2 студзеня 1946 года ў Бутырскай турме ў Маскве быў закатаваны слуга Божы архімандрыт Фабіян Абрантовіч – беларускі манах-марыянін.
У 1928-1939 гг. Апостальскі адміністратар Каталіцкай Царквы візантыйска-славянскага абраду ў Харбіне (Маньчжурыя).
З 1939 года быў у зняволенні. Вярхоўны суд РФ рэабілітаваў а. Ф. Абрантовіча 24 кастрычніка 1992 г.
Паводле ўспамінаў сукамэрнікаў, а. Фабіян зведаў жудасныя катаванні, пасля якіх "ён штодня прыходзіў - лепш сказаць - яго ўносілі і кідалі як мяшок".
А калі прыходзіў у сябе, тады "блізу ўвесь час праводзіў у малітве".
Іншы беларускі святар Язэп Германовіч так казаў пра свайго сябра: "Людзі яго называлі: «наш Прафэсар», «наш Фабіян», «наш Абрантовіч»… Гэты дзіўны назоў «наш» давалі яму паўсюдна. Такі «голас народу» азначаў чалавека, што вырас з нашага грунту й рос ды красаваўся на сваёй зямлі – наш, родны й дарагі Сын Беларусі".