Пошук

Каляндар

 

Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч выказаў спачуванні з прычыны смерці праваслаўнага архіепіскапа Арцемія  


 

Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч выказаў спачуванні з прычыны смерці праваслаўнага архіепіскапа Арцемія«Я — уваскрасенне і жыццё. Хто верыць у Мяне, калі нават і памрэ, будзе жыць. А кожны, хто верыць у Мяне, не памрэ ніколі».
Ян 11, 25–26

 

 

Высокапраасвяшчэннейшаму
Мітрапаліту Мінскаму і Заслаўскаму Веніяміну,

Патрыяршаму Экзарху ўсяе Беларусі.


Ваша Высокапраасвяшчэнства,

 

З глыбокім смуткам мы пачулі вестку пра смерць Праасвяшчэннейшага Архіепіскапа Арцемія.

 

Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад імя вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказваем Вам, родным Уладыкі, усім вернікам Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, а асабліва вернікам Гродзенскай епархіі, шчырыя і глыбокія спачуванні.

 

Усё жыццё Уладыкі Арцемія было прысвечана служэнню Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Пастырскае служэнне ён сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю і з іншымі абавязкамі даручанымі яму царкоўнай іерархіяй.

 

З 1996 па 2021 гады Уладыка Арцемій з’яўляўся кіруючым архіерэем Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён не цураўся ніякай працы і верна прапаведаваў Хрыстовае Евангелле ажно да апошняга дня свайго зямнога жыцця, таму разам з апосталам Паўлам ён смела можа паўтарыць: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя» (2 Цім 4, 7–8). Зямное служэнне Архіепіскапа Арцемія было адзначана многімі царкоўнымі ўзнагародамі.

 

Архіепіскап Арцемій пакінуў зямны свет у тыдзень, калі Праваслаўная Царква працягвае святкаваць свята Светлага Хрыстова Уваскрасення, спяваючы «Хрыстос уваскрос з памерлых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў». Далучаючыся да Вас у малітвах за вернага слугу Хрыстовага, новапрастаўленага Архіепіскапа Арцемія, просім Хрыста Уваскрослага, каб Ён сам быў для Уладыкі найвышэйшай узнагародай за ўсё зямное служэнне, а душа яго каб знайшла вечны спачын у месцы «дзе ўсе святыя Твае знаходзяць спакой».

 

Алег Буткевіч
Біскуп Віцебскі,
Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

 

Віцебск, 22 красавіка 2023 г.

 

Паводле Catholic.by


23.04.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier