Пошук

Каляндар

 

Адышоў да Госпада Патрыярх Алексій ІІ  


Адышоў да Госпада Патрыярх Алексій ІІ
5 сьнежня 2008 г. адышоў да Госпада - на 80-тым годзе жыцьця - Першаярарх Рускай Праваслаўнай Царквы Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ. «Сьвяцейшы Патрыярх памёр у сваёй рэзідэнцыі ў Перадзелкіна», — паведаміў кіраўнік прэс-службы Маскоўскага Патрыярхату сьвятар Уладзімір Вігілянскі.

4 сьнежня 2008 г. ва ўрачыстасьць Уваходу ў храм Багародзіцы, Патрыярх Алексій ІІ адслужыў сьвяточную Боскую Літургію ва Успенскім саборы Крамля.

Адышоў да Госпада Патрыярх Алексій ІІ
Плануецца, што адпяваньне заснулага Парыярха Алексія ІІ адбудзецца ў храме Хрыста Збаўцы ў Маскве, у якім прыме ўдзел таксама Мітрапаліт Мінскі і Слуцкі Філарэт.

Патрыярх Маскоўскі і ўсяе Русі Алексій ІІ — пятнаццаты першаярарх Рускай Праваслаўнай Царквы з часу ўсталяваньня патрыярхату ў Маскве ў 1589 г.

Адышоў да Госпада Патрыярх Алексій ІІ
Грэка-католікі Беларусі выказваюць хрысьціянскае спачуваньне ярархам і вернікам Рускай Праваслаўнай Царквы ды - у поўнай сулучнасьці са Сьвятым Айцом Бенядыктам XVI, які накіраваў Сьвяшчэннаму Сіноду Рускай Праваслаўнай Царквы словы сваёй духовай блізкасьці - “у малітвах просяць, каб Госпад прыняў Свайго нястомнага слугу у Валадарства вечнага супакою і радасьці і дараваў пацеху ўсім, хто смуткуе аб яго зыходзе”.

Вечарам 5 сьнежня 2008 г., у Душпастырскім Цэнтры сьв. Язэпа з Менску, Апостальскі Візітатар Беларускай Грэка-Каталіцкай Царквы Архімандрыт Сяргей (Гаек) адслужыў паніхіду за супакой душы заснулага Патрыярха Алексія ІІ.

У блаславёным сьне яго
дай, Госпадзе, знайсьці вечны супакой
душы заснулага слугі Твайго
і ўчыні яму вечную памяць.

5.12.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier