Кардынал Майкл Чэрны пракаментаваў адгартацыю “Dilexi te”. Любоў да бедных – гэта пачатак любой магчымай рэформы ў Касцёле і па-за ім, адзначыў іерарх.
Прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека ў інтэрв’ю інфармацыйнаму агенцтву “SIR” падзяліўся думкамі наконт першай апостальскай адгартацыі Папы Льва XIV “Dilexi te”. Ён падкрэсліў, што дакумент не з’яўляецца нейкім “дадаткам”, але ўяўляе сабой “вяртанне да вытокаў Евангелля”.
Любіць, як любіў Езус, не абстрактна, а ў канкрэтнай гісторыі
Іерарх патлумачыў, што перавага, якая аддаецца бедным, пра што піша Святы Айцец, патрабуе дазволіць, каб нас закрануў іх крык, які пераплятаецца з крыкам зямлі.
“Гэта адзіная просьба, якая патрабуе справядлівасці, навяртання і блізкасці”, - сказаў кардынал. На яго думку, перамены пачынаюцца з супольнасцей: “Сустрэча з беднымі – гэта не выпадковая шчодрасць, а сапраўдны вопыт слухання і адносін”.
Адгартацыя “Dilexi te” аднаўляе мару пра Касцёл бедны і для бедных, асуджаючы няроўнасць і заклікаючы да справядлівасці, міласэрнасці і годнасці для ўсіх.
Святы Айцец нагадвае, што міласэрнасць з’яўляецца не чымсьці факультатыўным, а канкрэтным шляхам да святасці. Вера становіцца вартай даверу толькі тады, калі яна перажываецца ў штодзённасці, нават у малых жэстах: “Маці, якая гатуе крыху больш, бацька, які ахвяроўвае гадзіну свайго часу: вось як любоў становіцца канкрэтнай”.
Супольная адказнасць – гэта не толькі касцельны прынцып, але і грамадскі стыль
Кардынал Чэрны таксама падкрэсліў грамадскую каштоўнасць дакумента. “Супольная адказнасць – гэта не толькі касцельны прынцып, але і грамадскі стыль. Вера і грамадская актыўнасць ідуць поруч, асабліва калі на карту пастаўлена агульнае дабро”, - адзначыў ён.
Іерарх папярэдзіў, што крык бедных нельга аддзяляць ад экалагічнага крызісу. “Мір нараджаецца з цэласнага погляду, які прызнае глыбокую ўзаемасувязь паміж чалавечымі ранамі і ранамі стварэння”, - сказаў на заканчэнне інтэрв’ю прэфект Дыкастэрыі па служэнні інтэгральнаму развіццю чалавека.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News