4 кастрычніка 2025 г. ў Магілёве адбыўся традыцыйны IX ружанцовы кангрэс, прысвечаны тэме «Маці Божая Успамога Хрысціянаў у салезіянскай духоўнасці».
Мерапрыемства сабрала вернікаў з усіх куткоў Беларусі, каб дапамагчы ім паглыбіцца ў марыйную лінію салезіянскай духоўнасці праз прызму жыцця і спадчыны святога Яна Боско, святой Марыі Мадзарэлло, благаслаўлёнай Александрыны да Коста, а таксама святога Дамініка Савіо і благаслаўлёнай Лаўры Вікуньі.
Перад пачаткам кангрэса ўсіх прысутных сардэчна прывітаў Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. У сваім прывітальным слове ён падкрэсліў важнасць гэтага дня як часу духоўнага ўзрастання, узаемнага абмену вопытам і ўзмацнення веры. Біскуп адзначыў, што сустрэча, якая аб’ядноўвае прадстаўнікоў розных супольнасцяў салезіянскай сям’і, з’яўляецца каштоўным момантам еднасці і натхнення для ўсіх, хто прысвячае сваё жыццё служэнню моладзі і Касцёлу.
Іерарх пазычыў, каб гэты дзень стаў сапраўднай нагодай для кожнага паглыбіць сваю веру і адчуць сілу духоўнай спадчыны святога Яна Боско, а таксама каб прыклады святых і благаслаўлёных салезіянскай сям’і сталі жывым сведчаннем Божай прысутнасці ў свеце.
Урачыстую Эўхарыстыю на завяршэнне кангрэса ўзначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB. Ён цэлебраваў святую Імшу ў духу падзякі за ўсе ласкі, атрыманыя падчас кангрэса. Літургія стала вяршыняй і духоўным сінтэзам усяго дня, калі словы, сведчанні і малітвы сабраліся ў адну супольную падзяку Богу за прысутнасць у жыцці салезіянскай сям’і.
Гамілію прамовіў ксёндз доктар Віктар Гайдукевіч SDB, які ў сваім глыбокім і вобразным слове нагадаў прысутным пра знакаміты сон святога Яна Боско пра дзве калоны — Эўхарыстыю і Марыю Успамогу Хрысціянаў. Гэты сімвал, па словах прапаведніка, не страціў сваёй сілы і сёння: у свеце, дзе вера часам сутыкаецца з бурнымі вятрамі скептыцызму і абыякавасці, Касцёл трымаецца толькі тады, калі прывязаны да гэтых дзвюх апор.
Напрыканцы святой Імшы да сабрыных звярнуўся айцец Раман Шульц OP, галоўны арганізатар і заснавальнік кангрэса. Ён выказаў вялікую ўдзячнасць усёй салезіянскай сям’і за падрыхтоўку кангрэса, а таксама кожнаму, хто далучыўся сваёй працай і малітвай да таго, каб гэты кангрэс адбыўся. Ён запрасіў усіх на наступны кангрэс, які адбудзецца 3 кастрычніка 2026 года.
Біскуп Аляксандр у сваю чаргу выказаў шчырую падзяку ўсім, хто сваім удзелам і служэннем зрабіў магчымым правядзенне гэтага кангрэса. Асаблівую ўдзячнасць ён адрасаваў архімандрыту Сяргею Гаеку за прысутнасць і супольную малітву, якая стала выразным знакам духоўнай еднасці паміж традыцыямі Усходняй і Заходняй Цэркваў.
(У саслужэнні св. Імшы ўдзельнічалі грэка-каталіцкія святары: протапрэзбітар Васілі Ягораў з Магілёва і а. Алесь Шыбека з Мінска).)
Тэкст (скарочаны) і фота: Уладзіслаў Зарэцкі ASC // Catholicminsk.by