8 ліпеня 2021 споўнілася 160 гадоў з дня нараджэння Магдалены Радзівіл – мецэнаткі беларускага рэлігійнага і нацыянальнага адраджэння.
У гэты дзень у мінскім касцёле Святой Тройцы (на Залатой Горцы) - дзе захоўваецца ўрна з яе прахам - Паніхіду за супакой душы спачылай Магдалены адслужыў архім. Сяргей (Гаек).
Заўпакойная Літургія будзе служыцца ў храме грэка-каталіцкай парафіі Праведнага Язэпа у пятніцу, 9 ліпеня 2021, у 18:30.
+++
"Учынкі іх ідуць за імі" (Адк 14:13)
Магдалена Радзівіл нарадзілася 8 ліпеня (26 чэрвеня) 1861 года ў Варшаве.
Справа духоўнага адраджэння Беларусі была для Магдалены адной з найважнейшых.
Яна сама была шчырай верніцай-каталічкай, прыхільніцай усходняга абраду i рупілася аб пабудове грэка-каталіцкай царквы ў Менску, але не атрымала на тое дазволу гарадскіх уладаў.
Пасылала грошы на набыццё беларускіх кніг для Духоўнай каталіцкай акадэміі ў Пецярбургу, дзе вучылася цэлая грамада будучых беларускіх святароў.
Пры фінансавай падтрымцы Магдалены быў выдадзены першы беларускі малітоўнік „Бог з намі”.