Пошук

Каляндар

 

Казаньні і гаміліі Чацьвёртая нядзеля Вялікага посту (ўспамін вялебнага Яна Лесьвічніка) (Мк 9, 17 – 31; Габ 6, 13 – 20)  


Дарагія браты! Дарагія сёстры! Да каго Ісус звяртаецца так незразумела, а нават крыўдна, у толькі што прачытаным фрагменце Евангелля: “О, род няверны! Дакуль буду з вамі? Дакуль буду цярпець вас?” (Мц 9, 19)? Быць можа Ён звяртаецца да бацькі апантанага хлопца, ці да сваіх вучняў, ці да іншых прысутных людзей? Цяжка на гэта адказаць. Хутчэй за ўсё ён зьвяртаецца да кожнага з нас, хочучы звярнуць нашую ўвагу на тое, што кожны з нас мае праблемы з верай.

 

2. Цікава заўважыць, што нашая вера (ці яе адсутнасць) найбольш яскрава праяўляецца ў сітуацыях крытычных: у крызісе, у бядзе. Вось і тут, паглядзіце! Некаторыя людзі прыйшлі проста “падзівіца” на цуд, які меліся ўчыніць вучні Ісуса. Самі вучні прыйшлі, каб паказаць саміх сябе, якія яны цудатворцы і якую маюць уладу… Кніжнікі прыйшлі, каб пасмяяцца з вучняў: яны ад самага пачатку супраць усяго таго, чаго б ні зрабілі вучні (нават, калі б і зьдзейсьнілі цуд)… Карацей кажучы, усе яны забыліся пра хлопца, які чакаў аздараўлення. Толькі бацька хлопчыка і Ісус памяталі пра яго, і толькі яны зацікаўленыя яго будучыняй.


3. У такім кантэксьце робіцца зразумелым абурэнне нашага Госпада. Пасьля Яго суворых слоў усе асобы нібы зьнікаюць з евангелічнай сцэны: застаюцца толькі Ісус ды бацька. Ісус падрабязна распытвае ў бацькі пра хваробу сына, не таму, што ня мог пра яе даведацца, чытаючы ў яго сэрцы, але дзеля таго, каб паказаць яму, што Ён – Ісус – вельмі сур’ёзна ўспрымае ўсю іх сямейную бяду (у адрозьненьні ад вучняў, кніжнікаў ды іншых разявакаў). Бацька адказвае і просіць дапамагчы. Ісус кажа яму: “калі можаш верыць, усё магчыма для веруючага” (Мц 9, 23).


Гэтымі словамі Госпад нібы падкрэслівае, што для Яго вельмі важна, каб сам бацька ўзяў на сябе адказнасьць веры ў аздараўленне свайго сына, а ніхто іншы. І бацька гэта разумее, вызнаючы: “Госпадзе, памажы майму няверству!” (Мц 9, 24). Адбываецца цуд: Ісус выганяе нячыстага духа…


4. Сёньня мы пакліканы прыглядзецца да нашай веры. Да веры вучняў, кніжнікаў, ці веры разявакаў падобная яна? Ці мы гатовыя ўзяць на сябе адказнасьць за іншых людзей: сваю сям’ю, родных, супрацоўнікаў, за свае ўчынкі, памылкі… Ня будзем наіўна думаць, што зможам гэта зрабіць уласнымінамаганьнямі; наш Госпад падказвае нам: “гэты род ніяк ня можа выйсьці, адно толькі ад малітвы ды ад посту” (Мц 9, 29). Амін.


Аўтар - а. Андрэй Буйніч

28.03.2025

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier