых, хто адышоў да вечнасьці і склаў сьведчаньне вернасьці хрысьціянскім каштоўнасьцям” – сказаў у казаньні Архімандрыт Сяргей. Пасьля Службы ў касьцёле сьвятары і вернікі маліліся таксама на мясцовых каталіцкіх магілках.
|