Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > “Ісус Хрыстос патрабуе штодзённага, вернага і адданага служэння”
“Ісус Хрыстос патрабуе штодзённага, вернага і адданага служэння”22.10.2023. |
|
У Мінску вернікі сабраліся на малітву перад Іконай Яна Паўла ІІ ў храме Маці Божай Нястомнай Дапамогі. Боскую Літургію ўзначаліў Апостальскі адміністратар для грэка-католікаў архімандрыт Сяргей (Гаек) ў саслужэнні протапрэзбітараў Андрэя Абламейкі і Яўгена Усошына, і дыякана Аляксандра Хахлова. Хор разам з вернікамі радасна і дастойна праслаўлялі Госпада і маліліся за Царкву.
Святочнае казанне прамовіў Сакратар Аполстальскай Нунцыятуры ў Беларусі Дастойны кс. Кшыштаф Сэрока; ён сказаў між іншым:
Гэта Ён на працягу 27-мі гадоў свайго пантыфікату ўсведамляў, што Ісус Хрыстос патрабуе Яго штодзённага, вернага і адданага служэння, каб споўніліся словы, сказаныя ў ваколіцах Цэзарыі Філіпавай святому Пятру, а ў ім - усім яго наступнікам: «На скале гэтай збудую Маю Царкву і брамы пякельныя не перамогуць Яе» (Ев. Мацвея 16,18)).
Далей Дастойны Казальнік нагадаў вернікам, што гэта менавіта Ян Павел ІІ 30 гадоў таму прыслаў у Беларусь Апостальскага візітатара для грэка-католікаў – ераманаха Сяргея (Гаека). І гэта за пантыфікату Яна Паўла ІІ адбылося аднаўленне адкрытага (публічнага) літургічнага жыцця грэка-католікаў у Беларусі.
Казальнік працытаваў важныя словы самога Яна Паўла ІІ, якія святы Папа сказаў у 2001 годзе. “Праз два тысячагоддзі «скала», на якой заснавана Царква, застаецца нязменнай: гэта вера Пятра. «На гэтай скале» (Мц 16, 18) Хрыстос пабудаваў сваю Царкву, духоўны будынак, які не састарэў за стагоддзі. Безумоўна, па проста чалавечых і гістарычных меркаваннях яна не магла вытрымаць напады такой колькасці ворагаў! […]. «Шчаслівы ты, Сымоне, сын Ёнін»! Блаславенства Сымона такое ж, як і Найсвяцейшай Багародзіцы, да якой Альжбета сказала: «Шчаслівая тая, якая паверыла, што споўніцца слова Бога» (Лк 1, 45). Гэта блаславенства таксама актуальна для сённяшняй супольнасці вернікаў, якой Ісус паўтарае: Блаславёная ты, Царква двух тысячагоддзяў, якая захоўваеш некранутым Евангелле і працягваеш з новым энтузіязмам прапаноўваць яго людзям пачатку новага тысячагоддзя!
Дастойны Казальнік завяршыў прамову запрашэннем вернікаў да малітвы за Папу Францішка ў гэтыя дні, калі ён разам з іншымі ўдзельнікамі Сіноду ў Рыме ўслухоўваецца ў голас Духа Святога, шукаючы адказаў і парады на выклікі, якія стаяць перад Каталіцкай Царквой сучаснасці.
Святочная Служба супала з 30-годдзем з дня дзяржаўнай рэгістрацыі Парафіі Маці Божай Нястомнай Дапамогі (21 кастрычніка 1993 г.) Вярнуцца назад |