Пошук

Каляндар

 

Папа Францішак стварыў Апостальскую Адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі  


Папа Францішак стварыў Апостальскую Адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі30 сакавіка 2023 года Святы Айцец Папа Францішак стварыў Апостальскую Адміністратуру для католікаў візантыйскага абраду ў Беларусі і прызначыў Ардынарыем гэтай Апостальскай Адміністратуры Высокадастойнага архімандрыта Яна Сяргея Гаека МІС (без біскупскага сана), які да гэтага часу быў Апостальскім візітатарам для гэтых вернікаў.

 

Пра вышэйзгаданае прызначэнне было паведамлена ў Рыме сёння, 30 сакавіка 2023 года, а 12-й гадзіне (па цэнтральнаеўрапейскім часе).

 

 

Біяграфія
Высокадастойнага архімандрыта Яна Сяргея Гаека MIC


Нарадзіўся 8 лютага 1949 года ў Лышкавіцы каля Ловіча (Польшча).

 

У 1963 годзе скончыў Лышкавіцкую пачатковую школу, а праз чатыры гады — ліцэй у Ловічы.

 

Пасля заканчэння ліцэя ўступіў у Кангрэгацыю айцоў марыянаў, прыняўшы манаскае імя Сяргей.

 

З 1967 па 1974 год вучыўся на тэалагічным факультэце Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта, а потым у Папскім усходнім інстытуце ў Рыме, дзе атрымаў доктарскую ступень у 1983 годзе.

15 жніўня 1973 г. даў вечныя абяцанні ў Кангрэгацыі айцоў марыянаў, а 23 чэрвеня наступнага года (1974) атрымаў прэзбітэрскае пасвячэнне.

 

Пасля пасвячэння служыў у лацінскай парафіі ў Глухалазах і супрацоўнічаў з візантыйскай парафіяй у Кастамлотах (Польшча).

 

З 1983 па 1999 год выкладаў усходняе багаслоўе ў Экуменічным інстытуце Люблінскага каталіцкага ўніверсітэта.

 

У 1993 годзе Папа Ян Павел ІІ прызначыў яго Апостальскім візітатарам для каталікоў усходняга абраду ў Беларусі. У 1996 г. узведзены ў сан архімандрыта.

 

30 сакавіка 2023 года Папа Францішак стварыў Апостальскую Адміністратуру для католікаў усходняга абраду ў Беларусі і прызначыў архімандрыта Сяргея Гаека Апостальскім Адміністратарам гэтай структуры.

 

Паводле Catholic.by

 


30.03.2023

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier