Пошук

Каляндар

 

“Ісус Хрыстос патрабуе штодзённага, вернага і адданага служэння”  


“Ісус Хрыстос патрабуе штодзённага, вернага і адданага служэння”У нядзелю, 22 кастрычніка 2023 года, у грэка-каталіцкіх парафіях Беларусі завяршылася малітоўная Дэкада ўшанавання св. Яна Паўла ІІ. Гэта былі дні асаблівай малітвы за Царкву.

 

У Мінску вернікі сабраліся на малітву перад Іконай Яна Паўла ІІ ў храме Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў архімандрыт Сяргей (Гаек) ў саслужэнні протапрэзбітараў Андрэя Абламейкі і Яўгена Усошына, і дыякана Аляксандра Хахлова. Хор разам з вернікамі радасна і дастойна праслаўлялі Госпада і маліліся за Царкву.

 

Святочнае казанне прамовіў Сакратар Аполстальскай Нунцыятуры ў Беларусі Дастойны кс. Кшыштаф Сэрока; ён сказаў між іншым:

 

“Ісус Хрыстос патрабуе штодзённага, вернага і адданага служэння”З пашанай узгадваем святога Яна Паўла ІІ сёння, у літургічную гадавіну пачатку яго пантыфікату, а ў мінулы панядзелак - у сорак 45-я ўгодкі яго абрання на Пасад святога Пятра.

Гэта Ён на працягу 27-мі гадоў свайго пантыфікату ўсведамляў, што Ісус Хрыстос патрабуе Яго штодзённага, вернага і адданага служэння, каб споўніліся словы, сказаныя ў ваколіцах Цэзарыі Філіпавай святому Пятру, а ў ім - усім яго наступнікам: «На скале гэтай збудую Маю Царкву і брамы пякельныя не перамогуць Яе» (Ев. Мацвея 16,18)).

 

Далей Дастойны Казальнік нагадаў вернікам, што гэта менавіта Ян Павел ІІ 30 гадоў таму прыслаў у Беларусь Апостальскага візітатара для грэка-католікаў – ераманаха Сяргея (Гаека). І гэта за пантыфікату Яна Паўла ІІ адбылося аднаўленне адкрытага (публічнага) літургічнага жыцця грэка-католікаў у Беларусі.

 

Казальнік працытаваў важныя словы самога Яна Паўла ІІ, якія святы Папа сказаў у 2001 годзе.

Праз два тысячагоддзі «скала», на якой заснавана Царква, застаецца нязменнай: гэта вера Пятра. «На гэтай скале» (Мц 16, 18) Хрыстос пабудаваў сваю Царкву, духоўны будынак, які не састарэў за стагоддзі. Безумоўна, па проста чалавечых і гістарычных меркаваннях яна не магла вытрымаць напады такой колькасці ворагаў! […].

«Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнін»! Блаславенства Сымона такое ж, як і Найсвяцейшай Багародзіцы, да якой Альжбета сказала: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца слова Бога» (Лк 1, 45). Гэта блаславенства таксама актуальна для сённяшняй супольнасці вернікаў, якой Ісус паўтарае: Блаславёная ты, Царква двух тысячагоддзяў, якая захоўваеш некранутым Евангелле і працягваеш з новым энтузіязмам прапаноўваць яго людзям пачатку новага тысячагоддзя!

 

Дастойны Казальнік завяршыў прамову запрашэннем вернікаў да малітвы за Папу Францішка ў гэтыя дні, калі ён разам з іншымі ўдзельнікамі Сіноду ў Рыме ўслухоўваецца ў голас Духа Святога, шукаючы адказаў і парады на выклікі, якія стаяць перад Каталіцкай Царквой сучаснасці.

 

Святочная Служба супала з 30-годдзем з дня дзяржаўнай рэгістрацыі Парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі (21 кастрычніка 1993 г.)


22.10.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier