11 красавіка 2022 года у Ватыкане былі абнародаваны тэксты малітваў і разважанняў да Крыжовага шляху, які Папа ўзначаліць у Вялікую пятніцу ў рымскім Калізеі.Матэрыялы да набажэнства сёлета рыхтавалі сем’і: пара маладажонаў, сям’я, якая знаходзіцца на місіі, пажылыя сужонкі без дзяцей, шматдзетная сям’я, сям’я з дзіцём з інваліднасцю, прыёмная сям’я, удава з дзецьмі, сям’я, у якой сын прыняў сакрамэнт пасвячэння, сям’я, якая згубіла дзіця, сям’я мігрантаў і іншыя.
Разважанне і малітву да трынаццатай стацыі – “Езус памірае на крыжы” – напісалі сем’і з Украіны і Расіі. У іх гучыць жах і роспач, выкліканыя вайной. “Навокал смерць. Жыццё, здаецца, губляе каштоўнасць. Існаванне, штодзённасць, бестурботны зімовы снег, паходы за дзецьмі ў школу, праца, абдымкі, сяброўства... Усё раптам губляе сваю каштоўнасць. “Дзе Ты, Пане? Дзе Ты хаваешся? Мы хочам нашага ранейшага жыцця. Чаму ўсё гэта? У чым мы правініліся? Чаму Ты пакінуў нашы народы? Чаму нашы зямлі сталі цёмнымі, як Галгота? Больш няма слёз. Гнеў саступіў месца роспачы. Мы ведаем, што Ты любіш нас, Пане, але не адчуваем гэтай любові і гэта зводзіць нас з розуму. Мы прачынаемся раніць і радуемся некалькіх імгненняў, а потым адразу ўспамінаем як цяжка нам будзе прымірыцца. Пане, дзе Ты? Прамоў у цішыні смерці і падзелаў і навучы нас ствараць мір, быць братамі і сёстрамі, аднавіць тое, што жадаюць знішчыць бомбы”, - гаворыцца ў тэксце разважання.
У малітве гучыць заклік да Езуса, “з прабітага боку якога вылілася прымірэнне для ўсіх”, каб выслухаў пакорныя галасы, што ўзносяцца да Яго, “адарыў верай у моц прабачэння сем’і, знішчаныя слязьмі і крывёй” і дазволіў усім нам будаваць мір і згоду.
Аляксандр Панчанка – Vatican News