Пошук

Каляндар

 

Вена прыме іерархаў Усходніх каталіцкіх Цэркваў з Еўропы  


Вена прыме іерархаў Усходніх каталіцкіх Цэркваў з ЕўропыЗ 8 па 11 верасня 2025 года ў Вене пройдзе пленарнае пасяджэнне іерархаў, якія прадстаўляюць у Еўропе Усходнія Каталіцкія Цэрквы, на тэму "Еднасць у разнастайнасці".

 

На запрашэнне кардынала Крыстафа Шонбарна, ардынарыя каталіцкіх Усходніх Цэркваў у Аўстрыі, больш за 65 епіскапаў і агулам 100 удзельнікаў, большасць з якіх візантыйскага абраду, збяруцца ў Вене для абмеркавання душпастырскіх, тэалагічных і сацыяльных пытанняў.

 

Вена была абрана месцам сустрэчы ў сувязі з 250-годдзем заснавання імператрыцай Марыяй Тэрэзіяй семінарыі "Барбарэум" для кандыдатаў у святарства з Усходніх Цэркваў.

 

10 верасня іерархі сустрэнуцца з камісарам ЕС Магнусам Брунерам і міністрам Клаўдыяй Плакольм для абмеркавання ўзаемных чаканняў Касцёла і палітыкі. Кульмінацыйным пунктам праграмы стане Боская Літургія ў катэдры святога Стэфана.

 

У рамках унутраных пытанняў будзе разгледжана магчымасць стварэння "Рады Іерархаў" для паляпшэння інтэграцыі каталіцкіх Усходніх Цэркваў з Паўсюдным Касцёлам у кантэксце сінадальнага працэсу.

 

Ардынарыят каталіцкіх Усходніх Цэркваў у Аўстрыі налічвае каля 20 тысяч вернікаў, 85 святароў і 35 душпастырскіх цэнтраў. 

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


1.09.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier