Пошук

Каляндар

 

Пасля сваёй першай агульнай аўдыенцыі Папа Леў XIV асабіста сустрэўся з беларускімі іерархамі  


Пасля сваёй першай агульнай аўдыенцыі Папа Леў XIV асабіста сустрэўся з беларускімі іерархаміУ сераду 21 мая адбылася першая агульная аўдыенцыя Папы Льва XIV, у якой прынялі ўдзел прадстаўнікі Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.


Святы Айцец працягнуў цыкл катэхез на тэму «Езус Хрыстус — наша надзея», распачаты Папам Францішкам, які адышоў у вечнасць роўна месяц таму. Ён заўважыў, што гаворка пойдзе пра евангельскія прыпавесці, якія дапамагаюць нам нанова знайсці надзею, бо паказваюць, як Бог дзейнічае ў гісторыі.

 

Паводле слоў Льва XIV, прыпавесць пра сейбіта, якая была прачытана на пачатку катэхезы, кажа пра дынаміку Божага слова і плён, які яно прыносіць.

 

Святы Айцец заўважыў, што сейбіт, які выйшаў сеяць, не турбаваўся пра тое, куды ўпадзе зерне і кідаў яго нават там, дзе малаверагодна, што яно прынясе плён: на дарозе, сярод камянёў, сярод церняў.

 

«Мы прызвычаіліся ўсё разлічваць — і часам гэта неабходна — але ў любові гэта не працуе! Тое, як гэты "шчодры" сейбіт раскідвае зерне, з’яўляецца вобразам таго, як Бог любіць нас... Бог спадзяецца і верыць, што рана ці позна зерне прарасце.

 

Ён любіць нас такімі: не чакае, пакуль мы станем ідэальнай глебай, але заўсёды шчодра дорыць нам сваё слова. І, можа, менавіта бачачы, што Ён давярае нам, у нас з’явіцца жаданне быць лепшай глебай. Вось яна — надзея, заснаваная на скале Божай шчодрасці і міласэрнасці»,

— сказаў Папа.

 

«Папросім Пана аб ласцы заўсёды прымаць гэтае зерне — Яго слова. І калі мы ўсвядомім, што не з’яўляемся ўрадлівай глебай, давайце не адчайвацца, а папросім Яго яшчэ працаваць над намі, каб мы сталі лепшай глебай», — заклікаў напрыканцы катэхезы Святы Айцец.

 

Вітаючы арабамоўных пілігрымаў, якія не па чутках ведаюць аб канфлікце ў Сектары Газа, Папа Леў XIV настойліва заклікаў сусветную супольнасць «забяспечыць дастаўку дастойнай гуманітарнай дапамогі і пакласці канец баявым дзеянням, нязносны кошт якіх плацяць дзеці, пажылыя і хворыя». Пантыфік нагадаў, што май у Касцёле — гэта месяц, прысвечаны Багародзіцы. У сувязі з гэтым ён заклікаў да ружанцовай малітвы, падкрэсліўшы, што яна з’яўляецца «эфектыўным сродкам для дасягнення міру ў нашых сэрцах».

 

На першай агульнай аўдыенцыі Святога Айца прысутнічалі прадстаўнікі беларускага епіскапата: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі; біскуп Аляксандр Яшэўскі SDB, Генеральны вікарый Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі, адказны за Магілёўскі рэгіён.

 

Пасля агульнай аўдыенцыі дэлегацыя беларускіх іерархаў атрымала магчымасць падчас кароткай асабістай сустрэчы пазнаёміць Пантыфіка з сітуацыяй Касцёла ў Беларусі.

 

Старшыня ККББ арцыбіскуп Станеўскі ад імя Касцёла ў Беларусі перадаў Папе Льву XIV афіцыйнае запрашэнне наведаць Беларусь, дзе, па словах іерарха, «беларускі народ будуе сваю будучыню на моцным фундаменце хрысціянскіх і сямейных каштоўнасцяў і, перажываючы 80-годдзе заканчэння Другой сусветнай вайны, — на супакоі, згодзе і міры».


Арцыпастыр выразіў перакананне, што прыбіццё ў нашу краіну «Пятра нашых часоў, чалавека, які ў першых словах звярнуўся да вернікаў з заклікам "Супакой Хрыста няхай будзе з усімі вамі!", паспрыяе сустрэчы "усіх з усімі", бо Хрыстус аддаў жыццё за ўсіх людзей».

 

Напрыканцы асабістай сустрэчы з дэлегацыяй беларускіх духоўных асоб Святы Айцец удзяліў пантыфікальнае благаслаўленне, як перадаў гэта арцыбіскуп Станеўскі, «для ўсіх людзей добрай волі, якія жывуць у Беларусі, якія, перажываючы Год добраўпарадкавання, будуюць дабрабыт сваёй краіны, каб гэта ім удавалася з Божай дапамогай і папскім благаслаўленнем».

 

Тэкст: арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, Аляксандр Панчанка / Фота: з асабістага архіва беларускай дэлегацыі духоўных асоб у Ватыкане / Беларуская рэдакцыя Vatican News / Catholic.by


22.05.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier