Пошук

Каляндар

 

Усеўкраінская Рада Цэркваў скіравала Зварот да рэлігійных лідараў Беларусі  


Усеўкраінская Рада Цэркваў скіравала Зварот да рэлігійных  лідараў Беларусі9 сакавіка Усеўкраінская Рада Цэркваў і рэлігійных арганізацый скіравала Зварот да рэлігійных лідараў Рэспублікі Беларусь пра недапушчальнасць уцягвання беларускага войска ў вайну супраць Украіны.

 

У Звароце, апублікаваным на ўкраінскай, беларускай і рускай мовах, адзначаецца, што «гэтая вайна прынесла Украіне шмат пакут, разбурэнняў, гібелі мірных жыхароў і дзяцей, а таксама вымусіла ратавацца ад абстрэлаў больш за два мільёны грамадзян Украіны, якія сталі бежанцамі».

 

«Асабліва балюча ўсведамляць, што ракетна-бомбавыя ўдары па мірных украінскіх гарадах Кіеўскай, Чарнігаўскай, Ровенскай і іншых вобласцяў, а таксама ўварванне сухапутных войскаў РФ на суверэнную тэрыторыю Украіны адбываюцца з тэрыторыі Рэспублікі Беларусь. Іншым, яшчэ больш цынічным і жорсткім крокам можа стаць спроба ўцягнуць беларускае войска ў непасрэдны ўдзел у вайне супраць Украіны <…>. Дзеля будучыні нашых народаў такога жахлівага развіцця падзей у аніякім разе нельга дапусціць», — падкрэсліваецца ў Звароце.

 

Яго аўтары асцерагаюць, што «ў выпадку далучэння войска Рэспублікі Беларусь да вайны супраць Украіны лавіна пакут накрые тысячы беларускіх сем’яў».

 

«Таму заклікаем вас, браты і сёстры па веры, праявіць страх перад Богам, Яго справядлівым і непазбежным судом, а таксама выкарыстоўваць свой аўтарытэт рэлігійных лідараў, каб не дапусціць уцягвання беларускага войска ў вайну супраць Украіны.

 

Ад вашай міратворчай пазіцыі сёння залежаць тысячы жыццяў і надзея на хуткае завяршэнне цяперашняй вайны, якую развязала не Беларусь», — сказана ў дакуменце, які падпісаў Старшыня Усеўкраінскай Рады Цэркваў і рэлігійных арганізацый, прэзідэнт Украінскага біблейскага таварыства Грыгорый Камендант.

 

Варта нагадаць, што ў сваім Звароце ад 3 сакавіка каталіцкія біскупы Беларусі ўжо выступілі з такой пазіцыі: «Мы молімся і просім, каб тыя, ад каго гэта залежыць, не дапусцілі, каб нашая краіна прымала ўдзел у гэтай вайне».

 

Паводле Catholic.by


11.03.2022

Copyright 2008 Язэп.org
Пры выкарыстаньні матэрыялаў пажадана спасылка.
Design by Zmicier