Пошук

Каляндар

 

Знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою  


Знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою
Да 50-х угодкаў сьвятарства мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана

Працягваем разважаньні мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана, Апостальскага Візітатара для беларусаў Замежжа, з ягонай кніжкі ”Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай з нагоды Залатога Юбілею сьвятарства.

Знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою
Асаблівае месца сярод супольных малітваў займае малітва эўхарыстычная, або Боская Літургія, на якой Сам Госпад Хрыстос разам з усёй Царквой і ўсімі яе членамі прыносіць ахвяру хвалы і падзякі (грэцкае слова "эўхарыстыя" азначае "падзяка") Айцу Нябеснаму за ўсе дабрадзействы, і перадусім за дар свайго Адзінароднага Сына.

Знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою
Эўхарыстыя – гэта Ўспамін Пасхі Хрыстовай, г.зн. пераходу ад сьмерці да вечнага жыцьця праз крыж і ўваскрасеньне. Гэта таксама Ахвяра, бо ў ёй бяскроўным чынам пад выглядам Хлеба і віна прысутнічае Хрыстос, які аднойчы і назаўсёды прынёс сябе на Крыжы за род людзкі. Нарэшце – гэта ўспамін Апошняй Вячэры, на якой Хрыстос устанавіў Эўхарыстыю, калі блаславіў хлеб і даў сваім вучням, кажучы: "Бярыце, ешце, гэта Цела Маё"; таксама чашу са словамі: "Піце з яе ўсе, гэта – кроў мая". Як тады, так і на сьвятой Літургіі сам Госпад Ісус Хрыстос, "Сьвятар давеку" (Габр 7:17), праз пасрэдніцтва сьвятара прыносіць эўхарыстычную Ахвяру.

Пра гэта добра сказаў сьв. Ян Залатавусны: "Не чалавек, але сам Госпад, які быў укрыжаваны за нас, робіць прынесеныя дары Целам і Крывёю Хрыста. Сьвятар, у асобе Хрыста, вымаўляе словы, але сіла і ласка прыходзяць ад Бога. Ён кажа: "Гэта – Цела Маё". Гэтыя словы пераўтвараюць тое, што было ахвяраванае".

Госпад сказаў: "Хто есьць Маё Цела і п'е Маю Кроў, мае жыцьцё вечнае, і Я ўваскрашу яго ў апошні дзень" (Ян 6:56). Таму годным заканчэньнем Літургіі ёсьць прыняцьце вернымі Цела і Крыві Хрыстовых у сьвятым Прычасьці. Прычасьце – гэта "'хлеб нябесны", ежа вечнага жыцьця, знак і зарука нашай еднасьці з Богам і паміж сабою.

Фрагмент з кнігі мітрафорнага пратаярэя Аляксандра Надсана: „Духоўныя настаўленьні”, выдадзенай Грэка-каталіцкай парафіяй сьвятапакутніка Язафата ў г. Полацку (Полацк 2008) з нагоды 50-годзьдзя Ягонага сьвятарства.

23.11.2008

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier