“Пілігрымы надзеі” – дэвіз святога юбілейнага 2025 года. Гэты дэвіз быў адлюстраваны і ў тэме сёлетніх урачыстасцяў у Браславе — “З Марыяй да Бога — шлях надзеі”.
На ўрачыстасці ў дыяцэзіяльны санктуарый 22 і 23 жніўня сабраліся вернікі з усіх куточкаў Беларусі. Кранальным момантам пачатку свята стала прывітанне пілігрымаў, калі пастыр дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч разам з кусташам санктуарыя айцом Станіславам Мжыглудам SDS сустракалі пешыя і роварныя пілігрымкі на прыступках храма.
У гэтым годзе пешых пілігрымкі было дзве: з Глыбокага і Удзела. Таксама на роварах да Браслава пераадолелі шлях вернікі з Мёраў і Гудагая.
Духоўную праграму ўрачыстасцяў распачаў айцец Міхаіл Цвячкоўскі МІС, які прамовіў канферэнцыю на тэму «Марыя — надзея Касцёла”.
А 19 гадзіне распачалася святая Імша, якую ўзначаліў біскуп Гродзенскі Уладзімір Гуляй. Ужо традыцыйна на гэтай Эўхарыстыі быў удзелены сакрамант канфірмацыі маладым кандыдатам з парафій Віцебскай дыяцэзіі.
Потым прысутныя вернікі разам з прадстаўнікамі грэка-каталіцкай Царквы спявалі Акафіст да Найсвяцейшай Багародзіцы, а таксама ўдзельнічалі ў набажэнстве Крыжовага шляху.
Бліжэй да поўначы біскупы, святары, духоўныя асобы і вернікі з запаленымі свечкамі ішлі вуліцамі Браслава, молячыся святы ружанец і давяраючы Пану Богу праз заступніцтва Найсвяцейшай Панны Марыі ўсе свае падзякі і просьбы. Пасля працэсіі распачалася Эўхарыстыя, якую ўзначаліў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі.
Кульмінацыяй урачыстасцяў стала Імша 23 жніўня, якую ўзначаліў асаблівы доўгачаканы госць: Апостальскі Нунцый арцыбіскуп Іньяцыё Чэффаліа.
Напачатку Эўхарыстыі пастыр Віцебскай дыяцэзіі біскуп Алег Буткевіч асаблівым чынам прывітаў арцыбіскупа Іньяцыя Чэфаліа, а таксама прысутных Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Юзафа Станеўскага, біскупа Гродзенскага Уладзіміра Гуляя, біскупа Пінскага Антонiя Дзям’янку, біскупа Гродзенскага на пенсіі Аляксандра Кашкевіча, дапаможнага бiскупа Пінскай дыяцэзіі Андрэя Зноска, Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыта Сяргея Гаека, шматлікіх святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў.
Іерарх заўважыў, што кожнае дзіця на руках сваёй маці адчувае сябе бяспечна і спакойна. Гэтага спакою біскуп пажадаў кожнаму, хто сёння прыбыў да Марыі – Нябеснай Маці кожнага чалавека.
Падчас гаміліі арцыбіскуп Іньяцыё Чэфаліа зазначыў, што з вялікай радасцю прыбывае ў Браславе, падзякаваў за запрашэнне біскупу Алегу і перадаў вернікам прывітанне і пастырскае блаславенне ад Святога Айца Льва ХІV.
Апостальскі Нунцый нагадаў гісторыю Браслаўскага Санктуарыя, абраза Маці Божай Валадаркі Азёраў і заўважыў, што гэта не проста месца тутэйшай пабожнасці, але жывое сведчанне трывалай веры. І менавіта гэты досвед веры, які так непахісна перажываў гэты народ, надае паўнату значэння слову, абвешчанаму сёння.
Звяртаючыся да асобы Маці Божай, іерарх згадаў, што “Марыя была не назіральніцай здалёк, а жанчынай дзеяння і адкрытага сэрца. Яна пайшла да сваёй сваячкі Альжбеты, несучы ва ўлонні саму надзею; Яна падтрымлівала апосталаў верай і мужнасцю ў хвіліны іх хістанняў; і з бясконцай любоўю Яна цвёрда стаяла пад крыжам. У Ёй — адлюстраванне найглыбейшай духоўнасці: любоў, якая аддае сябе без рэшты, пакора, якая ператвараецца ў шчодрае служэнне, і гасціннасць, якая прымае і абдымае ўсіх як узлюбленых дзяцей Божых.”
“Мы тут для таго, каб дазволіць прыкладу Марыі закрануць нас, каб узняцца і адважна прыняць сваё пакліканне быць вучнямі і місіянерамі. Не як пасіўныя гледачы ці спажыўцы святых рэчаў, а як мужчыны і жанчыны, якія з адкрытымі сэрцамі дазваляюць ласцы перамяніць сябе і прысвячаюць сябе перамяненню свету з яе дапамогай.”
Напрыканцы Імшы прысутныя спявалі ўрачысты гімн “Te Deum”, пасля чаго адбылося прысвячэнне Віцебскай дыяцэзіі Найсвяцейшай Маці Божай.







Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык і Марына Сінкевіч, фота
https://catholicnews.by/