Пошук

Каляндар

 

Юбілей моладзі: найбуйнейшая падзея Святога 2025 года  


Юбілей моладзі: найбуйнейшая падзея Святога 2025 годаАд 28 ліпеня да 3 жніўня 2025 года ў Рыме будзе мець месца Юбілей моладзі – найбольш чаканая падзея Святога года. На вігілію малітвы з Папам Львом XIV 2 жніўня ў “Тор Вергата” чакаецца каля мільёна пілігрымаў.

 

Юбілей моладзі, які пройдзе ў Рыме з 28 ліпеня па 3 жніўня 2025 года, стане найбуйнейшай падзеяй Святога 2025 года. Паводле прэс-рэлізу, апублікаванага Дыкастэрыяй па евангелізацыі, у італьянскую сталіцу прыбудуць сотні тысяч маладых людзей са 146 краін свету.

 

"Юбілей моладзі – сведчанне жывой веры новых пакаленняў

 

"Гэтая падзея дэманструе, што духоўнасць застаецца важнай часткай жыцця маладых людзей нават у секулярызаваным свеце," - адзначыў прэфект Дыкастэрыі, арцыбіскуп Рына Фізікела.

 

Для размяшчэння пілігрымаў у Рыме і рэгіёне Лацыа падрыхтавана каля 370 парафій, каля 400 школьных будынкаў, каля 40 дадатковых аб'ектаў і дамы мясцовых жыхароў, якія згадзіліся прыняць гасцей. Выставачны цэнтр “Fiera di Roma” зможа прыняць 25 тысяч маладых людзей, ператварыўшыся ў "горад у горадзе" з кругласутачнай медыцынскай дапамогай і іншымі паслугамі.

 

Праграма Юбілею пачнецца 29 ліпеня 2025 года з "Дыялогаў з горадам" – серыі мастацкіх і культурных падзей па ўсім Рыме. У той жа дзень у 19.00 на Плошчы Святога Пятра пройдзе “прывітальная” святая Імша, якую ўзначаліць арцыбіскуп Рына Фізікела.

 

1 жніўня ў Цырку Максімус адбудзецца “Дзень пакаяння”, дзе больш за 1000 святароў будуць спавядаць на дзесяці мовах. 2 жніўня тэрыторыя “Тор Вергата” адкрыецца для пілігрымаў, а з 14.00 да 20.00 на сцэне будуць выступаць музыканты і дзяліцца сведчаннямі вядомыя асобы.

 

Сустрэча з Папам Львом XIV стане кульмінацыяй Юбілею

 

Чакаецца, што на вігілію з Папам Львом XIV 2 жніўня ў “Тор Вергата” збярэцца каля мільёна маладых людзей, а на святую Імшу 3 жніўня прыйдзе яшчэ больш вернікаў, паведамляюць арганізатары.

 

Падчас вігіліі трое маладых людзей зададуць Папу Льву XIV пытанні пра сяброўства, адвагу і духоўнасць. Пасля ўдзельнікі застануцца на начлег у палатках і спальных мяшках, а раніцай 3 жніўня ў 9.00 Святы Айцец узначаліць Імшу на тым жа месцы.

 

За ўсімі падзеямі Юбілею можна будзе сачыць у прамым эфіры на YouTube-канале “Vatican News”, а пераклад будзе даступны праз мабільныя дадаткі “Vatican Vox” і “Radio Vaticana”. Падрабязная праграма размешчана на афіцыйным сайце Юбілею 2025 года.

 

Аляксандр Амяльчэня - Vatican News


26.07.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier