Леў XIV заахвоціў маліцца за моладзь і за Касцёл, каб ён быў свабодным ад прывязанасці да грошай. Узорам ён назваў святую Клару Асізскую.
Падчас надзвычайнай юбілейнай аўдыенцыі (у суботу, 4 кастрычніка 2025) Святы Айцец звярнуўся да вернікаў са словамі “Добры дзень! Вітаю ўсіх!”. Ён распачаў сваю катэхезу з разважання над евангельскім урыўкам, дзе апавядаецца пра тое, як некаторыя людзі, слухаючы Езуса, кпілі з Яго. Пантыфік адзначыў, што словы Хрыста пра ўбоства здаваліся ім абсурднымі, бо калолі ў самае сэрца з прычыны прывязанасці да грошай.
“Дарагія сябры, вы прыбылі сюды як пілігрымы надзеі, а Юбілей – гэта час канкрэтнай надзеі, у якім наша сэрца можа знайсці прабачэнне і міласэрнасць, каб усё магло пачацца па-новаму”, - сказаў Леў XIV.
Ён падкрэсліў, што Юбілей таксама адкрывае надзею на іншы падзел багаццяў і дае магчымасць зрабіць выбар, каму служыць: справядлівасці ці несправядлівасці, Богу ці грашам. Пантыфік патлумачыў, што надзея – гэта выбар, бо той, хто не выбірае, упадае ў роспач і духоўную ляноту, якая горшая за смерць.
У якасці прыкладу мужнага выбару Леў XIV прывёў постаць святой Клары з Асізі. Ён назваў яе адважнай дзяўчынай, якая ішла супраць плыні. Папа адзначыў, што яе выбар быў больш уражвальным і дзёрзкім, чым выбар святога Францішка, бо яна была жанчынай, якая захацела жыць у свабодзе паводле Евангелля. “Клара зразумела, чаго патрабуе Евангелле. Але нават у горадзе, які лічыць сябе хрысціянскім, Евангелле, успрынятае сур’ёзна, можа здавацца рэвалюцыяй”, - заўважыў Святы Айцец.
Выбар святой Клары меў важныя наступствы: многія іншыя дзяўчаты знайшлі ў сабе адвагу выбраць убоства Езуса, і гэты выбар трывае да сёння, натхняючы на пакліканні па ўсім свеце. Спасылаючыся на словы Езуса “нельга служыць двум панам”, Папа патлумачыў, што менавіта гэтая бескампраміснасць і робіць Касцёл маладым і прыцягвае моладзь.
Ён падкрэсліў, што моладзі падабаюцца асобы, якія зрабілі выбар і нясуць за яго адказнасць. Гэта “святое наследаванне”, у якім кожны, выбіраючы Евангелле, выбірае самога сябе.
На заканчэнне аўдыенцыі Леў XIV заклікаў: “Маліцеся ж за маладых; маліцеся, каб мы былі Касцёлам, які не служыць грошам ці самому сабе, але Божаму Валадарству і яго справядлівасці. Касцёлам, які – падобна да святой Клары – мае адвагу інакш жыць у горадзе. Гэта дае надзею!”.
Аляксандр Амяльчэня - Vatican News