Пошук

Каляндар

 

1700-годдзе Нікейскага Сабора: сустрэча біскупаў Еўропы ў Турцыі  


1700-годдзе Нікейскага Сабора: сустрэча біскупаў Еўропы ў ТурцыіЗ нагоды 1700-годдзя Нікейскага Сабору 52-я штогадовая сустрэча генеральных сакратароў епіскапатаў Еўропы адбудзецца ў Стамбуле. Яе ўдзельнікі сустрэнуцца з Патрыярхам Барталамеем І.

Пасяджэнне, арганізаванае Радай Біскупскіх Канферэнцый Еўропы (CCEE) у супрацоўніцтве з епіскапатам Турцыі, пройдзе з 15 па 18 чэрвеня 2025 года на тэму – “Рэформа касцельных структур у місіянерскай і сінадальнай перспектыве”.

 

Месца правядзення сёлетняй сустрэчы генеральных сакратароў еўрапейскіх епіскапатаў мае сімвалічнае значэнне і адсылае да 1700-годдзя першага Экуменічнага Сабору ў гісторыі Касцёла, які адбыўся ў 325 годзе ў Нікеі (сёння горад Ізнік у Турцыі). Тады больш за 300 біскупаў сабраліся, каб разам распрацаваць адзіны сімвал веры, вырашыць фундаментальныя супярэчнасці адносна боскай прыроды Хрыста і ўмацаваць адзінства Касцёла, аслабленае арыянскай ерассю.

 

Экуменічнае вымярэнне будзе адчувацца на працягу ўсяго пасяджэння, бо адным з галоўных пунктаў праграмы стане сустрэча еўрапейскіх біскупаў з Патрыярхам Барталамеем І і візіт у Ізнік – месца правядзення Нікейскага Сабору.

 

Падчас нарады генеральныя сакратары епіскапатаў прымуць удзел у трох працоўных сесіях, прысвечаных розным тэмам, звязаным з рэалізацыяй сінадальнасці і рэформы біскупскіх канферэнцый у святле Апостальскай канстытуцыі “Praedicate Evangelium”, - паведаміла ў афіцыйным камюніке Рада Біскупскіх Канферэнцый Еўропы.

 

Аляксандр Панчанка - Vatican News


13.06.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier