Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч выказаў спачуванні з прычыны смерці праваслаўнага архіепіскапа Арцемія
Старшыня ККББ біскуп Алег Буткевіч выказаў спачуванні з прычыны смерці праваслаўнага архіепіскапа Арцемія23.04.2023. |
|
Ян 11, 25–26
Высокапраасвяшчэннейшаму Ваша Высокапраасвяшчэнства,
З глыбокім смуткам мы пачулі вестку пра смерць Праасвяшчэннейшага Архіепіскапа Арцемія.
Ад імя Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, ад імя вернікаў Каталіцкага Касцёла ў Беларусі выказваем Вам, родным Уладыкі, усім вернікам Праваслаўнай Царквы ў Беларусі, а асабліва вернікам Гродзенскай епархіі, шчырыя і глыбокія спачуванні.
Усё жыццё Уладыкі Арцемія было прысвечана служэнню Богу, Царкве і Бацькаўшчыне. Пастырскае служэнне ён сумяшчаў з выкладчыцкай дзейнасцю і з іншымі абавязкамі даручанымі яму царкоўнай іерархіяй.
З 1996 па 2021 гады Уладыка Арцемій з’яўляўся кіруючым архіерэем Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы. Ён не цураўся ніякай працы і верна прапаведаваў Хрыстовае Евангелле ажно да апошняга дня свайго зямнога жыцця, таму разам з апосталам Паўлам ён смела можа паўтарыць: «У добрай барацьбе я змагаўся, бег скончыў, веру захаваў. Нарэшце рыхтуецца мне вянок справядлівасці, які ў той дзень дасць мне Пан, справядлівы Суддзя» (2 Цім 4, 7–8). Зямное служэнне Архіепіскапа Арцемія было адзначана многімі царкоўнымі ўзнагародамі.
Архіепіскап Арцемій пакінуў зямны свет у тыдзень, калі Праваслаўная Царква працягвае святкаваць свята Светлага Хрыстова Уваскрасення, спяваючы «Хрыстос уваскрос з памерлых, смерцю смерць зваяваў і тым, хто ў магілах, жыццё дараваў». Далучаючыся да Вас у малітвах за вернага слугу Хрыстовага, новапрастаўленага Архіепіскапа Арцемія, просім Хрыста Уваскрослага, каб Ён сам быў для Уладыкі найвышэйшай узнагародай за ўсё зямное служэнне, а душа яго каб знайшла вечны спачын у месцы «дзе ўсе святыя Твае знаходзяць спакой».
✠Алег Буткевіч
Віцебск, 22 красавіка 2023 г.
Паводле Catholic.by Вярнуцца назад |