Пошук

Каляндар

 

“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня  


“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Росіца – маленькая кропелька гэтага свету, такая маленькая, што калі б раптам яна знікла з твару зямлі, то ці заўважыў бы гэта свет? Але ў гэтай маленькай кропельцы столькі душаў – загадкавых, непаўторных, прыгожых!” (І.Жарнасек “Будзь воля Твая”).


Такой цытатай, прамоўленай пастырам Віцебскай дыяцэзіі Алегам Буткевічам, распачалася Імша для пілігрымаў у Росіцкай святыні. І хоць словы гэтыя ў кнізе мелі іншы кантэкст, але вельмі блізкімі сталі яны кожнаму прысутнаму ў храме.

 

Сёння, як і 80 год таму, Росіца – усё тая ж маленькая кропелька сусвету, з вялікім храмам, дзе нясуць сваё служэнне айцы марыяне, дзе збіраюцца шматлікія непаўторныя прыгожыя душы і сэрцы, каб разам узносіць малітвы да Пана праз заступніцтва блаславёных Юрыя Кашыры і Антонія Ляшчэвіча.

 

Урачыстасці распачаліся 1 жніўня Імшой для пілігрымаў. За тры дні 85 чалавек пад кіраўніцтвам айца Іллі Саўчанка МІС, разам з айцом Канстанцінам Анашка МІС і сёстрамі эўхарысткамі, пераадолелі 90 кіламетраў, разважаючы над складаным пытаннем “Якія адносіны ў мяне з Езусам Хрыстом?”.

 

Падчас гаміліі айцец Ілля засяродзіўся над тэмай надзеі. Святар узгадаў, як у 1943 годзе святлом надзеі для людзей сярод страху, слёз і гора сталі айцы Юры і Антоній. А сёння мы можам стаць святлом надзеі для тых, хто побач. Калі святло Хрыста не згасае ў сэрцы, яно здольнае асвятляць жыццёвы шлях.

 

Пасля Імшы пробашч парафіі айцец Аляксандр Жарнасек МІС сардэчна запрасіў усіх прысутных у дом пілігрымаў на вячэру.

 

Малітоўную праграму працягнуў Акафіст да Росіцкіх мучанікаў. Потым разам з сёстрамі эўхарысткамі вернікі маліліся на ружанцы, разважаючы балесныя таямніцы.

 

Канферэнцыю і малітву праслаўлення ўзначаліў айцец Аляксандр Жарнасек МІС.

 

У гэты час святары неслі паслугу ў канфесіяналах, каб вернікі з чыстым сэрцам маглі ўдзельнічаць у Эўхарыстыі.

 

Кульмінацыяй урачыстасцяў стала святая Імша апоўначы з удзелам біскупа Віцебскага Алега Буткевіча і Апостальскага адміністратара для грэка-католікаў у Беларусі Сяргея Гаека.

 

Падчас казання біскуп Алег засяродзіўся над сімвалам юбілейнага года — праходжаннем праз брамы юбілейных святыняў. Калі мы прыходзім у Касцёл, то праходзім праз адкрытую браму не толькі фізічна, але і духоўна. Мы вызнаем сваю прыналежнасць да Хрыста і Касцёла, сведчым пра гэта сваім жыццём. Такое сведчанне далі нам блаславёныя пакутнікі з Росіцы, таму важна сёння быць у гэтай святыні і прасіць аб заступніцтве ў будаванні фундаменту веры.

 

Пасля святой Імшы людзі з запаленымі паходнямі і свечкамі пайшлі на месца, якое ў Росіцы стала асаблівым.

 

“Пляц мучаніцтва” – так сёння называюць месца, дзе ў 1943 годзе падчас карнай аперацыі ў агні згарэла больш за паўтары тысячы чалавек.

 

Сёння тут стаіць вялікі крыж і вялікія камяні, на якіх змешчаныя Евангельскія блаславенні. Сёння тут квітнеюць кветкі і радуе позірк зеляніна туй. Сёння месца вялікай трагедыі стала месцам роздуму, малітвы, духоўнага адраджэння.

 

У гэтую ноч кожны прысутны, прайшоўшы праз браму, ушанаваў крыж і даверыў Уваскросламу Збаўцу самыя таемныя глыбіні сваіх сэрцаў.

 

З урачыстым спевам “Хрыстос уваскрос, аллелюя!” вернікі вярнуліся ў храм, каб потым разам маліцца набажэнствам Крыжовага шляху, разважанні да якога падрыхтавала Ірына Жарнасек.

 

Урачыстасці скончыліся святой Імшой а дзясятай гадзіне раніцы.

 

“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня“Маленькая кропелька свету”. Жнівеньскія ўрачыстасці ў гонар блаславёных айцоў марыянаў прайшлі ў Росіцы 1-2 жніўня

 

Вікторыя Філіпенка, тэкст
Леанід Юрык, фота, Catholicnews.by

 


4.08.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier