Беларускія грэка-католікі традыцыйна карыстаюцца тэкстам
Акафіста святым апосталам Пятру і Паўлу – з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны.
ДЗЕНЬ VIІ (27.06)
Кандак 7 (Пятра)
Прыйшоўшы ў горад Лідду, ты ўсіх там задзівіў, аздаравіўшы імем Ісуса хворага, што восем гадоў ляжаў на пасьцелі сваёй; у Ёпіі ж ты, блаславёны апостале Пятро, прыхіліўся да просьбаў і памерлую Тавіту малітваю да жыцьця вярнуў. Пакліканы ў Кесарыю, ты Карніла і ўсіх хатніх ягоных боскім хрышчэньнем прасьвятліў, так што ўсе разам усклікнулі: Алілуя.
Ікас 7
Выкрыўшы срэбралюбны нораў ненасытнага Сымона чараўніка, які хацеў купіць ласку Духа Сьвятога за нячыстае золата, сабранае чарамі, ты, Пятро апостале, аддаў яго на загубу разам з срэбрам ягоным. Мы ж, выбавіўшыся ад такога няшчасьця, клічам:
Радуйся, Пятро, любы апостале Ісуса, дзеля якога ты пакінуў прынады сьвету;
Радуйся, намесьнік Божы, што дзеля Яго палюбіў духоўнае;
Радуйся, посуд пазалочаны, поўны вялікіх тайніцаў Хрыстовых;
Радуйся, лекару, што нерукатворнымі лекамі ацаляеш нас грэшных;
Радуйся ты, што выкрыў срэбралюбны нораў Ананьні і аддаў яго наглай сьмерці;
Радуйся ты, што Сапфору, жонку ягоную і саўдзельніцу ў нядобрай справе, на такі самы лёс асудзіў;
Радуйся ты, што ў царкоўным служэньні грэх срэбралюбства адрэзаў;
Радуйся ты, што да сьціплага жыцьця дзеля Хрыста ўсіх заахвочваў;
Радуйцеся, любыя апосталы, Пятро і Паўле, прапаведнікі веры Божае;
Радуйцеся, дзьве салодкія крыніцы, што пояць душы грэшныя;
Радуйцеся, Богам умацаваныя дванаццаць апосталаў, пасланыя абвяшчаць уваскрасеньне Хрыстова;
Радуйцеся, дванаццаць вояў, што перамаглі бязьлікае зборышча люцыпарава;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
ДЗЕНЬ VIІІ (28.06)
Кандак 8 (Паўла)
Дасягнуўшы трэцяга неба дзякуючы праваце розуму і цялеснай чысьціні і будучы ўзбагачаным невыказнымі дараваньнямі, ты, блаславёны апостале Паўле, зышоўшы адтуль, узбагаціў нас, зьбяднелых, навучыўшы багаразуменьню. Дзеля гэтага мы, верныя Хрыстовыя, разам клічам: Алілуя.
Ікас 8
Мноства ранаў ад біцьця палкаю і ад частага каменяваньня цела тваё з радасьцю перацярпела дзеля салодкага Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле; дый тых, што ўверылі ў Хрыста, ты навучаў дабравольна пераносіць усякія цяжкасьці дзеля Яго. Таму клічам цябе:
Радуйся, Паўле апостале, што перанёс раны на целе сваім з радасьцю дзеля Госпада;
Радуйся, дыяманце, сільны духам і розумам, што застаўся непахісным перад сынамі Ізраільскімі, перад уладарамі і ўсімі народамі;
Радуйся ты, што перад мудрацамі і настаўнікамі закону паказаўся непераможным настаўнікам;
Радуйся, Богам любімы апостале Паўле, разумнае сонца прасьвятленьне;
Радуйся ты, што вучэньнямі тваімі быццам праменямі уздымаеш тых, што ў цемры няведаньня;
Радуйся ты, што сам многія душакарысныя лісты да народаў і гэбраяў напісаў;
Радуйся ты, што многіх паганаў да праўдзівай веры ў Хрыста Ісуса навярнуў;
Радуйцеся, апосталы Пятро і Паўле, што ўсім народам Слова Божае прапаведуеце;
Радуйцеся, што, быццам дзьве вясёлкі, аб'яўляеце супакой і цішыню пасьля дажджу гневу Божага;
Радуйцеся, Богам упрыгожаныя дванаццаць апосталаў, пасланыя на прапаведаваньне хрышчэньня для адпушчэньня грахоў;
Радуйцеся, дванаццаць жэзлаў, што скрышылі ўсякую сілу бесаўскую;
Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.