Парафія сьвятога Язэпа > Навіны > На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 27-28 чэрвеня
На шляху да свята Апосталаў Пятра і Паўла: 27-28 чэрвеня27.06.2022. |
|
Акафіста святым апосталам Пятру і Паўлу – з «Падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны.
ДЗЕНЬ VIІ (27.06) Кандак 7 (Пятра) Прыйшоўшы ў горад Лідду, ты ўсіх там задзівіў, аздаравіўшы імем Ісуса хворага, што восем гадоў ляжаў на пасьцелі сваёй; у Ёпіі ж ты, блаславёны апостале Пятро, прыхіліўся да просьбаў і памерлую Тавіту малітваю да жыцьця вярнуў. Пакліканы ў Кесарыю, ты Карніла і ўсіх хатніх ягоных боскім хрышчэньнем прасьвятліў, так што ўсе разам усклікнулі: Алілуя.
Ікас 7 Выкрыўшы срэбралюбны нораў ненасытнага Сымона чараўніка, які хацеў купіць ласку Духа Сьвятога за нячыстае золата, сабранае чарамі, ты, Пятро апостале, аддаў яго на загубу разам з срэбрам ягоным. Мы ж, выбавіўшыся ад такога няшчасьця, клічам: Радуйся, Пятро, любы апостале Ісуса, дзеля якога ты пакінуў прынады сьвету; Радуйся, намесьнік Божы, што дзеля Яго палюбіў духоўнае; Радуйся, посуд пазалочаны, поўны вялікіх тайніцаў Хрыстовых; Радуйся, лекару, што нерукатворнымі лекамі ацаляеш нас грэшных; Радуйся ты, што выкрыў срэбралюбны нораў Ананьні і аддаў яго наглай сьмерці; Радуйся ты, што Сапфору, жонку ягоную і саўдзельніцу ў нядобрай справе, на такі самы лёс асудзіў; Радуйся ты, што ў царкоўным служэньні грэх срэбралюбства адрэзаў; Радуйся ты, што да сьціплага жыцьця дзеля Хрыста ўсіх заахвочваў; Радуйцеся, любыя апосталы, Пятро і Паўле, прапаведнікі веры Божае; Радуйцеся, дзьве салодкія крыніцы, што пояць душы грэшныя; Радуйцеся, Богам умацаваныя дванаццаць апосталаў, пасланыя абвяшчаць уваскрасеньне Хрыстова; Радуйцеся, дванаццаць вояў, што перамаглі бязьлікае зборышча люцыпарава; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету.
ДЗЕНЬ VIІІ (28.06) Кандак 8 (Паўла) Дасягнуўшы трэцяга неба дзякуючы праваце розуму і цялеснай чысьціні і будучы ўзбагачаным невыказнымі дараваньнямі, ты, блаславёны апостале Паўле, зышоўшы адтуль, узбагаціў нас, зьбяднелых, навучыўшы багаразуменьню. Дзеля гэтага мы, верныя Хрыстовыя, разам клічам: Алілуя.
Ікас 8 Мноства ранаў ад біцьця палкаю і ад частага каменяваньня цела тваё з радасьцю перацярпела дзеля салодкага Ісуса, Богам пакліканы апостале Паўле; дый тых, што ўверылі ў Хрыста, ты навучаў дабравольна пераносіць усякія цяжкасьці дзеля Яго. Таму клічам цябе: Радуйся, Паўле апостале, што перанёс раны на целе сваім з радасьцю дзеля Госпада; Радуйся, дыяманце, сільны духам і розумам, што застаўся непахісным перад сынамі Ізраільскімі, перад уладарамі і ўсімі народамі; Радуйся ты, што перад мудрацамі і настаўнікамі закону паказаўся непераможным настаўнікам; Радуйся, Богам любімы апостале Паўле, разумнае сонца прасьвятленьне; Радуйся ты, што вучэньнямі тваімі быццам праменямі уздымаеш тых, што ў цемры няведаньня; Радуйся ты, што сам многія душакарысныя лісты да народаў і гэбраяў напісаў; Радуйся ты, што многіх паганаў да праўдзівай веры ў Хрыста Ісуса навярнуў; Радуйцеся, апосталы Пятро і Паўле, што ўсім народам Слова Божае прапаведуеце; Радуйцеся, што, быццам дзьве вясёлкі, аб'яўляеце супакой і цішыню пасьля дажджу гневу Божага; Радуйцеся, Богам упрыгожаныя дванаццаць апосталаў, пасланыя на прапаведаваньне хрышчэньня для адпушчэньня грахоў; Радуйцеся, дванаццаць жэзлаў, што скрышылі ўсякую сілу бесаўскую; Радуйцеся, Пятро і Паўле, два вялікія сьветачы, устаноўленыя Хрыстом для ўсяго сьвету. Вярнуцца назад |